Бібліяноч у Гомелі: ад рэтра да фэнтэзі (шмат фота)

Гомельская цэнтральная бібліятэка імя Герцэна правяла 10 верасня фэст “БібліяFusion2015”, прымеркаваны да Дня бібліятэк і Года моладзі.



Вялікі натоўп, што згуртаваўся ў прадчуванні свята было бачна здалёк — ходнікі галоўнай вуліцы Гомеля не маглі змясціць усіх ахвотных. А паглядзець сапраўды было на што. Распачаў забаўляць наведнікаў мім-дуэт “Без словаў” які асабліва спадабаўся маленькім чытачам. 
Для аматараў кніг любога ўзроста сёлетняя бібліяноч прадставіла вялікі набор забаўленняў спалучыўшы вельмі шырокі спектр цікавостак і дзеянняў.
 
 
Таццяна Савельева, дырэктар цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Герцэна:
 
 
"Асаблівасць сёлетняй Бібліяночы ў тым, што яна прысвечана Году моладзі, і мы ўсю праграму сваю пабудавалі на тым, што па нашым меркаванні цікава зараз моладзі. Пры гэтым мы хацелі б распавесці пра тое што было цікава моладзі ў 60-х, 80-х, 90-х гадах пачынаючы ад літаратурных упадабанняў да музычных і танцавальных інтарэсаў".
 
Распачатая ў гэтым годзе акцыя “Сэлфі з кнігай” была ўвасобленая ў “фотасушку” здымкаў чытачоў з іх улюбёнымі кнігамі . Аматары аўтарскай песні ды паэзіі маглі сустрэць на пляцоўцы “У коле сяброў” вядомых гомельскай публіцы аўтараў: музыку Вячаслава Клімовіча, драматурга і пісьменніка Васіля Ткачова, паэтаў Наталлю Іванаву, Сяргея Зянькова ды Стасю Кацюргіну.
 
 
Далучылася да бібліяночы і антыкавярня “Sweet home”, што пераўтварыла адну з заляў у вельмі ўтульнае нефармальнае месца з магчымасцю згуляць у настольныя гульні, пазабаўляцца на прыстаўцы X-box або пагаманіць з сябрамі ва ўтульнай атмасферы.
 
 
Для дзяцей дзейнічалі разнастайныя матывуючыя гульні і адмысловы квэст па кнігах жанру «фэнтэзі», падчас якога яго ўдзельнікі апынуліся ў кнігасховішчы, дзе ўсе дзверы зачыненыя і ёсць толькі падказкі-схованкі, каб з яго выбрацца.
 
 
Якім Гомель быў раней і чым жыла моладзь былых дзесяцігоддзяў можна было ўбачыць у музеі аўтографа, што месціцца ў бібліятэцы. Тут была адкрытая да агляду выстава акварэляў Івана Мядзведзева, які зафіксаваў выгляд горада ў 60-я гг. Сваю калекцыю парцалянавых статуэтак савецкага перыяду прадставілі Алена Сакалова і Тамара Падразэнка.
 
 
Адну з найбольш адметных выстаў прадставіла ўвазе публікі фатограф Ганна Пашчанка, што працуе ў “Гомельскіх ведамасцях” а ў вольны час актыўна вядзе свій instagram-акаўнт. Менавіта ўзятыя адтуль здымкі і былі ўвасобленыя ў першую ў горадзе выставу мабілаграфіі #instamir , выставу здымкаў, зробленых на мабільны тэлефон.
 
 
Ганна Пашчанка, аўтар выставы #instamir:
 
 
"Мне хацелася зрабіць штосьці арыентаванае на моладзь, таму я і вырашыла зрабіць першую ў Гомелі выставу мабілаграфіі. Усё тое, што я падабрала нават не ўвайшло на выставу, таму я выбірала тое, што мне больш падабаецца.
 
 
Я лічу, што розніцы ў тым, на што зроблены здымак няма. Гэта можа ў роўнай ступені быць і здымач і мабільны тэлефон. Для мяне інстаграм гэта нешта больш для душы, а тое, што я раблю здымачом – праца".
 
 
Такі новы накірунак як мабілаграфія набірае апошнім часам папулярнасць і выходзіць з кожным годам на новы ўзровень. Шматлікія сусветныя конкурсы фатаздымкаў нават ствараюць цяпер адмысловыя катэгорыі для здымкаў, зробленых на камеру мабільнага тэлефона. Апошнім часам нярэдкімі сталі выпадкі, калі вокладкі сусветна вядомых часопісаў і газетаў упрыгожвалі здымкі, зробленыя такім “несур’ёзным” чынам. 
 
 
Пералік даступных да агляду і ўдзелу забаваў можна было б весці бясконца. “Герцэнка” зладзіла косплэй-перформанс літаратурных герояў, прадставіла ўвазе публікі дзіцячы боды-арт “Happyface” ды спектакль “Тры парася: мінула30 гадоў”, цешыла слых меламанаў вядомымі хітамі ад кавер-бэнда “Б-52”. У змаганні за свайго чытача ў “бой” ішлі ўсе даступныя сродкі.
 
 
Таццяна Савельева, дырэктар цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Герцэна:
 
 
"На сённяшні дзень невялікая зацікаўленасць моладзі ў чытанні, у наведванні бібліятэк сапраўды ўжо стала праблемай. Маладыя людзі прызвычаіліся ў сілу рытма нашага жыцця і тых пытанняў, якія яны вырашаюць штодня да пэўнага “кліпавага” мыслення, адрывачнага чытання. Для таго каб прыцягнуць іх да гэтага працэсу мы імкнемся выкарыстоўваць вось такія невялічкія элементы  сучасных формаў камунікацыі моладзі з інфармацыяй. Мы імкнемся паглыбіць іх інтарэс да кнігі і чытання.
 
 
Вось сёння прадставілі сапраўднае дэфіле кніжных герояў, задзейнічалі ў гэтым і косплэй-калектывы. Магчыма камусьці менавіта такім чынам спадабаецца герой знешне а потым ён і кнігу прачытае па гэтых слядах.
 
 
Канешне Бібліяноч гэта перш за ўсё іміджавае мерапрыемства на якім мы хочам сказаць што ў бібліятэцы на сённяшні дзень магчыма ўсё. Бібліятэка гэта не толькі атрыманне інфармацыі на традыцыйных або электронных носьбітах, але і гэта месца дзе можна з задавальненнем і інтарэсам правесці час з людзьмі з досыць высокім узроўнем інтэлекта.
 
 
Застаецца спадзявацца, што высілкі, якія прыкладваюць сучасныя бібліятэкі для прыцягвання чытачоў да чытання не застануцца марнымі і ў штодзённасці".
 
 
Ганна Паўлюк, наведніца:
 
 
"Я лічу, што ў ХХІ стагоддзі людзі заходзяць у бібліятэку толькі каб напісаць курсавую працу або дыплом. На мой погляд людзей трэба прывабліваць сучаснай літаратурай, правядзеннем розных мерапрыемстваў, сустрэч з пісьменнікамі ды паэтамі. Трэба ладзіць як мага больш такіх сучасных мерапрыемстваў. Неабходна ў людзей з дзяцінства выпрацоўваць пэўны рэфлекс хаджэння ў бібліятэкі. Нельга вось так узяць і навучыць 30-цігадовага чалавека што гэта клёва –  хадзіць у бібліятэку. Ён мусіць з шасцігадовага ўзроста ведаць што бібліятэка гэта супер і файна".
 

Каментаваць