Беларусь — гэта не Мінск

«Цяпер вы ўбачылі сапраўдную Беларусь, зазірнулі за вылізаны фасад. Мінск — гэта ўсяго толькі намаляваны ачаг у жалю вартай каморцы Таты Карла. І за тым намаляваным ачагом уваход не ў тэатр, а ў пакой жахаў»



Новыя тэхналогіі, адсутнасць сродкаў і фіксацыя на сталічным жыцці сапсавалі мінскую незалежную журналістыку, звузіўшы яе кругагляд. На паездкі за МКАД часцяком банальна няма грошай. Навошта ехаць, калі можна проста «накапаць» нешта ў сеціве. І што там наогул глядзець, калі нічога цікавага няма, ўсё самае галоўнае адбываецца ў Мінску. Такі падыход, на мой погляд, моцна сказіў уяўленне сталічных журналістаў пра Беларусь у цэлым.

«Мы жывем, пад сабою не чуем краіны»

Я не адзін такі, але патлумачу на сваім прыкладзе. Літаральна на мінулым тыдні, з'ездіўшы ў Рагачоў, я зразумеў, што вельмі кепска ведаў сваю краіну. Да гэтай паездкі я быў упэўнены, што ўся Беларусь прыкладна такая самая, як мой родны Мінск. Чыстая, акуратная, з роўнымі новымі дарогамі, новабудоўлямі, з фабрыкамі і заводамі, якія, магчыма, працуюць на склад, але працуюць. З дарожкамі, лаўкамі і ліхтарамі ў цэнтральных парках. Амаль не кранутая карупцыяй, у параўнанні з нашым усходнім (ці паўднёвым) суседам. І з палітычнай адлігай, то бок вітрыннай лібералізацыяй. Ва ўмовах якой улады намагаюцца калі не быць, дык прынамсі выглядаць дэмакратычнымі.

У Рагачове гэтая карціна разбілася ўшчэнт, на друзачкі. Ужо на выездзе з Рагачову я пачуваўся гэтак жа сама, як пачуваўся летам 2014 года, канчаткова выязджаючы з акупаваных тэрыторый на Данбасе на тэрыторыю, падкантрольную Украіне. Тады мой італьянскі сябра выгукнуў: «Чортаў Данбас! Нарэшце мы ў цывілізаванай краіне!» Дык вось, калі мы вярнуліся з Рагачова ў Мінск, я ўздыхнуў з палёгкай, нібыта прыехаў у зусім іншую, свабодную і заможную краіну. 

Рагачоў аказаўся нечым сярэднім паміж «беларускай Сіцыліяй» і «беларускай Паўночнай Карэяй».

Мінск гэта яшчэ не Беларусь

Дарэчы, я б ніколі туды, мабыць, і не трапіў, калі б мая дапамога не была патрэбна здымачнай групе брытанцаў. Яны на замову Google рабілі ў Беларусі фільм пра «свабоду самавыяўлення і новыя тэхналогіі». І ў якасці аднаго з герояў абралі Дзяніса Дашкевіча. Мясцовага незалежнага журналіста, рэдактара сайта Vrogacheve, барацьбіта з чыноўніцкай карупцыяй і абыякавасцю.

На мой сорам, спачатку я ўгаворваў сваіх калегаў адмовіцца ад гэтай паездкі. Бо ведаў, наколькі дарагі для іх час і нічога не ведаў пра той Рагачоў. Калі ж я пачуў ад іх пераказ словаў Дзяніса пра нечуваную карупцыю і неверагодны ўзровень рэпрэсіўнасці мясцовых уладаў, я вырашыў, што малавядомы правінцыйны актывіст перабольшвае, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Прабач, Дзяніс!

У выніку паездкі брытанскія калегі былі адначасова шакаваныя і страшэнна задаволеныя — Рагачоў напоўніцу даў зразумець, што такое свабода самавыяўлення ў Беларусі і з чым яе ядуць улады.

Дзяніс пачаў здымачны дзень са словаў: «Вы мусіце ведаць, што Беларусь —  гэта не Мінск». То бок не вылізаная, даволі заможная, цалкам еўрапейская з выгляду, упарадкаваная краіна. Гэта краіна пакрытая плямамі беднасці, распаду і чынавенскага самадурства. Краіна даволі панылая і страшнаватая. Не ведаю, ці можна словы Дзяніса аднесці да «васьмідзесяці адсоткаў Беларусі», як ён сцвярджаў, але Рагачоў сапраўды аказаўся такім.

