Белае маўчанне

Гамяльчук Віктар Савіч у ноч на 16 сакавіка, калі ў краіне бушаваў цыклон «Хаўер», выпадкова апынуўся на трасе Гомель—Мінск. Вось як запомнілася яму тое падарожжа.



Кожны, хто хоць раз купляў квіток на цягнік па маршруту Гомель—Мінск, выдатна ведае, што задача гэтая няпростая: білетаў увесь час бракуе. І таму, калі ў пятніцу мне тэрмінова спатрэбілася ў сталіцу, рашэнне прыйшло спантанна: еду аўтаспынам. Дзесьці апоўдні я выйшаў на трасу.

Літаральна праз 10 хвілін я ўжо знаходзіўся ў кабіне старэнькага 4-тоннага «мерседэса». Нягледзячы на шквалісты вецер і моцны снег з дажджом, ехалі мы даволі хутка, шмат у чым дзякуючы выведзенай тэхніцы: ад Гомеля да Жлобіна мы двойчы абганялі калону снегаачышчальнікаў... Але наступны грэйдэр я пабачыў толькі праз 13 гадзін, які… нерухома застыў на ўзбочыне.

Праблемы пачаліся з першага бабруйскага кальца: дарожнае пакрыццё было моцна замецена, машыны змяншалі хуткасць, ушчыльняўся паток, але не было нават ніякага намёку на спецтэхніку. Стыхія надышла, як заўсёды, «нечакана», улады былі, як заўсёды, «не гатовыя»…

Я мусіў пакінуць «свой мерседэс», кіроўца якога змяніў маршрут. Нямелі рукі, калелі ногі, золкі вецер праймаў наскрозь. Сітуацыя прымала сур’ёзны абарот, і я звяртаўся да кожнага беларускага кіроўцы, які стаяў у заторы. Аднак землякі нязменна знаходзілі прычыну адмовіць, да машын з замежнымі нумарамі я і не падыходзіў.

Мне спатрэбілася больш за паўтары гадзіны, каб дабрацца да пачатку калоны, дзе адзінокі калгасны трактар выйшаў на няроўны бой з магутнай стыхіяй. Да таго моманту, як прабілі каляіну, мая адзежа ўжо пакрылася парай міліметраў лёду, так што кожны рух ламаў «знешняе покрыва» і даваўся вельмі складана. Думаю, што ў святле фар сустрэчных аўтамабіляў я нават блішчэў, але гэта ніяк не ўплывала на сумленне кіроўцаў, я так і заставаўся галасаваць на ўскраі.

Як не дзіўна, але першая ж машына з замежным нумарам спынілася. Дакладней, праехала міма, але потым кіроўца даў задні ход, рызыкуючы надоўга закапацца ў снезе. Адчыніўшы дзверцы, я дрыготкім ад холаду голасам пралапатаў: «Убок Мінску падвезяце?» Лепшае, што мог пачуць у той момант было: «Мінска? Добже, сядай». Я спрабаваў сказаць, што я зледзянеў і мне трэба абтрэсціся, але кіроўца толькі заслаў на сядушку некалькі ануч і са спачуваннем мовіў: «Надвор’е такое, нічога, сядай».

Першую гадзіну я амаль маўчаў. Лёд на мне растаў, я быў абсалютна мокрым. Паляк толькі зрэдку спачувальна паглядаў на мяне і правяраў працу печкі, якую адразу ж паставіў на максімум. За гэту гадзіну мы прасунуліся не болей за 3–4 кіламетра.

