Беларусь: інструкцыя па карыстанні

Паважаны юзэр Рэспублікі Беларусь. Дзякуй за тое, што абралі нашу краіну. Калі ласка, пільна прачытайце гэты дакумент перад тым, як пачынаць карыстацца Беларуссю. Адміністрацыя Рэспублікі Беларусь не нясе адказнасці за паломкі вашага мозгу, звязаныя з недастаткова ўважлівым азнаямленнем з гэтым дапаможнікам.



Рэспубліка Беларусь набыла незалежнасць ад СССР 27 ліпеня 1990 года, але Дзень Незалежнасці тут святкуецца 3 ліпеня. Менавіта тады ад немцаў у 1944 годзе быў вызвалены адзін з беларускіх гарадоў.

Дарогі ў Беларусі рамантуюць кожную зіму. Разметку на дарогі наносяць кожную вясну, бо яе змывае за зіму. Калі б дарогі ў Беларусі пракладалі і рамантавалі па-іншаму, патрэбы ў штогадовых рамонтах не ўзнікала б. Але беларусы — працавіты і багаты народ.

Каб паступіць ва ўніверсітэт ці атрымаць пасведчанне кіроўцы ў Беларусі, трэба здаць флюараграфію. Здаваць рэнтген органаў таза, мазок на ЗППП ці МРТ мозгу чамусьці не патрабуецца. Хаця гэта магло б выратаваць не адно жыццё.

Адсутнасць працы ў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з’яўляецца заганай не Рэспублікі Беларусь, а грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. За адсутнасць працы ён павінны плаціць Рэспубліцы Беларусь грошы. Гэта немагчыма зразумець, гэта трэба проста запомніць.

У Беларусі ёсць два сайты: TUT.by і Анлайнер. Іншыя сайты чытаюць толькі незадаволеныя жыццём, заклапочаныя, псіхі і нацыяналісты.

Па тэлевізары ў Беларусі паказваюць расійскія тэлеканалы. Гэта немагчыма зразумець, гэта трэба проста запомніць.

Уручэнне беларусу Нобелеўскай прэміі з’яўляецца нагодай для хвалі масавага абурэння па адной з трох прычын на выбар: 1. Уручаюць не таму. 2. Тыя, хто лічыць, што ўручаюць не таму, не маюць рацыі. 3. Тыя, хто не мае рацыі, бо лічаць, што ўручаюць не таму, насамрэч маюць рацыю. P. S. Падчас уручэння па тэлевізары ў Беларусі працягваюць паказваць расійскія тэлеканалы.

Калі дзеля таго, каб заплаціць падатак за адсутнасць працы, грамадзянін Рэспублікі Беларусь вымушаны звярнуцца да іншага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у якога праца ёсць, ён тэарэтычна мусіць быць гатовы заплаціць падатак на пазыкі, бо пазыкі ў Рэспубліцы Беларусь лічацца спосабам утойвання прыбыткаў.

Каб выжываць ва ўмовах пастаяннай вінаватасці дзяржаве, у народзе ўзнікла канцэпцыя «как бы занятасці». «Как бы занятасць» — гэта калі тры дні на тыдзень грамадзянін Рэспублікі Беларусь пакутуе на прыпыненым праз адсутнасць попыту заводзе, які дае яму легальны прыбытак, на які немагчыма выжыць. А астатнія чатыры дні падпрацоўвае нелегальным таксаваннем, чорнымі еўрарамонтамі і г.д., атрымліваючы грошы, на якія, уласна, і жыве сям’я. Канцэпцыя «як бы занятасці» мае багатыя гісторыка-культурныя карані і ў ХІХ стагоддзі звалася словам «паншчына», якое часта сустракаецца ў беларускім фальклоры, казках і класічнай літаратуры.

Аўтамабільны парк на вуліцах гарадоў Рэспублікі Беларусь пры гэтым значна лепшы за аўтамабільны парк Вільні ці Кіева. Гэта немагчыма зразумець, гэта трэба проста запомніць.

Выхад добрай кнігі ў Беларусі — менш цікавая для медыяў падзея, чым адкрыццё рэстарана KFC ці чэргі па бясплатную колу ў Burger King.