Дрыгва замест парку з фантанамі

Мы папілі кавы з цукеркамі Roshen у яго дома, абмеркавалі планы на дзень і першым чынам паехалі паглядзець на цэнтральны рагачоўскі парк. Брытанскія калегі доўга не маглі зразумець, навошта ім ехаць у парк «з фантанамі, лебедзямі і французскімі турыстамі». На які ўладамі былі выдзеленыя вялізныя грошы — толькі па афіцыйнай, магчыма, не поўнай інфармацыі, каля 600 тысяч долараў. Добра, што Дзяніс пераканаў брытанцаў — ГЭТА абавязкова трэба пабачыць на свае вочы. Ну ок, давай паглядзім, без асаблівага энтузіязму сказалі брытанцы, але паехалі.

Прыехалі на месца. Пакруцілі галовамі. Не згаворваючыся, усе разам спыталі ў Дзяніса: «А дзе ж парк?!»

Ну як дзе, кепліва адказаў Дзяніс, вось лебедзі, вось фантаны, вунь французскія турысты. Прынасмі, кажа ён, улады іх бачаць. А вось мясцовыя жыхары і незалежныя журналісты — не. Такім чынам, грамадства жыве з уладамі ў паралельных рэальнасцях.

Замест цудоўнага парку мы пабачылі зарослую пустазеллем і быллём пустку, засмечаную пустымі пляшкамі ад спіртных напояў і няпарнымі ботамі. «Магчыма, засталося ад французскіх турыстаў», — гаворыць Дзяніс.

Пустку «ўпрыгожвалі» дзве крывыя копанкі з мутнай вадой. «Не выключана, што мясцовыя ўлады нешта ведалі пра надыходзячы крызіс і вырашылі, што зараз будзе не да прыгожасці. Абы неяк пракарміцца. Бо мясцовыя жыхары знайшлі гэтым копанкам карыснае прымяненне — запусцілі сюды карасёў і вудзяць», — кажа герой брытанскага фільму.

Менавіта з размовы з мясцовым жыхаром, вельмі чырванатварым, але разумным і цікаўным пенсіянерам з унукам, і пачалася нейкая «беларуская Сіцылія» ці «беларуская Паўночная Карэя».

Дзед весела і кепліва распавядаў нам пра тое, што «тыя ёлупні толькі горш зрабілі», бо на гэтым месцы раней быў сапраўдны парк, з прыгожымі дрэвамі і алеямі, якія яны пасеклі, распавядаў, як ужо былі завезлі матэрыялы, але тыя як з'явіліся, так і зніклі раптоўна, а потым сюды следчая група прывозіла мэра горада, дык ён нешта ім там паказваў хадзіў, мэра пасадзілі, а парк як быў Дрыгвой (нефармальная назва месца, якую далі мясцовыя жыхары — аўт.), гэтак суцэльнай Дрыгвой і застаецца. Хіба што карасёў вудзім, а так суцэльнае паскудства, цьху, куды толькі прэзідэнт глядзіць! Мо таму, што ён ніколі тут не бываў, чыноўнікі і расперазаліся. А можа, усе яны там наверсе аднолькавыя, каб ім пранцы. Саджаюць кагосці пастаянна, а да лепшага ні халеры не мяняецца. 

Беларуская Сіцылія

Здымаем дзеда, які з цікаўнасці захацеў разам з унукам «патрапіць у цілявізар». І тут паўз нас павольна праязджаюць тры машыны, напоўненыя каржакаватымі мужчынамі ў характэрных вязаных шапачках. Крыкліва дарагімі і новымі на тле Дрыгвы. Выглядала гэта, як у нейкім крымінальніцкім серыяле — мафіёзі прыехалі на пустку «вырашаць пытанні».

«Разумееце, калі вы здымалі толькі мяне, яны б не хваляваліся і маглі нас праігнараваць. Бо мяне можна прадставіць грамадскасці, як пятую калону, грантацмока, клятага апазіцыянера і ворага народу. А вось калі вы пачалі размаўляць з простымі людзьмі, і яны пачалі казаць тое ж самае, што кажу я, у іх нервы не вытрымалі», — тлумачыць Дзяніс з'яўленне на сцэне тых «мафіёзі», сярод якіх ён пазнаў мясцовых міліцыянтаў і чыноўнікаў.

