Беларусаў становіцца ўсё менш

За апошніх дваццаць гадоў колькасць насельніцтва Беларусі зменшылася на 1,2–1,3 мільёна чалавек. Памёр кожны дзясяты беларус. Прырасло толькі насельніцтва Мінска — на 244 тысячы чалавек, Гродна — на 56 тысяч, Брэста — на 33 тысячы жыхароў. Іншыя буйныя і малыя гарады, гарадскія і рабочыя пасёлкі, аграгарадкі і вёскі ці стагніравалі, ці скідвалі колькасць насельнікаў.



Можна сказаць, што законы, у адпаведнасці з якімі рухаецца насельніцтва Беларусі, вызначаюць высокую адмоўную дынаміку і не дапамагаюць захаванню яе патэнцыялу.

Вядома, што ў 1994 годзе колькасць насельніцтва Беларусі дасягнула гістарычнага максімуму і склала 10 мільёнаў 367 тысяч чалавек. Пасля ў краіне пачалася дэпапуляцыя — колькасць насельніцтва ў 1995 годзе зменшылася да 10 мільёнаў 210 тысяч чалавек.

Страты склалі 157 тысяч. Вельмі вялікая лічба. Яна ўзнікла ў выніку змяншэння нараджальнасці і павелічэння смяротнасці, але ў асноўным з-за ад’езду ў свае родныя мясціны вайскоўцаў ды іншых спецыялістаў пасля распаду СССР. Адначасова на радзіму з іншых савецкіх рэспублік пачалі вяртацца беларусы.

Адток — прыток

Лічылася, што ў хуткім часе сітуацыя ўраўнаважыцца. Але так не адбылося. Адток насельніцтва ў разы перавышаў прыток. Гэта вельмі непакоіла адміністрацыю Лукашэнкі, бо дэпапуляцыя супала з пачаткам яго прэзідэнцтва. Крытыкі вінавацілі Лукашэнку ў тым, што пры ім распачаўся натуральны генацыд беларусаў.

Не разумеючы нюансаў праблемы, кіраўнік Беларусі ўсур’ёз пачаў абараняцца. Усё пайшло ў справу — ад публічнай агітацыі за падвышэнне нараджальнасці да матэрыяльнага заахвочвання. За гэтыя гады колькасць дзяцей і ўнукаў Лукашэнкі павялічылася, але, у агульным і цэлым па краіне, колькасць насельніцтва скарацілася.

У 2000-я гады натуральныя страты насельніцтва складалі па 30–50 тысяч чалавек штогод. І толькі часткова яны кампенсаваліся за кошт імігрантаў. Да таго ж, шмат хто з іх прыязджаў у Беларусь не столькі жыць, колькі дажываць. Прыкладам, расійскія пенсіянеры куплялі таннае жыллё ў беларускай правінцыі.

Вось так і атрымалася, што на 1 снежня 2013 года Беларусь мае 9,4678 мільёна насельнікаў, на 900 тысяч чалавек меней, чым было на канец 1994 года.

Слоў з гэтай нагоды сказана шмат, абяцанняў зроблена не меней, але відавочна, што актыўная дэмаграфічная палітыка Лукашэнкі правалілася. Падаецца, што ўвогуле, калі б ніякай палітыкі не праводзілася, плён быў бы такім жа. Бо дэмаграфія паляпшаецца сама па сабе тады, калі вялікая частка жанчын пад уздзеяннем абставін дылему «нараджаць ці ўстрымацца» вырашае на карысць першага.

Прыкладам, пасля вайны былі забароненыя аборты. Але ж і пасля 1955 года, калі аборты былі дазволеныя, колькасць насельніцтва ў Беларусі інтэнсіўна павялічвалася. Паводле перапісу 1959 года, у БССР было 8,056 мільёна жыхароў, па дадзеных чарговага перапісу ў студзені 1970 года — 9,002 мільёна чалавек. І гэты пры тым, што «партыя і ўрад» ніякай адмысловай дэмаграфічнай палітыкі не праводзілі. Хоць людзі жылі бедна і недэмакратычна, але за 10 гадоў колькасць насельніцтва ўзрасла на 1 мільён чалавек.

Насуперак дзяржаўнаму клопату

Можна сказаць, што беларусы «пладзіліся і памнажаліся» не дзякуючы дзяржаўнаму клопату, а насуперак яму. Так, у 1940 годзе натуральны прырост склаў 13,7 чалавека на 1000 насельніцтва, у 1950 годзе — 17,5 чалавека. Гэта было больш, чым у іншых савецкіх рэспубліках, за выключэннем сярэднеазіяцкіх, Азербайджанскай, Армянскай і Малдаўскай рэспублік.

Перажыўшы такую вайну, беларусы хацелі жыць і радавацца. Адсюль — высокая нараджальнасць пры скарачэнні смяротнасці. Натуральны прырост працягваўся да канца 1960-х і на пачатку 1970-х гадоў.

Зараз іншае. Паводле дадзеных Белстата, натуральныя страты ў студзені-лістападзе 2013 года склалі 6 553 чалавекі, іміграцыйны прырост — 10 543 чалавекі і кампенсаваў натуральныя страты на 4 тысячы чалавек. Можна пакорпацца ў даведніках наконт якасці чалавечага капіталу і яго выкарыстання ў Беларусі, але адразу адзначу, што большую частку гэтых імігрантаў складаюць студэнты, што прыехалі вучыцца ў нашых універсітэтах.

