Галеча падкрадзецца непрыкметна

Эканамічны крызіс 2011 года адчувальна пагоршыў матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі. Але паратунку нашы суайчыннікі шукаюць не ў дзяржаўнай дапамозе, а найперш у працоўнай міграцыі.



Аляксандр Чубрык і Глеб Шымановіч


Эканамісты даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджменту падрыхтавалі агляд «Беднасць і сацыяльная ізаляцыя ў Беларусі», у якім аналізуюцца наступствы эканамічнага крызісу 2011 года: хто ў выніку пацярпеў найбольш моцна і ці сапраўды Рэспубліка Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава.

Адзначаецца, што ў 2011 годзе эканоміка Беларусі перажывала валютны крызіс, і гэта быў другі за апошнія чатыры гады эканамічны крызіс. Ён быў абумоўлены назапашанымі за мінулыя гады знешнімі дысбалансамі разам з мяккай манетарнай і фіскальнай палітыкай.

Хаця рэстараны краіны не пустуюць ( і пра гэта нават згадваюць высокія чыноўнікі, калі разважаюць пра дабрабыт беларусаў), крызіс усё ж адчувальна пагоршыў матэрыяльнае становішча насельніцтва, — адзначаюць даследчыкі. У большай ступені ад яго пацярпелі адносна забяспечаныя групы насельніцтва, у той час як найменш забяспечаныя групы насельніцтва былі часткова абаронены эканамічнай палітыкай па павелічэнні мінімальнай заработнай платы і захаванню занятасці. У выніку  крызіс прывёў да невялікага росту абсалютнай беднасці і зніжэння адноснай беднасці, выроўнівання ў прыбытках насельніцтва. Моцна павялічылася зона рызыкі, то бок праслойка людзей, чые даходы не надта моцна перавышаюць лінію абсалютнай беднасці.

Пры гэтым рысу беднасці даследчыкі з ІПМ разлічвалі для кожнай хатняй гаспадаркі зыходзячы з індывідуальных бюджэтаў пражытачнага мінімуму яго ўдзельнікаў на аснове сярэднегадавых дадзеных. Рыса адноснай беднасці была вызначаная на ўзроўні 60% ад сярэдняга даходу.

Найбольш пацярпелі ад леташняга эканамічнага крызісу людзі ва ўзросце старэй за працаздольны, жыхары сельскай мясцовасці, хатнія гаспадаркі, якія складаюцца з аднаго чалавека, і няпоўныя сем’і. Узровень абсалютнай беднасці сярод пенсіянераў застаўся невысокім, але зніжэнне пенсій у рэальным выражэнні рэзка пагоршыла іх становішча адносна іншых груп насельніцтва. Асабліва гэта тычыцца адзінокіх пенсіянераў. «Пенсіі дазваляюць выжываць, але не дазваляюць адчуваць сябе камфортна на фоне іншых слаёў грамадства», — адзначае эканаміст Глеб Шымановіч.

Цікавая рыса беларускай нястачы: да 2011 года гендэрнага разыходжання ў партрэце беднасці не было. Але крызіс паказаў, што жанчыны больш уразлівыя, у тым ліку і з прычыны ранейшага сыходу на пенсію, занятасці ў бюджэтнай сферы, дзе праводзіцца больш жорсткая фіскальная палітыка. Па-ранейшаму, у лідэрах тых, хто апынаецца за рысай беднасці, знаходзяцца беспрацоўныя і студэнты.

Эканамісты ацанілі эфектыўнасць сацыяльных ільгот і дапамог і робяць выснову, што цягам апошняга года доля сацыяльных даплатаў у даходах найменш забяспечаных слаёў насельніцтва скарацілася на фоне больш жорсткай фіскальнай палітыкі, павялічылася адраснасць сацыяльных выплат, самымі эфектыўнымі застаюцца грашовыя дапамогі на дзяцей, але разам з тым эфектыўнасць сістэмы сацыяльнай абароны ў Беларусі моцна адстае ад краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Калі ж ацэньваць уражлівасць да эканамічных пературбацый паводле месца жыхарства, то традыцыйна найбольш праблемаў маюць людзі з сельскай мясцовасці, малых гарадоў. Але цікавую выснову робяць даследчыкі: у часе апошняга крызісу менавіта невялікія гарады і пасёлкі  палепшылі свае паказчыкі дабрабыту. Мяркуецца, што нагода хаваецца ў павелічэнні занятасці. Праўда, не ў Беларусі, а за яе межамі.