Сталі трохі на аддаленні. Выйшлі з машыны, рукі ў кішэнях, вязаныя шапкі на лоб, стаяць і глядзяць на нас нядобрымі вачыма. Ну ок, давай, Дзяніс, пакажы, які ты смелы незалежны журналіст. Падыйдзі і спытай, хто яны і навошта сюды прыехалі. 

Як толькі мы да іх падышлі з камерай, «мафіёзі» усе разам ад нас адвярнуліся, пачалі рухацца, удаючы, быццам яны прыехалі на засмечаную пустку па нейкай сваёй вельмі важнай справе. Размаўляць адмовіліся, буркнуўшы нешта нявызначана пагрозлівае.

Мы пайшлі да сваёй машыны, бо цікавы сюжэт цікавым сюжэтам, але застацца на пустцы з хеўрай суворых мужыкоў бандыцкага выгляду нікому не хацелася. А нашу машыну ўжо прыціснуў дарагі белы мікрааўтобус. Адтуль выскачыла тыповая беларуская начальніца, якая аказалася галоўным ідэолагам гораду, стала хапаць Дзяніса Дашкевіча за рукі, спрабуючы адцягнуць далей ад камеры. Што вы тут робіце, што вы здымаеце, чаму вы ніяк не супакоіцеся, праблемаў хіба захацелі, дык я вам ствару праблемы.

Пасля доўгай і бессэнсоўнай спрэчкі з чыноўнай цётачкай Дзяніс спытаў, ці не магла б яна адпусціць нас паснедаць.

«Навошта вам яшчэ снедаць, вы ўжо папілі кавы з рашэнаўскімі цукеркамі, хопіць з вас. Мне здаецца, што брытанскім таварышам ужо час паехаць з гораду, а не снедаць яшчэ тут», — ашаламіла нас сваімі ведамі спадарыня Тамара Вераб'ёва, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Дадаўшы на развітанне, што яны «сёння ж пачынаюць рэканструкцыю парку». Для гэтага, маўляў, і прыехалі.

Едзем снедаць. За намі — белы мікрааўтобус і тыя самыя тры машыны. Машын потым стане болей, за намі паўсюль будзе «хвост», па ўсім горадзе, усюды будуць чакаць «ціхары», у самых аддаленных кутках гораду.

Падчас сняданку ад «свайго чалавека» у гарадскім выканкаме прыйшло паведамленне, што супраць нас рыхтуецца правакацыя. Дзяніса збіраюцца арыштаваць за хуліганства. Пазней мы атрымаем інфармацыю, што рагачоўскія ўлады паведамілі ў цэнтр, нібыта брытанцы ходзяць па горадзе п'яныя, крычаць, размахваюць рукамі і, увага, «паводзяць сябе непаважліва, як тыя каралі тут багуюць». Такім чынам яны тлумачылі Мінску арганізаваную супраць нас маштабную спецаперацыю.

Калі мы ад'язджалі ад кавярні, дарогу нам рэзка перакрыў іншы мікрааўтобус, прыехала ДАІ, праверылі дакументы і машыну. За ўсім гэтым з свайго мікрааўтобусу сачыла спадарыня Вераб'ёва.

Паблізу ад закрытага агародніннага завода, у занядбаным раёне горада з нефармальнай назвай «Паўночная Карэя», нас «пасвілі» не меней за пяць машын. На ўсёй хуткасці туды прыехала дырэктарка караоке-бару, адкрытага на месцы былой прахадной заводу, каб паведаміць, што завод нібыта ўжо ледзве не заўтра купяць нейкія там расіяне.

Заўважу, што перад тым Дзяніс нам доўга распавядаў, што за той завод чыноўнікі зарадзілі «неадэкватную цану», бо, на яго думку, на горад і людзей ім пляваць, яны сядзяць і чакаюць адкатаў. Але замежныя інвестары, які прыязджалі ў Рагачоў, схемы не зразумелі, таму заводы ніхто і не купіў дасюль. Большая іх частка ў Рагачове або збанкрутавала і закрылася, або ледзь ліпеюць і хутка таксама могуць ляснуцца.