А 16.30 мы спыніліся канчаткова, на шчасце — у нейкай сотні метраў ад кругласуткавага кафэ «ТрактирЪ», дзе купілі цыгарэт і хлеба. Крыху наводдаль — запраўка. Кіроўца дастаў газавую гарэлку, спытаўся «кава ці гарбата?», зрабіў пару бутэрбродаў. Многія з тых, каго стыхія спыніла на дарозе, такога шчасця былі пазбаўленыя. А снег усё ішоў…

Недзе каля 19.00 кіроўца наладзіў сваю рацыю на перамоўную хвалю беларусаў, і мы ўважліва сачылі за падзеямі на трасе ў параўнальным рэжыме: па рацыі — па жывым сведчанням бедакоў, і ў «ружовай» інтэрпрэтацыі беларускіх СМІ. Зразумела, што ніякіх 400 адзінак тэхнікі, выведзеных, па словах афіцыйных СМІ на дарогі, не назіралася на ўсёй трасе ад Бабруйска да сталіцы. Замест абвешчаных на ўсю рэспубліку «гераічных» дзеянняў МНС і войскаў, толькі два разы «праскочыў» усюдыход ды працавала 2 грэйдэры.

Паведамленні пра гарачы чай і кашу, якія нібыта раздаваліся вайскоўцамі, выглядалі хутчэй здзекам, за што атрымалі вельмі крытычную ацэнку паляка: «Кіраўніцтва — к..! Ад жа к…!» Так званыя «пункты абагравання» і зусім прымушалі рацыю збівацца на мацюк: «А нам што рабіць? Нам да бліжэйшага населенага пункта кіламетраў 10, мы стаім 3 гадзіны!»

Наша гутарка канчаткова скацілася да палітыкі, мы ўсё больш пераходзілі на асобы. Да таго ж па рацыі раз-пораз чуліся заклікі «яшчэ раз задумацца аб становішчы ў краіне".

Каля 23.00 міма прайшоў супрацоўнік ДАІ, якога я, па просьбе паляка, спытаўся аб сітуацыі на трасе. Са здзеклівай усмешкай, супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі адказаў: «Не хвалюйцеся! Рушым у 12 гадзін, 38 хвілін, 46 секунд» і пайшоў далей. Услед яму прагучала: «Паліцаі, к...!», Але даішнік, праз гул завірухі, на шчасце, гэтага не пачуў. Зразумеўшы ўсю безвыходнасць сітуацыі, мы паспрабавалі паспаць.

Дзесьці каля 3 гадзін 40 хвілін нас разбудзілі — можна ехаць. Радасці нашай не было мяжы. Але праз пару кіламетраў зноў сталі. Па рацыі разыходзіліся настолькі ж песімістычныя пасланні, наколькі вясёлкавымі яны былі паводле афіцыйных СМІ. Хтосьці з іроніяй прапаноўваў здымаць фільм «Апакаліпсіс», хтосьці аджартоўваўся на адрас улады, але ўсё больш у эфір прабівалася песімістычнае: «Нас тут проста кінулі, мужыкі...»

Пералічваць усё — пальцы сатруцца. Ніякай тэхнікі. Праблемы праезду па адной каляіне вырашаліся «сваімі сіламі», па рацыі. Хтосьці камусьці адліваў бензін. Хтосьці дзяліўся вадой і бутэрбродамі... Мы не ведалі, калі ўсё гэта скончыцца, завея лютавала. У душы назапашвалася горыч крыўды, і я ўсё часцей паўтараў знаёмае мне з польскага слова "ганьба".

Па рацыі невядомы нам кіроўца, са слоў брата, які працуе ў ЖКГ, распавёў, што ім для спецтэхнікі элементарна не выдалі паліва, а на звароты журналістаў загадалі тлумачыць так: «Зламаўся, адпачываю, перакур, абед»... Працавала ж толькі 7 машын...
 

А 16 гадзіне мы ўсё ж дабраліся да кальцавой. Там мяне падабраў добры жыхар з прыгарада, які ехаў у Мінск да свайго знаёмага на ноч, каб на раніцы своечасова паспець на працу. Ён быў сведкам сталічнага затору. Там мерзлі жанчыны, старыя і дзеці, а МНС прыбыло толькі праз 10 гадзін. Выжывалі «сваімі сіламі», хто як мог. Запрашалі грэцца ў машыны, у якіх хапала паліва... Усю дарогу мужчына ледзь не са слязамі на вачах паўтараў: «Як жа так можна, марозіць людзей у мірны час!.. Гэта ж у мірны час, як жа так можна!.. Бардак у краіне... »

Каментаваць