Было б каму есці

Лічыцца, што здатныя на многае беларусы асаблівых поспехаў дасягаюць у вырошчванні бульбы. Як і амаль кожны міф, гэты выкарыстоўваецца ўладай для доказу сваёй еднасці з народам.



Лічыцца, што здатныя на многае беларусы асаблівых поспехаў дасягаюць у вырошчванні бульбы. Як і амаль кожны міф, гэты выкарыстоўваецца ўладай для доказу сваёй еднасці з народам.

Лепш за ўсіх гэтым міфам карыстаўся А. Лукашэнка. Адзін з сюжэтаў яго бацькоўскага апякунства над бульбаводамі мадыфікаваўся ў трапны студэнцкі анекдот. А ўжо гэтай восенню А. Лукашэнка не толькі персанальна распарадзіўся бульбяным пытаннем (па якой цане прадаваць, дзе і колькі захоўваць, які прыбытак мець), але і загадаў будаваць бульбасховішчы для высокіх ураджаяў, якія краіна будзе атрымліваць на працягу чарговай яго прэзідэнцкай кадэнцыі.

І гэты пры тым, што ні тых палеткаў ужо няма, ні беларускай лепшай на свеце бульбы. Пра нізкую яе якасць сведчыць адмова тутэйшага «Макдональдса» ад выкарыстання беларускай бульбы для фры.

Пра невялікую колькасць, падкрэслім, таварнай бульбы кажуць дадзеныя статыстыкі. У мінулым годзе валютная выручка ад бульбянога экспарту Беларусі склала ўсяго 6 мільёнаў долараў. Калі ж ад бульбяной выручкі адмінусаваць вытворчыя ды гандлёвыя выдаткі, вельмі верагодна, што замест прыбыткаў давядзецца падлічваць страты. У мінулым годзе было прададзена 28,2 тысячы тон бульбы, сёлета плануецца прадаць 100 тысяч тон і «зарабіць» 20 мільёнаў долараў. Як кажуць, гара нарадзіла мыш. Экспартная квота ў мінулым годзе склала 0,4% і 1,2% ад статыстычнага памеру ўраджаю.

Але для характарыстыкі эканомікі сучаснага беларускага тыпу ёсць і больш трапная фармулёўка: слон — гэта мыш, зробленая па дзяржзаказу. Мінсельгасхарч хуценька адрэагаваў на «бульбяныя заўвагі» Лукашэнкі і праз намесніка міністра Васіля Паўлоўскага зрабіў адпаведнае ўдакладненне: аказваецца, па стану на 11 кастрычніка за мяжу прададзена ўжо 150 тысяч тон бульбы. Спадар Паўлоўскі адначасова агучыў і «кантрольныя лічбы», якія, верагодна, будуць зацверджаны на чарговым Усебеларускім сходзе: штогод памер сельгасвытворчасці павінен падвышацца на 15–17%, а за пяцігодку мусіць узрасці ў 1,5 разы.

Што ні слова, то пытанне. Плануецца не толькі павялічваць вытворчасць, але павышаць якасць і прадаваць замест сыравіны перапрацаваную прадукцыю. Але ж глыбокая перапрацоўка звязана з павялічаным выкарыстаннем энергарэсурсаў, кошт якіх хуткімі тэмпамі падвышаецца. Цалкам верагодна, што ўжо пасля беларуска-расійскіх перамоваў пра кошты энерганосьбітаў на наступны год такія планы згубяць эканамічную перспектыву.

Па нейкай прычыне ў гэтых вытворчых разліках ніякім чынам не ўлічваецца дэмаграфічная сітуацыя, ніхто не звяртае ўвагі на змяншэнне колькасці насельніцтва ў краіне. І не толькі ў сельскай мясцовасці, але нават у буйных гарадах. Невялікі натуральны прырост адзначаецца толькі ў Мінску. І тое збольшага за кошт унутраных мігрантаў.