На пад'езде да закрытай мэблевай фабрыкі дарогу нам перакрыў грузавік, каля якога завіхаліся людзі ў вайсковай форме... Брытанцы папалохаліся ўжо не на жарт, месца было бязлюднае, закрытае, хто яго ведае, што тут можа здарыцца.

Беларуская Паўночная Карэя 

І вось якраз калі брытанцы пачалі выказваць сур'ёзную занепакоенасць, мясцовыя ўлады раптоўна вырашылі змяніць тактыку. Прыйшла інфармацыя з гарвыканкаму, што нас чакаюць у гарадскім музеі, каб правесці для нас экскурсію, сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі, БРСМ і піянерскай арганізацыі, ледзве не хлеб-соль з песнямі і танцамі.

Брытанцаў гэтая прапанова спалохала ці не болей, чым усё, што адбывалася дасюль. Дзяніс, які казаў, што «ніколі ў жыцці ні з чым падобным не сутыкаўся», таму яму карцела паехаць, з цяжкасцю іх угаварыў.

Але калі на месцы дырэктар музею даведаўся, што нам не патрэбныя экскурсія і хлеб-соль, мы хацім толькі сустрэцца з мясцовай адміністрацыяй, каб спытаць пра Дрыгву і перашкоды, якія чыняцца працы незалежнага журналіста, сустрэча раптоўна адмянілася.

Мы развіталіся з дырэктарам музею і перайшлі дарогу, каб завітаць да гарвыканкаму. Каля будынку стаялі два аўтобусы, вакол якіх тоўпіліся каржакаватыя мужыкі ў характэрных вязаных шапачках. З іх боку даносілася: «Гэй, прыдуркі, што вы там здымаеце? Сюды ідзіце, мы вам тут нешта пакажам!»

Адначасова з віскам да нас падкаціў мікрааўтобус, адкуль выскачыла спадарыня Вераб'ёва: «Ды каб вы праваліліся, што вы тут усё ходзіце, што вы не супакоіцеся ніяк, што вы тут здымаеце! А ну выключы камеру, ты мае правы парушаеш, ты не маеш права мяне здымаць! Едзьце з горада, каб я вас тут больш не бачыла!» Залішне казаць, што ў гарвыканкам нас не пусцілі, выштурхаўшы сілком на ўваходзе...

Брытанцы былі задаволеныя, што ў іх атрымалася зняць увесь гэты цырк. Але разам з тым яны былі вельмі спалоханыя. Настолькі, што крыкам крычалі, калі мы спыніліся на запраўцы ўжо даволі далёка ад Рагачова, дзе не працавалі тэрміналы і трэба было пачакаць хвілін пятнаццаць. Мы нават пасварыліся праз тое, бо я ўспрыняў іхны крык, як наезд на гераічнага вадзіцеля, які нават брывом не варухнуў у Рагачове падчас той дзікай перадзелкі. Хаця рызыкаваў, мабыць, ці не болей за журналістаў.

«Гэта чыстая банда, рабяты, натуральная Сіцылія... Цяпер вы ўбачылі сапраўдную Беларусь, зазірнулі за вылізаны фасад. Мінск — гэта ўсяго толькі намаляваны ачаг у жалю вартай каморцы Таты Карла. І за тым намаляваным ачагом уваход не ў тэатр, а ў пакой жахаў. Шкада толькі, што сталічныя журналісты вельмі мала цікавяцца правінцыйным жыццём», — смеючыся, сказаў Дзяніс Дашкевіч на развітанне.

Калі рыхтаваўся гэты матэрыял, Дзяніс падзяліўся з аўтарам інфармацыяй аб тым, што пасля нашага ад'езду гарвыканкам замовіў двухмятровыя платы — каб схаваць ад непажаданых вачэй тую самую Дрыгву.  

