Беларускія палітычныя вязні

У абаронцаў палітвязняў ёсць толькі адна форма барацьбы за іх вызваленне — гэта галоснасць. Менавіта галоснасць спрыяе таму, каб палітвязні знаходзіліся ў больш-менш адэкватных умовах утрымання.

 



Зараз у Беларусі, паводле ацэнак міжнародных структур і беларускіх праваабарончых арганізацый, налічваецца 11 палітвязняў. Было 12 — на мінулым тыдні вызвалены з баранавіцкага СІЗА Васіль Парфянкоў.

Гэта тыя, хто прызнаныя як «палітвязні» сусветнымі праваабарончымі арганізацыямі. Па меркаванні беларускай грамадскасці, палітвязняў у нас больш на два чалавекі — 13. З чаго ўзнікла такая разбежка?

Як кажа каардынатарка праваабарончай групы «За волю» Ганна Шапуцька, міжнародныя арганізацыі, а ўслед за імі і беларускія праваабаронцы, вытрымліваюць пэўны стандарт, які ў беларускіх умовах малавыканальны. Справа ў тым, што яны выносяць вердыкт, з’яўляецца чалавек палітвязнем ці не, толькі пасля суду і аналізу судовага працэсу. На гэтай глебе яны і вылічваюць, ці былі ў судзе працэсуальныя парушэнні, ці сапраўды чалавека судзілі за ягоную палітычную дзейнасць, ці адпавядае атрыманы чалавекам тэрмін зняволення ягонаму ўчынку і вінаватасці.

Беларускую грамадскасць такі бюракратычны працэс не задавальняе. Найперш таму, што дачакацца, пакуль чалавека «закрыюць», вельмі лёгка. А вызваліць яго з турмы амаль немагчыма. Грамадскія арганізацыі лічаць, што для прызнання чалавека палітвязнем дастаткова толькі яго арышту ў сувязі з яўнай і відавочнай грамадзянскай пазіцыяй. Таму палітвязнем лічыцца Андрэй Гайдукоў — адзін з лідараў незарэгістраванай грамадскай арганізацыі «Саюз маладых інтэлектуалаў», які знаходзіцца зараз у СІЗА КДБ па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве ў форме шпіянажу.

Гайдукоў працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава падчас выбараў 2010 года, ён ствараў незалежную арганізацыю, ён неаднаразова папярэджваўся супрацоўнікамі КДБ, каб кінуў грамадскую дзейнасць, бо ў яго «будуць непрыемнасці». Дый само абвінавачанне ў «закладцы тайніка для замежнай выведкі» і прадастаўленні інфармацыі замежным спецслужбам ад аператара завода «Нафтан» выглядае нязграбным.

Да таго ж грамадскасць лічыць, што пры вызнанні чалавека палітвязнем павінны ўлічвацца і наступствы ягонай палітычнай дзейнасці. Напрыклад, Аляксандр Малчанаў быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за падзеі на Плошчы 2010 года. Выйшаў ён паводле ўказа прэзідэнта аб памілаванні ў верасні 2011 года, хаця ніякага прашэння аб памілаванні не пісаў. Але з такой судзімасцю яго нідзе не бралі на працу — для таго, каб пражыць, ён збіраў металалом і прадаваў яго. Падчас адной такой «зборкі» ён з таварышам трапілі на тэрыторыю аднаго з прадпрыемстваў Жодзіна. Гэта было расцэнена як крадзеж, і ў выніку Малчанаў атрымаў паўтара гады калоніі строгага рэжыму. Афіцыйна праваабаронцы новы тэрмін Малчанава «палітычным» не прызнаюць. Грамадскасць жа лічыць яго палітзняволенным.

За сумленне і палітыку

Аналагічныя праблемы былі са «справамі анархістаў» у 2011 годзе. На фоне судоў за Плошчу вялікія спрэчкі ў праваабаронцаў выклікалі справы маладзёнаў, якія афіцыйна абвінавачваліся ў падпалах будынкаў міліцыі і КДБ, правядзенні антываенных несанкцыянаваных мітынгаў і шэсцяў каля Міністэрства абароны з закідваннем будынку міністэрства фаерамі. На фоне спрэчкі, каго лічыць «палітычным», а каго не лічыць, праваабарончыя арганізацыі выпрацавалі іншую схему адносінаў да такіх людзей. Справа можа лічыцца «палітычнай», калі чалавека асуджаюць менавіта за ягоную палітычную дзейнасць. Што ж тычыцца «справы анархістаў», то ўсе іх дзеянні былі звязаныя з унутранымі перакананнямі. Таму іх можна адносіць не да «палітычных вязняў», але да «вязняў сумлення».