Акрамя таго, значную частку імігрантаў складаюць нізкакваліфікаваныя працоўныя, што прыехалі зарабіць капейчыну на беларускіх будоўлях ці калгасных (зараз усе яны — СВК) палях. Затое з’ехалі з Беларусі пераважна адукаваныя, высокакваліфікаваныя і, што вельмі важна, ініцыятыўныя працаўнікі. І калі яны вернуцца, ды ці вернуцца наогул, — вялікае пытанне.

Колькасць насельніцтва ў гарадах Беларусі:

Сёння па статыстыцы ў Мінску жыве 1917 тыс. чалавек (у 1994 годзе — 1693,3 тыс. чалавек), у Магілёве — 370,073 тыс. чалавек (у 1994 годзе — 367,4 тыс. чалавек), у Гомелі — 520 тыс. чалавек (у 1994 годзе — 518,3 тыс. чалавек), у Віцебску — 369 тыс. чалавек (у 1994 годзе — 373, 4 тыс. чалавек), у Брэсце 329,6 тыс. чалавек (у 1994 годзе — 292,6 тыс. чалавек), у Гродна — 355 тыс. чалавек (у 1994 годзе — 299 тыс. чалавек).

Колькасць насельніцтва за 20 гадоў у Мінску, Мінскай вобласці, абласных гарадах і гарадах рэспубліканскага падпарадкавання (Баранавічы, Пінск, Наваполацк, Жодзіна, Бабруйск, а таксама ў такіх буйных райцэнтрах, як Ліда, Салігорск, Барысаў ды некалькі іншых, трохі вырасла, але вельмі нераўнамерна. Прыкладам, насельніцтва Пінска павялічылася на 7 тысяч, Баранавічаў на 1 тысячу. А вось ў Бабруйску зменшылася на 10 тысяч.

Стагнацыя

Можна сказаць, што для дэмаграфіі абласных гарадоў відавочная стагнацыя. Нават з улікам імігрантаў, замежных і тутэйшых, за 11 месяцаў 2013 года колькасць насельніцтва ў Брэсцкай вобласці скарацілася на 1,6 тысячы чалавек, у Віцебскай — на 5,7 тысячы, у Гомельскай — на 2,2 тысячы, у Гродзенскай — на 3,4 тысячы, у Магілёўскай — на 3,3 тысячы чалавек.

Дынамічна расце толькі Мінск, насельніцтва якога ў 1970–1980-я гады амаль падвоілася — з 917 тысяч да 1,7 мільёна чалавек. Мінск расце на фоне стагнацыі іншых гарадоў і дэпапуляцыі сельскай мясцовасці.

З улікам гэтага трэба сказаць, што агульная колькасць гараджан за 20 гадоў павысілася на 340 тысяч, а колькасць сялян паменшылася на 1,2–1,3 мільёна чалавек.

Адраджэнне ці заняпад

Калі Пётр Пракаповіч мроіць пра 2,5 мільёна кароў, якія залілі б беларускія рэкі тлустым малаком, хай бы падумаў, дзе ён збіраецца шукаць даярак нават для тых кароў, якія ўжо ёсць. Згодна са статыстыкай, занятасць у сельскай гаспадарцы складае блізу 400 тысяч чалавек. Яны вымушаны даглядаць 4,2 мільёна скаціны, у ліку якой 1,4 мільёна кароў і 2,9 мільёна свіней. А людзей няма, і дзе іх браць — пытанне.

Перспектыва гранічна песімістычная. У Брэсцкай вобласці з 16 раёнаў колькасць насельніцтва крыху вырасла толькі ў трох раёнах. У Віцебскай — з 21 раёна — толькі ў адным Пастаўскім. У Гомельскай вобласці дадатную дэмаграфію паказалі толькі Жлобін і Мазыр, дзякуючы буйным прадпрыемствам — металургічнаму ў Жлобіне і нафтаперапрацоўчаму ў Мазыры. Натуральныя страты ў астатніх раёнах перавысілі 2 тысячы чалавек.

У Магілёўскай вобласці ні ў адным з раёнаў няма дадатнай дэмаграфіі, натуральныя страты перавысілі 2,5 тысячы чалавек. У сталічнай вобласці дадатная дынаміка адзначана ў 4 раёнах з 22, страты — 2,3 тысячы чалавек. У Гродзенскай вобласці страты склалі 3,1 тысячы чалавек у 16 сельскіх раёнах. Выключэнне — Лідскі раён, дзе горад мае без малога 100 тысяч насельнікаў, да якога адміністратыўна належаць 33 тысячы сельскіх насельнікаў. Прыблізна такая ж сітуацыя і з Барысаўскім раёнам: 146 тысяч насельнікаў у горадзе і 38 тысяч вяскоўцаў.

Вельмі зручна параўноўваць чыста сельскія раёны. Клецкі і Капыльскі, якія маюць амаль аднолькавую колькасць насельніцтва (гарады па 10 тысяч), раёны па 19 тысяч, колькасць народжаных блізу 300, памерлых — каля 550. Такім чынам, смяротнасць пераганяе нараджальнасць у 1,8 разу. У Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці — у 2,6 разу, у Зэльвенскім — у 2,3 разу.

Першымі паміраюць вёскі. Быццам у адказ на праграму адраджэння сяла, якую начальства выканала і пра паспяховасць якой адрапартавала.

Каментаваць