Бывайце, Барыс Ігаравіч…

Страшэнная навіна прыйшла ў нядзелю, 17 чэрвеня. У анкалагічнай клініцы ў Бараўлянах пад Мінскам памёр Барыс Звоскаў. Цудоўны Чалавек. Праваабаронца. Інтэлігент. Добры Сябра для многіх і многіх людзей. Барысу Ігаравічу было толькі 63 гады. Жыць яшчэ ды жыць…



Страшэнная навіна прыйшла ў нядзелю, 17 чэрвеня. У анкалагічнай клініцы ў Бараўлянах пад Мінскам памёр Барыс Звоскаў. Цудоўны Чалавек. Праваабаронца. Інтэлігент. Добры Сябра для многіх і многіх людзей. Барысу Ігаравічу было толькі 63 гады. Жыць яшчэ ды жыць…

Нешта не тое робіцца ў гэтым свеце. Бог з рэгулярнасцю забірае да сябе лепшых беларусаў. Беларусаў не па нацыянальнасці, але беларусаў па самаадчуванні, па перадвызначанасці, па менталітэту, па чалавечнасці. Барыс Ігаравіч Звоскаў быў рускім па паходжанні, але сапраўдным беларусам па ўсіх астатніх чынніках і прыкметах. Барыс Ігаравіч быў вялікім Чалавекам. І тутака не пра постаць гаворка, не пра нейкі яскравы выгляд ці маланкавы тэмперамент. Не. Барыс Ігаравіч быў вельмі простым, сціплым, ад прыроды добрым, і ў той жа час вельмі разумным, адукаваным, харызматычным чалавекам. Хоць Звоскаўская харызма была зусім супрацьлеглай харызме таго, хто воляю лёсу ўзляцеў на своеасаблівы беларускі палітычны Алімп і хто не па сваёй волі, але сваімі часам антычалавечымі ўчынкамі фактычна спарадзіў беларускі праваабарончы рух.

Барыс Ігаравіч быў адным з бацькоў-заснавальнікаў праваабарончага руху ў Беларусі, першым прэзідэнтам “Беларускага дому — Дому правоў чалавека ў Вільнюсе. Ён стварыў грамадскае аб’яднанне “Прававая ініцыятыва, якое займалася і займаецца не гучнымі палітычнымі справамі, але канкрэтнай дапамогай канкрэтным людзям. У прынцыпе, гэтым самым займаюцца ўсе праваабарончыя структуры ў нашай краіне, дзе куды не кінь — паўсюль клін, што да сітуацыі з правамі чалавека на ўсіх узроўнях.

Барыс Ігаравіч сканаў ад цяжкой хваробы. Ён змагаўся з ёй вельмі доўга і, падавалася, паспяхова. Помню, аднойчы, калі пасля страшэннай худобы ў часе першай стадыі захворвання і працяглага лекавання, пасля пэўнага перапынку, калі я яго не бачыў доўгі час, мы зноўку сустрэліся, мяне вельмі ўразіў ясны свет у вачах Ігаравіча, ягоная постаць — гэта ўжо быў зноўку жыццярадасны чалавек, які набыў фізічную вагу, здаровы колер твару. Чалавек, які на той момант перамог смерць. Чалавек, якому хацелася жыць, працаваць, шчыраваць, дзейнічаць. І нішто не казала пра тое, што гэтае “выздараўленне — толькі адкладзены фінал. Паскудная “нацыянальная хвароба беларусаў не выпусціла Барыса Ігаравіча са сваіх бязлітасных кіпцюроў…

Мне даводзілася шмат сустракацца з Барысам Ігаравічам і ў Мінску, і па-за межамі Беларусі, быць з ім разам на многіх мерапрыемствах з удзелам журналістаў і праваабаронцаў. Магу засведчыць — слухаць Звоскава з закрытым ротам было немагчыма. Кожнае яго слова не было пустым, кожны выраз нёс глыбокі сэнс. Барыс Ігаравіч быў такім чалавекам, які ведаў кошт часу і ведаў кошт іншаму чалавеку. Таму марнаваць каштоўны час і час іншых людзей пустымі словамі Барыс Ігаравіч не мог, не хацеў ды проста не ўмеў…

Барыс Ігаравіч быў вельмі жыццярадасным чалавекам. Ён любіў смех, ён любіў анекдоты і меў фенаменальную памяць. Пры амаль кожнай нашай сустрэчы Барыс Ігаравіч мог узгадаць любы расказаны мною анекдот (хай тое было гадоў дзесяць-пятнаццаць таму!) ці байку датычна канкрэтнай сітуацыі. Ён помніў і цаніў каштоўныя рысы ў людзях, ён не стараўся (ці нават не ўмеў) узгадваць нейкія крыўдныя ці агідныя рэчы. Ён проста быў Чалавекам. І як сапраўдны Чалавек, прысвяціў сваё жыццё абароне іншых.

Смерць Барыса Ігаравіча — велізарная страта не толькі для яго родзічаў і сяброў, але і для беларускага праваабарончага руху ды  грамадзянскай супольнасці ў цэлым. Нам яшчэ давядзецца ўсвядомець, каго мы страцілі, каго страціла Беларусь. Вельмі балюча зараз усім, хто ведаў Барыса Ігаравіча. Вечная Вам памяць, шаноўны наш Чалавек і Настаўнік. Няхай будзе пухам Вам зямля, якая сталася для Вас роднаю, і Валадарства Вам Нябёснае, любы наш Барыс Ігаравіч…       

 

Каментаваць