Аднак анархіст Ігар Аліневіч, асуджаны на восем гадоў зняволення, пераконвае праваабаронцаў: улада ва ўсе часы вызначала палітычных не формамі і метадамі дзеяння, не артыкулам Крымінальнага кодэкса, а матывамі і мэтамі. А матывы і мэты ў анархістаў былі якраз палітычныя.

Дарэчы, тады і лідар незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі таксама можа не лічыцца палітвязнем, бо фармальна праваабарончая дзейнасць — не палітычная.

У выніку міжнародная супольнасць вымушана была пагадзіцца з Аліневічам — і анархісты, і Бяляцкі былі прызнаныя палітвязнямі.

На волі як за кратамі

Насамрэч, палітвязняў у нас значна больш, чым 11 альбо 13 асобаў. Папросту мы традыцыйна лічым такімі тых, хто непасрэдна сядзіць недзе ў месцы зняволення. Іншыя людзі, асуджаныя ўмоўна, пакутуюць крыху менш за зняволеных, але і яны значна абмежаваныя ў сваіх дзеяннях.

Уладзіміру Някляеву, лідару грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», судом абмежаваны ўдзел у масавых мерапрыемствах. Таму падчас парламенцкай выбарчай кампаніі збольшага ён вымушаны быў сядзець дома, звяртацца да сваіх прыхільнікаў і падтрымліваць сваіх кандыдатаў у дэпутаты праз скайп. На кніжным кірмашы нядаўна сарвалі прэзентацыю ягонай кнігі. І не трэба казаць, што гэта не звязана з палітыкай!

Ірына Халіп, карэспандэнтка расійскай «Новай газеты», дагэтуль не магла выехаць у Расію нават на планёркі. Да яе амаль што кожны дзень прыходзілі міліцыянты правяраць, ці знаходзіцца яна дома пасля 22 гадзін. Усе заявы Лукашэнкі пра тое, што выезд Халіп дазволены, міліцыянты ігнаравалі альбо весяліліся з гэтай нагоды: «Выходзіць, спадарыня Ірына, вы нас самі да сябе штовечар выклікаеце!»

Але больш складаная сітуацыя ў былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Статкевіча Сяргея Марцалева. Ён па адукацыі — паліттэхнолаг, палітычны менеджар. І зарабляў ён на жыццё тым, што выкладаў паліттэхналогіі на шматлікіх семінарах і навучальных праграмах. У сувязі з абмежаваннем выезду за мяжу гэтую крыніцу прыбытку ён страціў. А міліцыя настойвае на тым, каб Марцалеў афіцыйна працаўладкаваўся. Інакш ён будзе лічыцца «не стаўшым на шлях выпраўлення», і ягоны ўмоўны тэрмін зняволення можа ператварыцца ў рэальны.

Працы для паліттэхнолага ў Беларусі няма. Спробы ўладкавацца ў рэкламныя фірмы натыкаліся на тэрмін «за палітыку» — з такімі артыкуламі ў фірмы не бяруць. У выніку Марцалеў спрабуе ўладкавацца грузчыкам.

Ну і чым гэта адрозніваецца ад «абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу» Паўла Севярынца? Ды амаль нічым. Усё роўна пад наглядам, усё роўна з 22 да 6 дома, усё роўна міліцэйскія праверкі. «Хіміку» Севярынцу хоць гарантаваную працу і месца жыхарства далі. А некаторыя «ўмоўна асуджаныя» ліхаманкава шукаюць, хто можа афіцыйна здаць ім кватэру на доўгі тэрмін, каб з рэгістрацыяй, каб міліцыя ведала, дзе яны жывуць, і магла іх правяраць. Бо за парушэнне рэжыму нагляду, як казалася раней, — рэальны тэрмін.

Абаронім абаронцаў!

Дзяржава, з аднаго боку, сцвярджае, што палітвязняў у нас няма. З іншага — усе навокал кажуць, што палітвязні ёсць, і гэта вельмі непрыемна. Канешне, для афіцыйнага Мінска было б значна лепш, каб пра палітвязняў згадвалі як мага менш, каб імі апекаваліся толькі сябры і блізкія. Розгалас пра палітвязняў у чарговы раз стварае праблемы ў Еўропе ды псуе імідж улады.

Але ў абаронцаў палітвязняў ёсць толькі адна форма барацьбы за іх вызваленне — гэта галоснасць. Менавіта галоснасць спрыяе таму, каб палітвязні знаходзіліся ў больш-менш адэкватных умовах утрымання.

