Бізнес па-беларуску

Зразумела, галоўнай падзеяй тыдня стала «раскулачванне» буйнога бізнесу ў Беларусі. Пад раздачу патрапілі самыя «святыя каровы» — Юрый Чыж і Яўген Баскін. Што з гэтага атрымаецца? Анічога.
 



Бізнесоўцам, якія запанікавалі пры гэтых звестках, трэба ўзяць сябе ў рукі і збіраць грошы. Хутчэй за ўсё, з арыштаў Чыжа і Баскіна аніякіх крымінальных спраў не атрымаецца. Бо выйсце для ўсіх паказаў старшыня КДБ Валер Вакульчык. Распавядаючы пра гучныя справы і нібыта спробу ўцёкаў Чыжа на хуткасці 220 км/г, да нечага ён згадаў лёс былога сенатара і таксама бізнесоўца Андрэя Паўлоўскага.

Напрыканцы мінулага года супраць Паўлоўскага была распачата крымінальная справа па тым жа артыкуле, у чым падазраецца і Чыж, — нясплата падаткаў у асабліва буйным памеры (арт. 243 ч. 2 КК РБ). Дык вось, па словах Вакульчыка, Паўлоўскі кампенсаваў страты, нанесеныя ягонымі дзеяннямі дзяржаве, у памеры 20 мільёнаў долараў. І быў пазбаўлены крымінальнай адказнасці.

Як мы пісалі раней, некалькі «гучных карумпаваных чыноўнікаў» у гэтым годзе выйшлі на волю з турмаў і былі прызначаныя кіраваць сельскімі гаспадаркамі альбо не вельмі паспяховымі прадпрыемствамі. Замест прызначаных ім тэрмінаў зняволення, з улікам амністыяў і памілаванняў, яны адседзелі толькі паўтара-два года замест пяці-васьмі.

У сувязі з «кампенсацыяй Паўлоўскага» ў $20 мільёнаў у мяне ўзнікае пытанне: колькі ж насамрэч ён скраў у дзяржавы? Калі, з улікам ведання лёсаў сваіх папярэднікаў, з лёгкасцю выклаў суму, у два з паловай разы большую, чым нібыта прынесеная ім шкода (па версіі КДБ, ягоная фірма «Біяком» нанесла шкоды на $8 мільёнаў).

Так што, хутчэй за ўсё, такім жа чынам і Чыжа, і Баскіна проста «пастрыгуць».

Але водгукі гэтых арыштаў ужо чуваць у бізнес-колах. І не толькі ў іх.

Уладальнік аднаго з найбольш паспяховых бізнесаў, адной з самых вядомых прыватных тэкстыльных кампаній Беларусі «Серж» Сяргей Атрошчанка падаў на банкруцтва. Эканамічны суд Мінска ўвёў на ТАА «Серж» трохмесячны ахоўны перыяд.

Кампанія «Серж» была да нядаўняга часу адным з самых буйных вытворцаў ніжняй бялізны і трыкатажу на беларускім рынку. Яна амаль адна (ну, разам з «Мілавіцай») давала надзею на тое, што беларускі легпрам яшчэ можна падняць. Аказваецца, нельга.

Раней Атрошчанка сышоў з медыя-бізнесу, закрыўшы сваю газету «Обозреватель». Чым ён зоймецца пасля страты «Сержа», не вядома.

Аднак, зразумела, святое месца не бывае пустое. Адным з накірункаў «імперыі Чыжа» было будаўніцтва. І пасля арышту ўладальніка «Трайпла» Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел прапанаваў спосаб зарабляць грошы на ўтрыманне храмаў.

У інтэрв’ю тэлеканалу СТВ Патрыяршы экзарх усяе Беларусі заявіў, што не бачыць нічога ганебнага ў тым, каб царква будавала даходныя дамы. «Грэкі, калі будуюць у якой-небудзь краіне храмы, прыходы, яны абавязкова пры храме будуюць дом для святара, для прыходу. І даходны дом. І вось гэты даходны дом яны здаюць або ў арэнду, або памяшканні здаюць для крамаў, рэстаранчыкаў, кавярняў, там нешта такое. Атрымліваючы даход, яны тым самым на гэты даход утрымліваюць храм. У нас у Будапешце ёсць такое. І нічога такога ганебнага ў гэтым няма», — сказаў ён.

Ёсць у краіне і некаторыя ў чымсьці добрыя навіны. Напрыклад, інтэрнэт-рытэйлер «Еўраопт» паведаміў аб закрыцці двух з пяці размеркавальных цэнтраў кампаніі — у Мінску і ў Гродне. «У выніку закрыцця размеркавальных цэнтраў у Гродна пазбавіліся працы больш за 100 чалавек, у Мінску — больш за 500. Акрамя таго, кампанія страціла сродкі, інвеставаныя ў стварэнне і абсталяванне складоў: у Гродне страты склалі больш за 1,1 мільёна долараў, а ў Мінску — 1,2 мільёна долараў», — сказаў дырэктар інтэрнэт-крамы Дзяніс Мароз.

«Што ж у гэтым добрага?» — запытаецеся вы. Канешне, кепска, што людзі страцілі працу. Аднак здароўе даражэй. Каментуючы прычыны закрыцця цэнтраў, Дзяніс Мароз сказаў, што «кампанія вымушаная аптымізаваць вытворчыя працэсы і скарачаць выдаткі ў сувязі са стратнасцю сэрвісу, які не можа дасягнуць рэнтабельнасці без наяўнасці поўнага асартыменту тавараў, які ўключае алкаголь і тытунёвыя вырабы».

То бок, праз «Е-дастаўку», насуперак беларускаму заканадаўству, «Еўраопт» вельмі хоча дастаўляць дадому алкаголь і тытунь. Прычым, па інтэрнэце ж не бачна, хто заказвае: паўнагадовы альбо непаўнагадовы, ёсць там бацькі дома ці не… Так што хай лепш зачыняюць, чым алкаголь па хатах развозяць.

Енкі «Еўраопта» з гэтай народы спыніў Мінгандаль, адзначыўшы, што рашэнне аб адкрыцці ў краіне інтэрнэт-крам ТАА «Еўрагандаль» прымала ва ўмовах дзейных заканадаўчых абмежаванняў на рэалізацыю алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў з прымяненнем інтэрнэт-тэхналогій. А таму само вінаватае ў стратах. Бізнес павінен адпавядаць заканадаўству, а не заканадаўства падстройвацца пад бізнес, ды яшчэ і такі, які можа нанесці шкоду здароўю.

І яшчэ адна цікавая навіна. З рабочым візітам у Мінск прыязджаў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Алан Пійю. Ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, дзе «бакі абмеркавалі далейшыя крокі па актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, надаўшы асаблівую ўвагу пытанню падрыхтоўкі стратэгіі ЕБРР для Беларусі на 2016–2019 гады», паведамляе прэс-служба МЗС. Праект гэтай стратэгіі ЕБРР плануе апублікаваць у красавіку.

ЕБРР з’яўляецца найбуйнейшым інвестарам у рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Зараз ён працуе ў больш чым 30 краінах. Апроч вылучэння сваіх сродкаў банк прыцягвае значныя аб’ёмы прамых замежных інвестыцый.

Папросім крэдыт яшчэ і там?

Каментаваць