Таму задача — стварыць сацыяльна-эканамічныя ўмовы, каб жыццё на вёсцы і ў горадзе істотна не адрознівалася, і людзі ахвотна пераязджалі з горада ў вёску — выклікае ў памяці карцінку з савецкага мінулага, калі лектар таварыства «Веды» з трыбуны ў сельскім клубе, хаця і ў пакамечаным пінжаку, але пры гальштуку, нешта мармытаў пра «стирание граней между городом и селом» слухачам у ватоўках ды гумавых ботах, з пахам сіласу.

Дык вось, дэмаграфічная сітуацыя сведчыць, што колькасць насельніцтва за пяць гадоў зменшыцца на некалькі соцень тысяч чалавек. Многія сельскія раёны перастануць існаваць як вытворчыя комплексы і канчаткова ператворацца ва ўмоўныя адзінкі для адміністрацыйнага ўліку. Працаваць не будзе каму. Ужо ў вёсцы амаль не засталося маладых і здаровых мужчын, якія з апетытам елі сала з бульбай і ад душы працавалі.

Філасофскае пытанне — жыць, альбо паміраць? — ва ўсе часы кожным вырашалася індывідуальна. І ва ўсе часы ў гэта жыццё, у жыццё кожнага беларуса, пастаянна нахабна лезлі ілжэпрарокі-пасярэднікі. То навуковым камунізмам галовы тлумілі, то сацыяльнай рынкавай эканомікай.

Бываюць моманты, калі над эканамічнымі інтарэсамі пануе палітычная мэтазгоднасць, якая праяўляецца праз сістэму штучна створаных міфаў. Прыкладам, міфа пра сквапных бізнесменаў і сацыяльна адказнае кіраўніцтва дзяржавы. Маўляў, мы ім прышчэмім хвост і змусім дзяліцца дывідэндамі па справядлівасці. Гэта на шкоду эфектыўнасці, канкурэнтаздольнасці, вытворчасці? Ды нічога. Пацерпім пакуль што, у цяжкія часы. Але выцягнем на сваіх плячах прадпрыемствы і гаспадаркі, якія ў іншых краінах прынеслі ў ахвяру класаваму эгаізму. І пасля ўжо, калі навакольныя краіны збяднеюць, а цэны ўзрастуць, надыдзе наш час карміць галадаючых. І добра на гэтым зарабіць.

Так бывае, калі ў аснову міфа кладуцца рацыянальныя, хаця і памылковыя разлікі. А ў Беларусі, верагодна, усё прасцей і таму горай. Менавіта той «простотой, что хуже воровства», дзякуючы якой людзі губляюць здольнасць бачыць розніцу паміж рэчаіснасцю і міфалагічным уяўленнем пра яе. У апошні час беларускае кіраўніцтва, так бы мовіць, з асалодай агучвае дадзеныя міжнародных арганізацый пра пашырэнне голаду ў свеце і падлічвае, колькі на гэтым зможа зарабіць. Тое ж з бульбай, цану на якую Лукашэнка забараніў зніжаць і загадаў прытрымаць у сховішчах, пакуль кан’юнктура не зменіцца.

Гэта ўжо па-за межамі прапаганды, гэта натуральны сюр, які не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю. Бо, па-першае, як сведчаць аграрыі, бульбасховішчаў не хапае, па-другое, гаспадаркі не маюць дастаткова таварнай бульбы, па-трэцяе, большую частку той бульбы, якая ёсць (калі яна ёсць), вырошчваюць дачнікі і сельскія пенсіянеры. Яна не псуецца, бо своечасова з’ядаецца.

Нават у савецкія часы, калі сяляне святкавалі дакопкі, то ці добрая бульба парасла, ці дробненькая, хтосьці абавязкова казаў: «Ат, абы было каму яе есці!» Гэта не міф, а метафара, вызначае стаўленне простага чалавека да жыцця. Часцяком беларусам нечага не хапала, як не хапае і зараз. Але ж бульба заўсёды была.
 

Каментаваць