Яшчэ ў апытанні 2009 года практычна 20 % рэспандэнтаў сказалі, што хацелі б з’ехаць за мяжу, бо гэта дае магчымасць палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт, за мяжою лепшая сістэма сацыяльнага забеспячэння, а таксама больш магчымасцяў для кар’ернага росту.

«Фактары, якія выштурхоўваюць людзей з Беларусі: высокая рызыка беднасці сярод беспрацоўных і эканамічна неактыўных людзей, магчымасць палепшыць свой дабрабыт, рызыка галечы сярод беспрацоўных, эканамічна неактыўных. Страта працы ў Беларусі — моцны падштурхоўваючы фактар да працоўнай эміграцыі. І Расія, і Еўрасаюз для беларусаў прывабныя з пункту даходаў. Але з пункту ўзроўню жыцця больш прывабная Еўропа», — адзначае  эканаміст Аляксандр Чубрык.

Разам з тым ён падкрэслівае, што на жаль, у Беларусі дагэтуль не было ніводнага паўнавартаснага даследавання на тэму працоўнай міграцыі. Цяпер падобную працу робіць Белстат і, магчыма, у наступным годзе будуць апублікаваныя яго вынікі. Цяпер маштабы працоўнай міграцыі ацэньваюцца ў памеры ад 42 тысяч чалавек (+ да 85 тысяч чалавек патэнцыйных працоўных мігрантаў) да 300 тысяч чалавек. Аляксандр Чубрык адзначае, што 90% мігрантаў з Беларусі працуюць у Расіі, 10% — абіраюць іншыя краіны, пры чым у рэйтынгу лідзіруюць Літва і Польшча. У Расію на заробкі пераважна едуць мужчыны з невысокай кваліфікацыяй, Еўропа лагічна прыцягвае людзей з вышэйшай адукацыяй. Аляксандр Чубрык гаворыць, што, хаця працоўная міграцыя і нясе страту сацыяльнага капіталу краіне, але мае і пазітыўныя аспекты. Найперш у тым, што для людзей з нізкай кваліфікацыяй працоўная міграцыя ёсць значнай крыніцай даходаў.

Працоўная міграцыя з'яўляецца адной з найбольш эфектыўных стратэгій пераадолення цяжкасцяў. Хаця пра гэта і не гавораць чыноўнікі, але працоўная міграцыя можа забяспечыць частковае фінансаванне дэфіцыту бягучага рахунку і падтрымаць спажыванне тавараў працяглага карыстання ўнутры Беларусі. Вядома, што працоўная міграцыя дазваляла некваліфікаваным работнікам хутчэй знайсці добрую працу, аднак у сувязі з працяглымі праблемамі ў беларускай эканоміцы пошукі лепшай долі вядуць да адтоку кваліфікаваных кадраў.

Эканамісты з Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнта адзначаюць, што сітуацыя са збядненнем і актыўным пошукам працы за мяжою будзе характэрная для Беларусі і ў наступныя гады, бо няма крыніцы для росту заробкаў, сацыяльных выплат. «Ёсць рызыкі паўтарэння 2011 года, — гавораць эканамісты. — У 2013 годзе па аптымістычным сцэнары рост эканомікі замарудзіцца да 3,3 % і мінус 0,6% — пры горшым варыянце развіцця падзей. І ў выпадку дадатковых эканамічных шокаў, напрыклад знешніх, варта чакаць пагаршэння дабрабыту насельніцтва».

Абмеркаванне:

  • adeptw
  • 2012-12-20 03:21:48
Hutka zarobak budze 700 janotaw, tak shto ne palohajce.

Каментаваць