"Біць трэба гэтых прадпрымальнікаў!" На плошчы ў Гродне застаюцца самыя стойкія

Чарговая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Гродне ў апошні дзень зімы, сабрала крыху больш за 20 чалавек. Прадпрымальнікаў на плошчу выходзіць усё менш, затое па некалькі чалавек падцягваюцца простыя людзі, якія выступаюць ужо не за пачатковую ідэю — адмена ўказа №222, а за справядлівасць і раўнапраўе.



Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня прадпрымальнікі планавалі зладзіць у горадзе марш пратэсту з транспарантамi і рознымі лозунгамі. Але насамрэч тыя, хто задумаў гэтую акцыю, ужо паступова выходзяць на рынкі працаваць. А на плошчу прыходзяць пенсіянеры і моладзь.

"Навошта ўсё трэба было пачынаць? — задае пытанне Аляксандр. — Біць трэба гэтых прадпрымальнікаў, якія яшчэ тры тыдні таму казалі адно, а сёння ўжо з дакументамі гандлююць. Шчыра скажу, у іх усё ліпавае, нармальныя дакументы толькі ў адзінак. Чаму зараз адны павінны адстойваць правы прадпрымальнікаў i не працаваць, а іншыя спакойна пачынаюць гандляваць? Сорамна мне за такіх калег".

З дваццаці чалавек, якія выйшлі на плошчу, амаль палова была звычайнымі гараджанамі, якія чамусьці былі ўпэўненыя, што акцыя ўжо не толькі для прадпрымальнікаў, але і для ўсіх незадаволеных становішчам у краіне. У ліку іх быў і старшыня гродзенскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алег Рамашкевіч.

"Я выйшаў адзін, гэта мая пробная акцыя. Прадпрымальнікаў трэба падтрымліваць, бо гэта будучыня эканомікі нашай дзяржавы. Мы маем трэці крызіс запар, калі раней яшчэ ўдавалася неяк праслізнуць, то цяпер наступствы могуць быць значна больш сур'ёзныя. Людзі павінны адстойваць свае правы і павінны аб'ядноўвацца".

Прадпрымальнікі на плошчы заяўляюць, што ў іх няма лідара ў Гродне, а апазіцыя, калі далучыцца, магчыма неяк аб'яднае народ і паставіць канкрэтныя мэты.

"Я не бачу нічога дрэнна ў тым, што на плошчу выходзяць прадстаўнікі палітычных партый. Успомніце колькі ў нас было чалавек на акцыях пратэсту ў 1990-х і ў пачатку 2000-х. Тады мы нешта маглі, а зараз людзі баяцца... Нам патрэбны лідар, які будзе аб'ядноўваць і каардынаваць", — распавяла пенсіянерка Тамара Валянцінаўна.

Акцыя пратэсту доўжылася менш за гадзіну. Але ўдзельнікі не лічаць яе правальнай. Яны вераць, што ў гэтай краіне яшчэ нешта можна змяніць і гатовы зноў выйсці ў наступны панядзелак.

“Твой стыль” 

Каментаваць