Беларусь–2012: п’ем, выміраем, забіваем…

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі выдаў серыю штогоднікаў. Сухія лічбы абвяргаюць застарэлыя ўяўленні пра стан краіны. Вось цікавосткі, узятыя з сайту статыстычнага камітэту.



1.    Беларусы — не вяскоўцы

Хаця ганаровым святам у краіне застаюцца «Дажынкі», беларусы ўжо даўно не вяскоўцы. Яшчэ з сярэдзіны 1970-х горад пануе над вёскай. У 2012 годзе ў горадзе жыло 75,8% ад усяго насельніцтва.

2.    Гараджанкі цнатлівейшыя за сялянак

Ад 1970 і да 2011 года адсотак дзяцей, народжаных па-за шлюбам, вырас з 7,3 да 19%. Звычайна мяркуецца, што на вёсцы лепей захавалася традыцыйная мараль — але сучаснай беларускай вёскі гэта, верагодна, не тычыцца. У пазашлюбнай цяжарнасці рэй — год за годам — вядуць менавіта сялянкі. У 2005 годзе на сяле, увогуле, траціна ўсіх народжаных дзяцей — пазашлюбная.

3.    Мужчыны тут доўга не жывуць

З 1993 года ў Беларусі пачалося вылюдненне. У 1999 годзе пенсіянераў сталася болей за дзетак. А тры гады таму пачалося і натуральнае змяншэнне людзей працаздольнага веку. І хаця з 2003 года сумарны каэфіцыент нараджальнасці вырас, яго хапае толькі, каб ледзьве аднавіць тры чвэрці насельніцтва.

Што да чаканай працягласці жыцця, то яна дасягнула піку — 72,9 гадоў у сярэдзіне далёкіх 1960-х — і з таго часу не расла. А найбольшая чаканая працягласць жыцця беларускага мужчыны была ўсяго 68,9 гадоў — і тое амаль паўстагоддзя таму. Надалей сітуацыя толькі пагоршылася: у 1999 годзе беларусы жылі ўсяго 62,2 гады. Да 2011 года гэтая працягласць крыху падрасла на 2,5 гады — але сярод краінаў СНД Беларусь фатальная рэкардсменка: жанчыны жывуць на 12 гадоў болей за мужчынаў — і гэта паталагічная розніца.

Найверагоднейшая прычына такога стану — беларускае п’янства.

4.    Самыя пачэсныя алкаголікі

Стэрэатып, што болей за ўсіх п’юць рускія, — няпраўда. Беларусы іх у гэтым яўна пераплюнулі. Колькасць упершыню пастаўленых на ўлік беларускіх алкаголікаў (на 100 тысяч чалавек) амаль у тры разы перавышае колькасць алкаголікаў расійскіх. У 2011 годзе такіх было 287.

Затое ў Беларусі прапіваецца найболей грошай — з усяго СНД. Ані Украіна, ані Расія не здольныя пахваліцца і 2%, што выдаткоўваюцца з сямейнага бюджэту на алкаголь. Беларусь — 2,2%.

Адпаведна, колькасць памерлых ад выпадковых атручванняў алкаголем у краіне расце. Паводле міліцэйскай статыстыкі, толькі з 2007 да 2011 года іх лічба вырасла на траціну.

5.    Срэбра — за злачынствы

З усіх краінаў СНД Беларусь займае другое месца па колькасці зарэгістраваных злачынстваў на кожнага жыхара. У гэтым спісе Беларусь саступае толькі Расіі: у 2011 годзе ў Расіі здзяйснялася па 1 682 злачынствы на 100 тысяч чалавек, у Беларусі — 1 394. А калі браць абсалютную колькасць забойстваў (дый замахаў на забойствы) еўрапейская Беларусь не вельмі розніцца ад азіяцкага Кыргызстану: у 2011 годзе ў Беларусі былі 404 такія выпадкі, у Кыргызстане — 467.

Злачыннасць мае выразную геаграфію: на ўсходзе краіны крыміналу болей. Самыя бандыцкія раёны — Бабруйскі і Аршанскі.

6.    Да нас усё яшчэ едуць

Нягледзячы ні на што, Беларусь выглядае папулярнай для мігрантаў. Статыстыка пакуль не ўлічвае працоўных, якія ўцякаюць у Расію, — калі тыя пакідаюць за сабой беларускую прапіску. Затое, згодна з пашпартнымі звесткамі, у краіну дасюль едуць ахвотней, чым з яе бягуць. У 2011 годзе міграцыйны абмен павялічыў насельніцтва Беларусі на 9 900 чалавек.

Краіны ўцёкаў — заходнія і высокаразвітыя (сярод іх і паспяховая Чэхія).

Паказальна, што міграцыя ў Германію ўжо пераважае міграцыю ў Ізраіль.

А адкуль едуць да нас?

Найболей едуць у Беларусь з Расіі і Украіны. Увогуле, усе краіны-суседкі, дадаюць Беларусі людзей. Беларусь вабіць людзей з краінаў, што ўваходзілі калісьці ў Савецкі Саюз, дый з’явіліся і іншыя гульцы. Сама яскравы — Кітай. У 2011 годзе ён дадаў Беларусі 140 чалавек, апярэдзіўшы Арменію, Кыргызстан, Таджыкістан і Эстонію.

Цікава, што, згодна з перапісамі, колькасць кітайцаў расла ў Беларусі хутчэй за ўсе іншыя групы. За дзесяць гадоў, з 1999 да 2009, яны павялічылі сваю прысутнасць амаль у 22 разы (з 75 чалавек да 1642). Амаль столькі ж у краіне арабаў, але за той жа прамежак часу іх паболела ўсяго ў 2,7 разу.

7.    Беларуская культура амаль як англійская

За 2011 год беларускія цыркі — Беларускі дзяржаўны цырк, што ў Мінску, і Гомельскі — далі 408 прадстаўленняў. Іх наведалі 602,4 тысяч чалавек. У гэты ж год фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы», што праходзіў у Бабруйску, — сабраў на 4 тысячы гледачоў болей за сталічны фестываль «Лістапад». У кінафэсту было ўсяго 25 тысяч цікаўнікаў.

Але ўсіх мусіць пераплюнуць галоўная культурніцкая падзея — «Славянскі базар у Віцебску»: 150 000 гледачоў.

У краіне, што называецца Рэспубліка Беларусь, на беларускай мове друкуецца ўсяго 8,5% кнігаў; і ледзьве адна беларуская кніга прыпадае на 10 000 чалавек. Беларускамоўных кнігаў, брашураў, неперыядычных друкаваных адзінак выдаецца ўсяго ў два разы болей, чым кніг на англійскай мове.

У Беларусі за год з’яўляецца колькі дзясяткаў аддруковак на нямецкай, французскай, іспанскай і нават лацінскай мове. Ёсць асобнікі на мове кітайскай і італьянскай. Але асноўная маса кніжак — пад дзесяць тысяч з адзінаццаці — пакідаюць тыпаграфію з мовай усходняй суседкі на вокладцы.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, пабудаванай за Лукашэнкам, доля ўсіх дакументаў на беларускай мове не перавышае і 3,3%.

Каментаваць