Беларус альбо п’е, альбо працуе

Як ні змагаецца наша дзяржава з алкагалізацыяй насельніцтва, усе гэтыя высілкі марныя. Беларусь патрапіла нават у сусветную статыстыку як адна з самых «п’яных» нацый свету.



Часопіс «The Economist» склаў рэйтынг спажывання гарэлкі ў сярэднім на душу насельніцтва. Дадзеныя былі атрыманыя ў брытанскай кампаніі IWSR (International Wine & Spirit Research), якая займаецца даследаваннямі сусветнага рынку алкаголю.

 

Паводле рэйтынга, сярэдняе спажыванне гарэлкі ў нашай краіне склала 11,3 літра алкаголю на чалавека ў год. Першае месца рэйтынгу стала ўтрымлівае Расія з сярэднегадавым спажываннем алкаголю 13,9 літра на чалавека. Трэцяе месца дасталася Украіне, а чацвёртае — Польшчы.

 

Паводле абсалютных аб’ёмах спажывання непасрэдна гарэлкі Беларусь займае шосты радок рэйтынгу.

 

Чаму ж беларусы п’юць? Бо смачна?

 

Сусветная арганізацыі аховы здароўя вызначае крытычны ўзровень спажывання алкаголю — 8 літраў на чалавека ў год у пераліку на абсалютны алкаголь на кожнага жыхара краіны ва ўзросце 15 гадоў і старэй. «У выпадку перавышэння дадзенай рысы адбываецца паступовая дэградацыя нацыі ў дэмаграфічным, сацыяльным, эканамічным і культурным стаўленні, значна пагаршаецца стан яе здароўя і генафонд», — кажа САЗ.

 

Адмыслоўцы сведчаць, што «забараняльныя» меры па продажы нейкіх спецыфічных відаў алкаголю і павышэнне на яго коштаў даюць свой эфект. Прыкладам, пасля забароны на «пладова-выгадныя» віна іх спажыванне скарацілася на 30%. Беларусы зараз аддаюць перавагу больш дарагому, але больш якаснаму алкаголю.

 

Медыкі прапаноўваюць і надалей уводзіць «абмежавальныя меры». Прыкладам, ёсць прапанова не прадаваць алкаголь маладым людзям, якія не дасягнулі 21 года. Пазбавіць алкагольнай прадукцыі прыватныя шапікі і маленькія крамы, перанесці гандаль моцнымі спіртнымі напоямі ў буйныя гандлёвыя цэнтры за горадам, каб зрабіць выбар на карысць гарэлкі менш даступным. Пакінуць гарэлку толькі ў барах і рэстаранах, дзе кошты, канешне ж, значна вышэйшыя за «розніцу».

 

Але хто хоча выпіць, той заўсёды знойдзе магчымасць. І аднымі забаронамі тут не абыдзешся.

 

На дапамогу для вырашэння гэтай праблемы да нас прыходзіць статыстыка Белстата. Згодна з ёй, ва ўжыванні алкаголю вінаваты, найперш, крызіс. І чым больш крызісны наш крызіс, тым больш беларусы п’юць. А калі крызіс сыходзіць ці, прынамсі, змякчаецца, то беларусы піць, як ні дзіўна, кідаюць.

 

Паводле дадзеных Белстата, найбольшы пік ужывання алкаголю за апошнія гады прыйшоўся на крызіс 2011 года. За гэты год беларусы набылі на 18,1% больш алкаголю, чым за перадкрызісны 2010-ы. Гэта вельмі вялікі працэнт. Цікава, што, нягледзячы на крызіс, лідарамі росту сталі нятанныя алкагольныя напоі: спажыванне лікёра-гарэлачнай прадукцыі вырасла на 33,6%; каньякі, уключаючы каньячныя напоі і брэндзі, сталі ўжываць на 28,9% больш; продажы вінаў пеністых, уключаючы шампанскае, выраслі на 26,3%; продажы гарэлкі павялічыліся за год на 19,3%, а піва — на 11,5%.

 

Сітуацыя крыху выправілася ў 2012 годзе. Калі ў 2011-м «узровень алкагалізацыі» дасягаў 13,4 літра алкаголю на душу насельніцтва, то ў 2012-м — 12,57. Як толькі крызісныя з’явы мы перажылі, то спажыванне алкаголю знізілася на душу насельніцтва амаль на літр! Гэта, праўда, без уліку незарэгістраванага алкаголю, доля якога, па дадзеных спецыялістаў, можа вагацца ад 30 да 60%. У структуры спажыванага ў 2012-м спіртнога пераважаюць моцныя напоі — гарэлка і лікёра-гарэлачныя вырабы (68%).

 

Зараз жа Белстат радуе. У студзені-маі бягучага года рэалізацыя алкагольнай прадукцыі скарацілася на 11,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У гэтым годзе за пяць месяцаў было прададзена 4 мільёны 348,6 тысячы дэкалітраў гарэлкі, у агульным аб’ёме продажаў алкаголю яе доля склала 48,1%. У 2012 годзе гэты паказчык складаў 50,6%.

 

Ці азначае гэта, што беларусы «выпраўляюцца»? На жаль, не. Паводле дадзеных таго ж Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, аб’ём продажу ўсіх відаў алкагольных напояў павялічыўся з 1995 года з 6,7 літраў «на асобу» да 12 літраў у разліку на душу насельніцтва сёння.

 

Як сведчыць статыстыка, чым вышэй у людзей узровень жыцця, чым больш яны ім задаволеныя, чым стабільней сітуацыя ў эканоміцы і чым больш у чалавека перспектыў, тым менш ён п’е. Як казаў філосаф Валянцін Акудовіч, беларус альбо п’е, альбо працуе. Чым больш у яго працы, тым менш у яго жадання піць.

 

Але што рабіць, калі зараз спыняюцца заводы і пераходзяць на «чатырохдзёнку»? Калі склады «затараныя» прадукцыяй, якую ніхто не набывае?

 

Праблема алкагалізацыі, такім чынам, палягае не толькі ў сацыяльнай сферы. Для беларуса гэта сфера яшчэ і эканамічная. Таму чым хутчэй краіна будзе выкарасквацца з крызісу, са свайго няўдалага эканамічнага стану, тым хутчэй мы будзем губляць гэтыя непачэсныя месцы па ўжыванні алкаголю на душу насельніцтва.

 

Як рэфармаваць эканоміку так, каб беларус не піў, — гэта ўжо іншае пытанне.

Каментаваць