Беларусізацыя можа стаць тэндэнцыяй?

На 42-м з’ездзе БРСМ Лукашэнка зноў казаў пра важнасць беларускай мовы. Што стаіць за гэтымі выказванням, кан'юнктура ці тэндэнцыя? Пра гэта разважае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.



“Існуе меркаванне, што ў сучасным свеце няма месца нацыянальным культурам, а на змену ім прыходзіць адна — глабальная. Мяркую, што гэта не так. У кожнага народа ёсць ўласная сістэма каардынатаў, вектар развіцця, зададзены яго гістарычным вопытам і нацыянальнай культурай, — сказаў кіраўнік Беларусі. — Праз іх прызму мы ўспрымаем свет: ці мы далучаемся да эканамічных альянсаў, ці  пераймаем тэхналогіі, ці прылучаемся да сусветнай культуры, мы ўсё роўна ўсё ламаем праз сябе. І гэта дазваляе нам перажыць, “пераварыць”, калі хочаце, глабалізацыю, узяць ад яе толькі тое, што нас умацоўвае”.

“Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а не проста “тутэйшым”, у якім бы пункце зямнога шара ён ні знаходзіўся, — адзначыў Лукашэнка. — Не толькі наша самая багатая спадчына: літаратура, музыка, архітэктура, але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны помніць, і каштоўнасці, якія мы павінны паважаць, — падкрэсліў Лукашэнка.

На думку старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алега Трусава, такія выказванні беларускага кіраўніка звязаныя з тым, што “рускі мір” можа пазбавіць яго ўлады.

“Рускаму міру” нават Лукашэнка не патрэбны. Ім патрэбна “адзіная і недзялімая”. Ім трэба захапіць Беларусь шасцю губернямі. Ніякія беларускія прэзідэнты, хоць бы яны і па-кітайску гаварылі, расійцам не патрэбны. Тым больш што яны ўсур’ёз рыхтуюцца да захопу Беларусі асабліва гэтага і не хаваюць. Розныя расійскія аналітыкі кажуць, што пасля Украіны будзе Беларусь. Так што нічога дзіўнага тут няма”, — адзначае Алег Трусаў.

Дзіўна тое, звяртае ўвагу кіраўнік ТБМ, што Лукашэнка кажа адно, а ягоныя чыноўнікі з міністэрства адукацыі робяць іншае.     

“Нядаўна я ім напісаў ліст. Але яны не збіраюцца выконваць нічога з таго, што ім казаў у мінулым годзе. Напрыклад, гісторыю і геаграфію Беларусі як выкладалі па-руску, так і выкладаюць, падручнікаў для тых, хто выкладае на мове, як не было, так і няма. Колькасць гадзін на беларускую мову не павялічылі. Ніводнай новай беларускамоўнай школы за апошнія дзесяць год не адкрылі. Вось вам канкрэтныя факты”, — пералічвае Алег Трусаў.

Ці ўспрымуць наўпрост словы Лукашэнкі чальцы БРСМ, да якіх звяртаўся кіраўнік дзяржавы? Па словах Алега Трусава, у гэтай арганізацыі, куды “заганяюць сілай”, ёсць людзі, якія някепска ведаюць беларускую мову. “Гэта аморфная маса, і я не думаю, што адбудуцца істотныя змены ў той ці іншы бок. Але сярод іх багата людзей, што ведаюць мову. Туды ж запісваюць пагалоўна ўсіх дзяцей і студэнтаў, але ж там людзі розныя. Я вучу студэнтаў, яны таксама на 70% БРСМаўцы. Але як мінімум палова добра размаўляе па-беларуску, — адзначае старшыня ТБМ.

У любым выпадку, мяркуе Алег Трусаў, такія цяперашнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі лепей, чым яны былі раней. “Магчыма, для кагосьці гэта стане апошняй кропляй: маўляў, калі прэзідэнт ужо такое гаворыць, дык і я буду беларусам. Такія выпадкі могуць быць, і дай Бог, каб іх было болей. Але пакуль што гэта словы, а спраў няма”, — лічыць суразмоўца.

Заявы Лукашэнкі — кан’юнктурныя ці беларусізацыя, хоць і павольная ды прыхаваная, можа стаць тэндэнцыяй?

“Гэта ад нас з вамі залежыць. На якой мове вы будзеце размаўляць у краме, на якой мове будуць размаўляць вашы дзеці, на якой мове вы будзеце размаўляць з вашай цёшчай і жонкай, на такой мове будзе размаўляць і прэзідэнт. Усё залежыць толькі ад нас з вамі”, — упэўнены старшыня ТБМ.

Каментаваць