БХД — за дэмаграфічную бяспеку

Аргкамітэт па стварэнню Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі распачаў маштабную кампанію па абароне сямейных каштоўнасцяў “Моцная сям’я — моцная Беларусь. Кампанія, безумоўна, пазітыўная і карысная, але адначасова даволі наіўная. Бо вымагае не толькі заканадаўчых ды этычна-маральных захадаў з боку органаў улады, але і вялікіх фінансавых выдаткаў.



Аргкамітэт па стварэнню Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі распачаў маштабную кампанію па абароне сямейных каштоўнасцяў “Моцная сям’я — моцная Беларусь. Кампанія, безумоўна, пазітыўная і карысная, але адначасова даволі наіўная. Бо вымагае не толькі заканадаўчых ды этычна-маральных захадаў з боку органаў улады, але і вялікіх фінансавых выдаткаў.


Адной з надзённых праблем сённяшняй Беларусі актывісты БХД лічаць масавую колькасць абортаў. У якасці доказу прыводзіцца афіцыйная статыстыка Міністэрства аховы здароўя: штогод у клініках праводзіцца больш за 60 тысяч абортаў. Адмена забароны на аборты ў 1954–1955 гадах значна скараціла нараджальнасць: з 222 тысяч дзяцей у 1960 годзе да 108 тысяч у 2008-м. Ужо больш за 15 гадоў краіна знаходзіцца ва ўмовах дэпапуляцыі. За апошняе дзесяцігоддзе беларусаў стала менш на 400 тысяч, устойлівы спад надышоў з 1994 года.



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнню БХД Аляксей Шэйн гаворыць, што віной таму паступовая дэградацыя маралі сучаснага беларускага грамадства. За 2007 год колькасць зарэгістраваных шлюбаў зменшылася на 9,8 працэнта, а колькасць разводаў узрасла на 15,2 працэнта. На кожную тысячу шлюбаў прыходзіўся 721 развод. У Мінску за першыя сем месяцаў мінулага года на 7842 шлюбы прыйшлося 4702 разводы. Яшчэ адным паказчыкам таго, што ў беларусаў з мараллю слабавата, хрысціянскія дэмакраты лічаць павелічэнне колькасці дзяцей, народжаных па-за шлюбам: у параўнанні з 70-мі гадамі мінулага стагоддзя, колькасць дзяцей, народжаных у няпоўных сем’ях, узрасла ў тры разы і штогод складае каля 20 тысяч.



Акрамя праблемы ненароджаных дзяцей і няпоўных сямей, БХД звяртае ўвагу і на масавую алкагалізацыю жыхароў Беларусі. У 2008 годзе, паводле дадзеных намесніка міністра гандлю Беларусі Міхаіла Свянціцкага, спажыванне алкаголю на душу насельніцтва склала 12,5 літра чыстага спірту, у той час як па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя спажыванне алкаголю звыш 8 літраў вядзе да дэградацыі нацыі. У 2005 годзе гэтая лічба складала 9,4 літра на чалавека ў год. Спецыялісты сцвярджаюць, што каля 30 працэнтаў беларусаў у той ці іншай ступені хворыя на алкагалізм. Алкагалізм — страшная праблема, што разбурае асобу чалавека і руйнуе яго сям’ю: гэта прычына вялікай колькасці разводаў і сацыяльнага сіроцтва.



У межах дэмаграфічнай кампаніі аргкамітэт БХД накіраваў зварот прэзідэнту Беларусі, у Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, міністэрствы аховы здароўя, гандлю і адукацыі з просьбай прыняць адпаведныя меры і перагледзець шэраг пунктаў беларускага заканадаўства, што стварыла б умовы для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. У прыватнасці прапануецца скараціць тэрмін цяжарнасці, калі дапускаецца свабоднае ажыццяўленне аперацый па штучнаму перарыванню цяжарнасці, з 12 да 10 тыдняў, увесці для лекараў права адмовіцца ад правядзення аборту па маральна-этычных перакананнях, арганізаваць інфармацыйную кампанію пра шкоду абортаў, алкаголю і тытуню для падлеткаў і моладзі. Прадугледзець дапамогу за дзіцём у памеры сярэдняга заробку на кожнае дзіця да пяці год і па 0,5 сярэдняга заробку да 10 гадоў.



Для барацьбы з алкагалізмам актывісты БХД прапануюць цалкам забараніць рэкламу алкаголю і тытуню, а таксама фірм, якія маюць дачыненне да іх вырабу, забараніць продаж алкаголю пасля 19.00 і ў святочныя дні, а тытунёвыя вырабы зняць з вітрын і прадаваць іх толькі на запыт пакупніка.



Мэта кампаніі — скараціць колькасць абортаў цягам бліжэйшых гадоў на 10–20 працэнтаў, колькасць разводаў — на 10 працэнтаў, а таксама давесці да беларусаў інфармацыю пра адказнасць за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх.



Калі прапановы ў частцы дэмаграфічнай палітыкі падаюцца больш-менш ажыццяўляльнымі, хаця ўзнікаюць вялікія сумневы, што дзяржава раскашэліцца на такую фінансавую падтрымку для бацькоў (а менавіта фінансавыя праблемы для многіх жанчын становіцца вырашаючым, калі з’яўляецца пытанне нараджаць ці не нараджаць дзіця), то антыалкагольныя і антытытунёвыя захады наўрад ці магчыма рэалізаваць бліжэйшым часам хаця б таму, што дзяржава атрымлівае вялікі прыбытак ад гандлю таварамі гэтай групы. А фірмы, якія займаюцца іх вытворчасцю і рэалізацыяй, маюць добрае лобі і зробяць усё магчымае, каб не страціць рынкі збыту і сваю групу пакупнікоў.

Каментаваць