ФОТА Дзяніса Дашкевіча. Прайсці дадатковую фотаэкскурсію Занядбаны Рагачоў

Абмеркаванне:

  • Рыгор
  • 2016-03-28 22:58:59
Куда катимся?!!
  • Дзяркач
  • 2016-03-28 23:24:40
У любым раённым цэнтры, у любым мястэчку журналіст са сталіцы знайшоў бы для сябе і для чытачоў цікавае. І грошай на камандзіроўку знайшлі, але ж няма ахвоты! У большасці.
  • Мікола
  • 2016-03-29 00:44:11
Цікава, што пакінуць у сваім фільме (сюжэце( брытанцы? І дзе яго можна пабачыць?
  • Константин
  • 2016-03-29 01:23:31
Сумна. Здаецца, гэта назаўжды.
  • Адвент
  • 2016-03-29 08:40:40
За што толькі грошы плацяць гэтым гора-ідэолагам? Гэтым малойчыкам у вязаных каптурках?
  • Паўло
  • 2016-03-29 11:20:10
Усё ж, правінцыя - паняцце не толькі і нават не столькі геаграфічнае... Было б цікава зрабіць шэраг параўнальных матэрыялаў. І з іншымі маленькімі гарадкамі Беларусі, і з правінцыйнымі паселішчамі
заходніх суседзяў: ці ёсцьвялікія адрозненні Рагачова ад першых, а першых - ад другіх? Ці не рытарычнае гэта пытанне?
  • ВР
  • 2016-03-29 12:38:45
Я карэнны мінчук, з 2001 г. часта бываю ў Шчучыне (як хто не ведае, гэта райцэнтр накшталт Рагачова, толькі ў Гродзенскай вобласці). Няма там такіх жахаў, і фантан улетку працуе. Калі казаць пра
"дарожкі, лаўкі і ліхтары ў цэнтральных парках", то вялікага кантрасту з Мінскам я не адчуваў ні ў Шчучыне, ні ў Лідзе, ні ў Смаргоні, ні ў Маладзечне. Ясна, што на перыферыі людзям
збольшага цяжэй жывецца, але залішне драматызаваць ("нешта сярэдняе паміж «беларускай Сіцыліяй» і «беларускай Паўночнай Карэяй»") я б не стаў.
  • Андрэй
  • 2016-03-29 12:46:38
Проста ёсць істотная розніца паміж райцэнтрамі ў Заходняй і ва Усходняй Беларусі. І як савецкая ўлады не імкнулася гэту розніцу зневіляваць, у яе гэта не атрымалася
  • ВР
  • 2016-03-29 13:39:03
Згодзен, розніца ёсць, але ці такая ўжо істотная?.. З аднаго боку, і ў Шчучыне ёсць помнік Леніну, нейкія занядбаныя будынкі (калі пашукаць). З другога, летась праязджаў праз Оршу, дык і яна цяпер
выглядае даволі зухавата, калі параўноўваць з другой паловай 90-х. Нават калі адкрыць orsha.eu - ніякага параўнання з Паўночнай Карэяй.

Пра Рагачоў ведаю менш, бо не быў там. Спадзяюся сёлета з'ездзіць на дзень беларускага пісьменства. Прываблівае ўжо тое, што ў горадзе ёсць музей Караткевіча, і гадоў 5 таму ўлады пераназвалі ў гонар
пісьменніка вуліцу Чкалава.
  • Данила Баравик
  • 2016-03-29 13:55:27
Дятлово куда краше нежели Быхов) это факт!
  • ВР
  • 2016-03-29 14:01:28
Але не факт, што Івацэвічы ў Брэсцкай вобл. прыгажэйшыя за Горкі ў Магілёўскай! :)
  • Алена
  • 2016-03-29 15:29:11
ВР ў адказе Вам нагадаў пра Горкі. Але гэта не зусім карэктны прыклад: Горкі - гэта БСГА як цеэнтр, які робіць гарадок прывабным і не падобным на іншыя малыя райцэнтры. Ён такі - адзіны ў Беларусі,
таму з ім параўноўваць не вельмі карэктна.
  • ВР
  • 2016-03-29 14:13:06
Трохі памыліўся. Гэта ў Оршы музей Караткевіча, а ў Рагачове - дом, дзе ён жыў і працаваў. Ля дома - памятны знак з надпісам "гэты дом многія гады быў творчым прытулкам выдатнага беларускага
пісьменніка Уладзіміра Караткевіча". Сёлета ж у Рагачове можа быць адкрыты і помнік аднаму з герояў Караткевіча - Гервасію Выліваху. А наконт нечуванай карупцыі ў горадзе... Рыба гніе з
галавы, і тое, што робіцца ў Мінску, мяркую, рагачоўцам і не снілася.
  • Кастусь
  • 2016-03-29 12:50:59
Гэта ў нейкім сэнсе - адказ на пытанне Паўло ў каментары да тэкста. Можна спадзявацца, што ў заходніх частках краіны сітуацыя не такая змрочная. Але на магілёўшчыне і віцебшчыне яна можа быць
падобнай. Цікава, ці ёсць чытачы з гэтых мясцін? Як там зараз жывецца?
  • Сергей
  • 2016-03-29 20:52:48
Да нормальный город местами даже красиво ((( http://ang7777.livejournal.com/3603.html
  • ВР
  • 2016-03-29 21:30:03
Што ж, паглядзеў Вашу спасылку. Перш чым разважаць пра стан бел. эканомікі, няхай нават у асобна ўзятым райцэнтры, трэба ўсё ж правільна расставіць коскі і выправіць у сваім тэксце грубыя
арфаграфічныя памылкі. "Крык душы", аформлены як сачыненне сярэдняга пяцікласніка, не пераконвае.
  • Zmicer
  • 2016-03-30 16:44:58
Плюсую!