Канешне ж, на палітвязняў ціснуць. Да Мікалая Статкевіча ўвесь час спрабуюць падсадзіць нейкіх «цмяных» сукамернікаў. Мікалай Дзядок атрымаў у калоніі аж 22 спагнанні, у выніку чаго спачатку змяшчаўся ў ШЫЗА, потым у адзіночную камеру. Але і падчас ягонага сядзення ў «адзіночцы» адміністрацыя калоніі №17 вырашыла, што ён «схільны да захопу закладнікаў», і дамаглася ўзмацнення пакарання і пераводу Мікалая ў турму. Шмат каму за іх «палітычнасць» узмацнілі пакаранне, і шмат хто сядае ў штрафныя ізалятары. Амаль усе палітвязні з’яўляюцца «злоснымі парушальнікамі рэжыму», што не дае ім надзеі на амністыю і, як мінімум, не спрыяе датэрміноваму вызваленню.

Абмежаванне перадачаў, забарона падпіскі, абмежаванне спатканняў з роднымі — усё гэта ёсць у палітвязняў. Але, магчыма, каб не было розгаласу, сітуацыя ў іх была б яшчэ горшай.

Яшчэ і таму, а не толькі дзеля «захавання твару перад Захадам», улада так нервова рэагуе на акцыі салідарнасці з палітвязнямі.

Даходзіць да смешнага: за фота з партрэтам Бяляцкага, выкладзенае ў інтэрнэце, можна атрымаць рэальную адміністрацыйную справу. У Гродна за гэта праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча аштрафавалі на паўтара мільёны рублёў кожнага.

Гэты штраф выклікаў пэўную вясёлую істэрыку ў праваабаронцаў. Наваполацкія актывісты Сяргей Малашэнка і Яўген Парчынскі таксама сфоткаліся з партрэтам Бяляцкага і таксама атрымалі штрафы. Гомельскія праваабаронцы, сфатаграфаваўшыся з партрэтамі, у суд пайшлі самі: маўляў, чаму іншых судзяць, а нас не? А некаторыя ўвогуле пачалі рабіць «фота бясконцасці»: фатаграфавацца з фатаздымкамі тых, хто сфатаграфаваўся з партрэтам Бяляцкага.

Так што з абвешчанай БХД «хваляй салідарнасці» могуць адбыцца і іншыя цікавыя рэчы.

Падтрымлівалі і будзем падтрымліваць!

Ад «Хвалі салідарнасці» яе арганізатары асаблівага выніку не чакаюць. Як сказаў адзін з сустаршыняў аргкамітэту па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі, нельга чакаць, што ў выніку гэтай акцыі палітвязні апынуцца на волі. «Галоўная задача гэтай дзеі — найперш актывізаваць беларускае грамадства ў справе падтрымкі палітвязняў. Шмат для іх вызвалення робіць міжнародная супольнасць, а беларускае грамадства, праз два гады іх зняволення, па-ранейшаму ведае пра іх мала. Нават падчас парламенцкіх выбараў мінчукі актыўна падпісваліся за іх вызваленне, але ведалі пра іх няшмат. Кампанія будзе праводзіцца, у асноўным, у рэгіёнах, дзе людзі пра іх увогуле не ведаюць. І калі хоць адзін чалавек з 36 гарадоў напіша ліст палітвязню — гэта ўжо будзе вынікам кампаніі», — адзначае Рымашэўскі.

Як кажуць тыя, хто выйшаў на волю, лісты і паштоўкі — гэта сапраўды моцная падтрымка. Гэта сведчыць, што пра іх не забыліся, што яны не засталіся сам-насам у сваёй камеры. І што іх чакаюць на волі.

Напішыце палітвязням!

Алесь Бяляцкі

213807, Магілёўская вобл., г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, папраўчая калонія №2, атрад №14.

Эдуард Лобаў

225295, Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а/с 20, папраўчая калонія № 22

Мікола Статкевіч

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4

Зміцер Дашкевіч

230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, турма №1

Павал Севярынец

225143, Брэсцкая вобл., Пружанскі р-н, в. Куплін, ПУАТ–7

Мікалай Дзядок

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма №4

Аляксандр Францкевіч

225295, Брэсцкая вобл., г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а/с 20, папраўчая калонія №22

Ігар Аліневіч

211440 Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, папраўчая калонія №10

Яўген Васьковіч

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма №4

Арцём Пракапенка

212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ПК №15

Мікалай Аўтуховіч

230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, турма №1

Андрэй Гайдукоў

220050, Мінск, вул. Камсамольская, 30, СІЗА КДБ

Аляксандр Малчанаў

222125, Магілёўская вобл., Барысаўскі р-н., п. Навасады ПК-14, атрад 19

Абмеркаванне:

  • navicki
  • 2013-04-15 13:44:58
Не разумею, навошта было браць чыста РАСЕЙСКІЯ постэры для ілюстрацыі зацемкі пра беларускіх вязьняў?

Каментаваць