Выраз «хавацца ў бульбу», якім звычайна апісваюцца адносіны паміж грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і дзяржавай Рэспублікі Беларусь, насамрэч не мае ніякага значэння. Бо бульбяное бацвінне на разорах не здольнае надзейна прыкрыць цела дарослага чалавека, а сама бульбіна мае маналітную паверхню з маленькімі пупырышкамі, схавацца ў якіх немагчыма нават пры вялікіх намаганнях. З іншага боку, выраз «мая хата з краю» — падман і хітрыкі, бо ўказвае на першую ці апошнюю ў вёсцы хату як самую бяспечную, у той час як усе рабаванні і гвалт заўсёды пачынаюцца якраз з крайніх ад уваходу ў населены пункт дамоў.

Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь бясплатная, але за рамонт школы, яе абсталяванне, як і за падручнікі, трэба плаціць. Колькасць бясплатных месцаў у беларускіх ВНУ абмежаваная і часам складае меней за палову прынятых студэнтаў. Тыя, хто не прайшоў па балах, мусяць плаціць. Але адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь бясплатная.

Галоўны культурны конкурс у Рэспубліцы Беларусь — «Еўрабачанне». Пра падрыхтоўку да яго па тэлевізары гавораць нават тады, калі прадстаўнік Рэспублікі Беларусь атрымлівае Нобелеўскую прэмію. У грамадскім жыцці Рэспублікі Беларусь галоўная падзея — бітва за ўраджай. У галіне духоўнага рэй вядуць тэлезоркі, якія літаральна на кожным куту з бігбордаў настойліва заклікаюць не курыць у ложку.

У дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь ёсць слова «змагар», але лексічнага абазначэння таго, з кім змагаецца «змагар», не прадугледжана.

Медыцына ў Рэспубліцы Беларусь бясплатная, але колькасць бясплатных ложкаў у бальніцах абмежаваная. Беларусь пры гэтым — сацыяльна арыентаваная дзяржава. Гэта таксама немагчыма зразумець, гэта варта запомніць.

Сяргей Міхалок — самы знакаміты беларускі музыка і праз гэта выступае выключна ў Вільні.

Пасажыраў, якія спрабуюць прайсці ў метро Рэспублікі Беларусь з торбамі ці заплечнікамі, абуральна прасвечваюць на X-Ray. Пры гэтым авіянарматываў па праносе ў метро вадкасцяў у памерах не больш за 100 мл не існуе, а таму чалавеку, незнаёмаму з унутранай логікай Рэспублікі Беларусь, сам сэнс праверкі можа падацца загадкавым.

Кантракты тут патрэбныя не для таго, каб гарантаваць занятасць, а для таго, каб усе баяліся, што кантракт не працягнуць. Ёсць версія, што легендарная фраза «вы ж самі панімаеце» неяк звязаная з тымі кантрактамі.

Беларусы шчыра любяць і шануюць Пятра Машэрава і не памятаюць, хто такі Ціхан Кісялёў. Хаця Машэраў увайшоў у гісторыю знішчэннем гістарычнага цэнтра Мінска і шматлікімі атакамі на «нацыяналістаў». Ягоны наступнік Ціхан Кісялёў, былы выкладчык беларускай мовы ў школе, вярнуў мову на вулічныя шыльды, шанаваў літаратуру, клапаціўся пра Караткевіча і выклікаў той культурны росквіт, што абумовіў з’яўленне «Песняроў» і «Верасоў».

Раней Беларусь называлася Літва, але Літва не называлася Беларусь. Не пераблытайце.

 
Калі вы сутыкнуліся з незразумелай вам сітуацыяй, якая не ўкладаецца ў пададзены вышэй мануал, калі ласка, пакіньце яе апісанне ў каментах да гэтага артыкула. Служба тэхнічнай падтрымкі Рэспублікі Беларусь паспрабуе прапанаваць спосабы вырашэння вашай праблемы ў FAQ, які знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-12-15 15:00:44
Месцамі дасціпна, але ў цэлым міма. РБ не набыла незалежнасць ад СССР 27.07.1990, з нагоды ўручэння Нобелеўскай прэміі не было хвалі масавага абурэння, Міхалок - не самы знакаміты беларускі музыка,
Кісялёў не выклікаў культурнага росквіту, "Песняры" і "Верасы" з'явіліся і праславіліся пры Машэраве...

Каментаваць