Кстати по ссылке в статье такой же безгамотный опус

http://vrogacheve.ru/8620-fotoreportazh-kak-za-15-let-gorod-rogachev-prevratili-v-ruiny.html
  • Иоганн
  • 2016-03-30 15:58:05
И что? Ну в любой стране есть такие места, видимо борцунам очень хочеться показать страну с худшей позиции. Беларусь - не Минск, а вы в других городах были?
  • Бамбр
  • 2016-03-30 16:00:22
Рагачоўскі чыноўнік detected. )))
  • Иоганн
  • 2016-03-30 16:22:01
Борцун detected.
  • Бамбр
  • 2016-03-30 16:26:44
То бок вы не адмаўляеце, што за імем Ёганана хаваецца нейкі рагачоўскі чынуша? )))
  • Иоганн
  • 2016-03-30 16:32:05
Удивительное дело, если кто-то выступает против борцунов, они автоматически думают что это чиновник...
  • Иоганн
  • 2016-03-30 16:34:00
Ёганан - это так на белорусский язык транслитерируется имя Иоганн??
  • Зміцер
  • 2016-03-30 19:48:03
Менавіта з размовы з мясцовым жыхаром, вельмі чырванатварым, але разумным і цікаўным пенсіянерам з унукам, і пачалася нейкая «беларуская Сіцылія» ці «беларуская Паўднёвая Карэя».



Для чаго так абражаеце Паўднёвую Карэю?
  • Зміцер
  • 2016-03-30 20:01:09
Не ўяўляю каб нешта падобнае магло адбыцца ў нейкім правенцыйным горадзе нават у Польшчы, ня кажучы ўжо аб Заходняй Еўропе. Проста пакуль у людзей не будзе павагі да сябе ў першую чаргу ва ўладзе і
будуць такія маленькія царкі, якія баяцца только аднаго - самі-ведаеце-каго
  • Клон
  • 2016-03-31 13:28:51
Противно читать комментарии этих минчан. Приезжайте - поживите и поработайте в Рогачеве. Дауншифтеры живут получше)
  • Аленка
  • 2016-03-31 13:39:19
"І тут паўз нас павольна праязджаюць тры машыны, напоўненыя каржакаватымі мужчынамі ў характэрных вязаных шапачках. Крыкліва дарагімі і новымі на тле Дрыгвы." Прачытала разоў пяць.
Дарагімі шапачкамі??? І ўвогуле, тэма шапачак раскрыта асабліва шырока.

А па сутнасці, канешне, трэба падымаць вострыя тэмы, але ж ад такога драматызму і гіпербалізацыі, юнацкага максімалізму аж дух захапляе! Аўтар публікацыі, здаецца, трапіў у нейкія разборкі
рагачоўскага змагара і чыноўніцы. Некалькі гадоў жыла ў Рагачове. Да, горад не асабліва прывабны. Але ж па Рагачове таксама нельга рабіць вывады. Лоеў, Чачэрск, Ельск і яшчэ дзесяткі месцаў, у якія
можна закахацца с першага візіту. А бруда, балотаў і смецця хапае паўсюль. У той жа Еўропе.
  • Иоганн
  • 2016-03-31 13:56:59
Ну борцуну надо же за что-то зацепится, я вот не пойму как можно определить стоимость шапки? Сицилия, Северная Корея...Змагар далее Рогачева хоть где-то был чтобы так писать?

