Бяляцкага ўганаравалі прэміяй Петры Келі

Фундацыя імя Генрыха Бёля ўзнагародзіла віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, праваабаронцу, палітвязня Алеся Бяляцкага прэміяй Петры Келі.

Пра ўганараванне жонцы Бяляцкага Наталлі Пінчук паведаміў у лісце былы амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Крыстаф Вайль. У лісце напісана, што прэмія прысуджана на знак прызнання дзейнасці Алеся Бяляцкага ў справе адстойвання правоў чалавека ў Беларусі.

«Сардэчна віншую яго з гэтай узнагародай, якую ён заслужыў у асаблівай ступені. Імя Алеся Бяляцкага сімвалізуе асабістую прыстойнасць і самаадданасць у барацьбе за правы тых, хто зазнае рэпрэсіі», — піша Вайль.

Наталля Пінчук адзначыла ў інтэрв’ю БелаПАН, што дыпламат выказаў надзею: магчыма, Бяляцкі зможа атрымаць гэтую прэмію ўжо восенню ў Берліне.

Прэмія Петры Келі прысуджаецца з 1998 года асобам ці групам асобаў за актыўны ўдзел у барацьбе за захаванне правоў чалавека, негвалтоўнае вырашэнне канфліктаў і абарону навакольнага асяроддзя. Прэмія была заснаваная ў памяць вядомай палітычнай дзяячкі Петры Келі (1947–1992), якая брала ўдзел у стварэнні Партыі зялёных у Нямеччыне.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.

Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Еўрасаюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Паводле Радыё “Свабода

Каментаваць