Беларусь пад чарговым Аглядам

Беларусь пройдзе чарговую спецыяльную працэдуру ААН — Універсальны перыядычны агляд (УПА) — 4 мая 2015 года. У рамках гэтага Агляду правяраюцца стандарты і практыка выканання правоў чалавека ў кожнай асобнай краіне, якая ўваходзіць у ААН. Універсальны перыядычны агляд, бадай, адзіны механізм, з якім супрацоўнічаюць беларускія ўлады.



Варта адзначыць, што ўсе краіны абавязаныя прайсці праз гэты працэс на роўных умовах. Гэта аднолькава тычыцца і Беларусі, і Германіі, і ЗША з Гандурасам.

Як распавёў намеснік старшыні незарэгістраванага Праваабарончага цэнтра “Вясна”  Валянцін Стэфановіч, 11 праваабарончых і грамадзянскіх структураў нашай краіны, сярод якіх у тым ліку Беларускі Хельсінскі камітэт (БХК), Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), Цэнтр прававой трансфармацыі, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага ды іншыя, распрацавалі шэраг рэкамендацыяў для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Па словах юрыста, гэтыя рэкамендацыі дапамогуць дзяржавам-удзельніцам Агляду сфакусавацца на сітуацыі ў краіне і больш дакладна сфармуляваць свае прапановы афіцыйнаму Мінску.

Сябры праваабарончых арганізацый Беларусі 9 красавіка ўдзельнічалі ў папярэдніх слуханнях у Жэневе, дзе прысутнічалі прадстаўнікі больш за 40 пастаянных прадстаўніцтваў дзяржаваў-удзельніц ААН разам з прадстаўнікамі нацыянальных інстытутаў па правах чалавека і структураў грамадзянскай супольнасці.

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ўсяго рэкамендацый, выпрацаваных “кааліцыяй адзінаццаці”, сорак восем.

“Яны тычацца такіх тэмаў, як смяротнае пакаранне, гвалтоўныя знікненні, катаванні ды іншае бесчалавечнае абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць; свавольныя затрыманні, сістэма правасуддзя і нацыянальныя механізмы па правах чалавека, свабода сходаў і асацыяцыяў, дыскрымінацыя і людзей з інваліднасцю, прымусовая праца і правы працоўных ды іншыя. Але некаторыя грамадзянскія структуры, напрыклад, арганізацыя інвалідаў і “Гей-Беларусь” падрыхтавалі яшчэ свае дадатковыя прапановы”, — распавёў праваабаронца.

У сваю чаргу, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў звярнуў увагу на тое, што цэлы раздзел прапановаў тычыцца праблемаў свабоды выказвання, інфармацыі і свабоды прэсы.

“Вельмі важна правесці рэформу заканадаўства аб СМІ ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, у тым ліку прадугледзець роўныя магчымасці для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналістаў любых медыя, уключна журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Апошнім часам ціск на такіх журналістаў істотна ўзмацніўся, іх папярэджваюць, пераследуюць, штрафуюць. Неабходна таксама максімальна спрасціць працэдуру рэгістрацыі СМІ, дэкрыміналізаваць дыфамацыю”, — падкрэсліў Алег Агееў. 

Як сказаў кіраўнік БХК Алег Гулак, праваабаронцы ў сваіх выступах на прэ-сесіі ў Жэневе адзначалі, што за апошнія чатыры гады пасля апошняга УПА, праз які праходзіла Беларусь, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі крыху змянілася ў станоўчы бок, але істотна не палепшылася. “Універсальны перыядычны агляд, бадай, адзіны механізм, з якім супрацоўнічаюць беларускія ўлады. Таму ёсць хоць і невялікае, але спадзяванне, што яны дзеля паляпшэння свайго іміджу ў вачах міжнароднай супольнасці ў сучасных умовах выкарыстаюць прапановы беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці. Хоць такія надзеі і невялікія”, — падсумаваў юрыст.

Каментаваць