И да, целиком согласен, найти какое-то болото и оттуда вещать что всё у нас плохо - это так по-оппозиционному :)
  • тутэйшы
  • 2016-03-31 14:01:13
А калі і дзе вы ў той Эўропе бывалі і які "бруд" бачылі: бо бруд ад "бруда" можа вельмі адрознівацца і па паходжанні, і па ўплыву на жыццё людзей. Ці не так, спадарыня
Аленка?
  • Аленка
  • 2016-03-31 19:29:35
Шмат дзе была. Тая ж Францыя - калі па "не турыстычных" маршрутах блукаць, це Германія (Мюнхен). А вось дзе не бачыла, хоць і жыла амаль год - так у Канадзе. Але ж часткова з вамі
пагаджуся - розны менталітэт, рознае усе.
  • Зміцер Галко
  • 2016-03-31 15:13:48
Я называю гэты падыход сіндромам Стася Карпава. Калі хто не ведае, гэта вельмі таленавіты і сапраўды закаханы ў нашу краіну публіцыст, чыя адметнасць - у штыхі ўспрымаць любую негатыўную інфармацыю,
звязаную з Беларуссю. Дык вось ён у палемічным запале пастаянна блытае айчыну з "яго правасхадзіцельствам".



У гэтым тэксте гаворка ідзе якраз пра другое, а не першае. Калі ў нас што і пагана, дык гэта дзяржаўная сістэма. Прасякнутая самадурствам, агрэсіўнасцю і замшэласцю. У гэтым сэнсе рагачоўская
гісторыя - твар чыгавенскай Беларусі, гэта маленечкі фрактал, які паўтарае сабою ўсю сістэму. Калі ж вам сістэма ў цэлым здаецца нармальнай, няма пытанняў тады, ніякіх шанцаў на паразуменне.



Аўтар публікацыі трапіў туды, куды ён трапіў. І апісаў толькі тое, што бачыў на свае вочы і чуў на свае вушы. Без найменшага перабольшвання. Па жыцці мне можа быць уласцівы юнацкі максімалізм, а ў
сваёй працы я намагаюся быць як мага больш узважаным. Бо мне здаецца, што чым больш узважаны тэкст, тым больш балюча ён б'е.



Што да шапачак, так, я не вельмі правільна пабудаваў сказ. І падазраю, што вы таксама пра гэта ведаеце. Гаворка, вядома, пра дарагія машыны, а не шапачкі. Шапачкі ж гэтыя настолькі ўбогія, непрыгожыя
і характэрныя, што я ім яшчэ больш месца гатовы надаць, пра іх наогул хоць трактат пішы. "Людзі ў вязаных шапачках цёмнага колеру".
  • Аленка
  • 2016-03-31 19:24:14
Вось і я аб тым. Чаму няма фотаздымкаў гэтых "шапканосцаў"? Так інтрыгуюча пра шапачкі выкладаеце, што сіл няма, хачу пабачыць. )))

А што да юнацкага максімалізму, дак гэта добра, што ен есць. Асабліва, калі на добрыя справы.

А што, гэтая дама сапраўды так і казала? Калі так і есць, то проста жах! Год культуры яшчэ! Але ж здаецца, там не усе так чыста. У яе свае агенты - пра цукеркі распазналі, у яго (Дзяніса) - свае -
пра музеі. Шпіенскі сюжэт. Не хачу вас пакрыўдзіць, але думаю, што крыху аднабакова сітуацыя раскрыта. Я нават сайт "У Рагачове" прагледзела. Дык не вельмі прыемнае уражанне пра
хлопца складаецца. Калі сапраўды любіш сваю малую радзіму, так не толькі бруд будзеш выкладаць. Ен паказаў вам толькі бруд. Так не бывае.
  • ВР
  • 2016-03-31 19:38:04
Аленка, не забывайцеся ставіць кропкі над "е"! :) У цэлым жа згодзен з Вамі.
  • Зміцер Галко
  • 2016-03-31 19:51:47
Алена, ну з артыкулу ж ясна, што сюжэт, як і сама паездка, з боку аўтара не планаваліся , як журналісткая праца. Я не мог здымаць ані шапачкі, ані што іншае, бо займаўся зусім іншым. Што тычыць
Дзяніса, яго задачай было прадэманстраваць асаблівасці працы незалежнага журналіста ў Рагачове, а не горад нам паказаць з усіх бакоў. Куды хадзіць, куды вадзіць - гэта сюжэт брытанцаў быў. Але потым
мясцовыя чыноўнікі падаравалі свой сцэнар вар'яцкага фільму.
  • Лешы
  • 2016-03-31 14:47:48
Такое адчуванне, што Галко сапраўды да гэтага ні разу не выязджаў за межы МКАД.
  • Адар'я
  • 2016-03-31 15:23:37
У Зміцера на сайце "Новага Часу" цэлая вялікая серыя артыкулаў з Украіны, данбаскага фронту. За якія ён атрымаў летась тры журналісцкія прэміі.



І ён, калі не памыляюся, быў ці не адзіны, хто адразу ж калісці паехаў у Пінск пасля трагедыі на Пінскдрэве. Добра памятаю ягоны рэпартаж адтуль - http://www.svaboda.org/content/article/2205551.html
Напісаны ў вельмі нязвыклым для нашай журналістыкі стылі, спачатку можа падасца "літэратуршчынай", але, як на мой густ, дык вельмі моцны і пранізлівы, чаго ў звычайным рэпартажы не
было б.
  • Лешы
  • 2016-03-31 19:57:46
Я ў тэме дзе быў Галко. Але да чаго гэты пафас?

"Да гэтай паездкі я быў упэўнены, што ўся Беларусь прыкладна такая самая, як мой родны Мінск. Чыстая, акуратная...".
  • ВР
  • 2016-03-31 20:01:55
Напэўна, каб накінуць на вентылятар. Ну, купіліся ж мы :)
  • Зміцер Галко
  • 2016-03-31 20:04:38
Часам і гэтага трэба рабіць, іначай важная тэма згубіцца і застанецца незаўважанай. Але ў гэтым выпадку нічога, акрамя праўды.
  • Зміцер Галко
  • 2016-03-31 20:03:17
Ведаеце, я сапраўды даволі даўна нідзе не быў, акрамя Менску і ваколіцаў. Хіба праязджаў на цягніку-аўтобусе , едучы ва Украіну. Ну і яно неяк з вакна някепска ўсё выглядала, да таго ж, усе вакол
казалі: чыста, парадак, праца і да т.п. Таму ніякага надуманага пафасу, чыстая праўда. І я вельмі шмат калегаў сустракаў, якія ведаюць Беларусь на такім самым узроўні, як я.
  • ВР
  • 2016-03-31 20:25:14
Зміцер, я ўжо ўспамінаў тут Караткевіча. Дык у адным яго творы ёсць харошы выраз, прыводжу па памяці: "Хто найбольш імпэтна хрысціцца і б'е паклоны, той і ёсць найбольшы прайдзісвет".
Вашыя апраўданні ("ніякага надуманага пафасу, чыстая праўда", "Але ў гэтым выпадку нічога, акрамя праўды") не з гэтай оперы? Спасылка ў матэрыяле на, мякка кажучы,
самабытна зробленую "фотаэкскурсію" як бы намякае... (толькі ж не кажыце, што рэдакцыя паставіла гэтую спасылку без Вашай згоды :))

Папраўдзе, я не рызыкнуў бы пасля дня ў горадзе рабіць вывады кшталту "Рагачоў аказаўся нечым сярэднім паміж «беларускай Сіцыліяй» і «беларускай Паўночнай Карэяй»" (ага, і Вы б ужо
вызначыліся - Сіцылія ці П. Карэя). І няўжо для чалавека, які пабываў у зоне баявых дзеянняў, натуральна баяцца нейкіх там шапачак? А калі не баіцеся, то нашто палохаеце імі чытачоў? Трохі смешна ўсё
гэта. Але пішыце, пішыце! :))
  • Алена
  • 2016-04-01 12:20:09
Як можна лічыць сябе , скажам так, спецыялістам па жыцці Беларусі, нічога аб ёй не ведаючы? Пісаць на грамадскія і палітычныя тэмы,разважаць, рабіць нейкія высновы, нічога не бачыўшы акрамя Мінску?
Гэта тактычны ход, вобраз наіўнага хлопчыка ці сапраўды так? Сорамна і прыкра, прабачце.

Каментаваць