Беларусь як поле цудаў

Колькі грошай у беларуса не забірай, а яны ў яго ўсё роўна ёсць. Гэта парадокс, але гэта факт. Дзяржава любымі сродкамі абдзірае насельніцтва, а гэтае насельніцтва не толькі плаціць за ўсё, але яшчэ і пазычае грошыкі той самай дзяржаве! Неверагодны аптымізм у беларусаў.



Спачатку пра абдзіралаўку. З пачатку 2013-га года я ўжо стаміўся пісаць пра тое, што падаражэла. Тыдня не мінае, каб нешта не падаражэла, і збольшага, вядома, даражэе неабходнае. Тое, ад чаго адмовіцца нельга. Вось і зараз вымушаны зазначыць — хутка падаражэе грамадскі транспарт. 30 снежня намеснік старшыні Мінгарвыканкама Жанна Бірыч паведаміла журналістам, што тарыфы на праезд у грамадскім транспарце Мінска ў I квартале бягучага года павялічацца на 17,5%. То бок, да 2000 рублёў за адну паездку.
 
Праўда, з якой менавіта даты падаражэе праезд, Бірыч не паведаміла. Але ў нас традыцыя такая — надоўга не адкладваць, тым больш, што адзін з трох месяцаў першага кварталу ўжо скончыўся. Ёсць і другая традыцыя — услед за Мінскам праезд даражэе і ў абласных і раённых цэнтрах краіны. Таму варта чакаць у хуткім часе падаражання праезду па ўсёй Беларусі.
 
З 1 лютага ў краіне не толькі павялічваюцца тарыфы, але і ўводзіцца дыферэнцыяваная аплата паслуг газа-і электразабеспячэння. Фішка гэтай навацыі ў тым, што плата за спажыванне газу і электрычнасці зараз не будзе залежаць ад колькасці зарэгістраваных у кватэры ці доме грамадзян. Аплата будзе налічвацца ў залежнасці ад аб’ёмаў спажывання рэсурсаў.
 
То бок, калі ў кватэры прапісаны адзін чалавек, а насамрэч там офіс з дзясяткам супрацоўнікаў, якія «спальваюць» 400 кВт/гадзінаў, плаціць давядзецца напоўніцу.
 
Безумоўна, цікава, што ўрад лічыць, што «для большай часткі спажыўцоў паслуг электра-і газазабеспячэння захаваецца дзеючая сістэма аплаты». Але тое, што думае наш урад, настолькі не супадае з ягонымі дзеяннямі, што пра гэта казаць нават смешна.
 
Пры гэтым беларусам часткова кампенсуюць гэтыя выдаткі. 29 студзеня пастановай Савета міністраў у Беларусі зацверджаны новы бюджэт пражыткавага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах. Перыяд дзеяння гэтых сацыяльных нарматываў — з 1 лютага па 30 красавіка 2013 года.
 
Бюджэт пражыткавага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з лютага складзе 924 тыс. 150 беларускіх рублёў — 107,5 долараў. Новы БПМ павысіўся на 5%, бо раней складаў 880 тыс. 30 рублёў.
 
Для працаздольнага насельніцтва БПМ з лютага ўстаноўлены ў памеры 1 млн. 14 тыс. 180 рублёў, для пенсіянераў — 763 800, для дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў — 795 760, для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў — 973 410, для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў — 1 млн. 41 тыс. 240 рублёў, для дзяцей-студэнтаў — 937 тыс. 770 рублёў.
 
Паколькі новы БПМ павысіўся на 5%, адпаведна з лютага павялічваюцца памеры працоўных мінімальных і сацыяльных пенсій, а таксама надбаўкі і павышэнні, устаноўленыя да пенсій асобных катэгорый пенсіянераў. На такую ж велічыню вырастуць памеры некаторых відаў дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.
 
І не трэба казаць, што беларусам не дапамаглі, альбо што яны бедныя. Бедныя-бедныя, але як яны дапамагаюць сваёй небагатай дзяржаве! Фактычна за месяц грамадзяне краіны скупілі амаль увесь аб’ём першых двух выпускаў валютных аблігацый Мінфіна Беларусі з агульным аб’ёмам эмісіі 50 млн. долараў ЗША. Па звестках ведамства ў перыяд з 20 снежня 2012 года па 28 студзеня 2013 года насельніцтву прададзена аблігацый на 45,3 млн. долараў, што складае 90,6% ад аб’ёму эмісіі. Пры гэтым павышаным попытам карыстаюцца аблігацыі з наміналам 1000 долараў ЗША, а не больш даступныя паперы з наміналам у 200 долараў, паведамілі ў Мінфіне.
 
На продаж папер пайшло крыху больш за месяц, у той час як тэрмін размяшчэння (то бок тэрмін, за які іх планавалася прадаць поўнасцю) складае паўгода. Да таго ж, датэрміновае пагашэнне аблігацый не прадугледжана заканадаўствам.
 
У прынцыпе, тое, што беларусы з вялікай ахвотай панеслі свае грошыкі дзяржаве, можна растлумачыць прыбытковасцю ў 7% гадавых, што вышэй за працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах у банках, і досыць камфортным тэрмінам «укладу» — 1 год. Аднак эксперты не сумняваюцца, што трэці выпуск валютных аблігацый, які запускаецца Мінфінам у бліжэйшы час, з наміналам у 1000 долараў і тэрмінам звароту 2 гады, будзе карыстацца не меншым поспехам з боку насельніцтва.
 
Патлумачыць падобны феномен можна толькі тым, што беларусы — маладая нацыя. Няшмат у каго ў кубышках валяюцца падобныя аблігацыі СССР, якія так ніколі і не былі пагашаныя. Да таго ж, палова насельніцтва краіны да гэтага часу перакананая ў тым, што дзяржава гарантуе вяртанне толькі ўкладаў «Беларусбанка». Застаецца нагадаць, што выручаная ад продажу валютных бондаў Мінфіна валюта аўтаматычна залічваецца ў ЗВР Нацбанка РБ.
 
З іншага боку, сапраўды, лепш здаць грошыкі дзяржаве, чым, прыкладам, набыць аўто і, «абмыўшы» яго, адразу ж яго пазбавіцца. Старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала выказаўся за ўкараненне заканадаўчай ініцыятывы аб канфіскацыі аўтамабіляў у п’яных кіроўцаў. Паводле яго слоў, Вярхоўны Суд падтрымлівае гэтую меру і бярэ ўдзел у падрыхтоўцы гэтай прапановы. Валянцін Сукала заявіў, што цяперашніх пакаранняў для злосных парушальнікаў недастаткова.
 
Сукала падтрымаў такую ініцыятыву, нягледзячы на тое, што сам разумее, колькі праблем зваліцца на галаву ягонага ведамства, то бок судоў. Ён сам адзначае, што п’яныя кіроўцы ў 70% выпадкаў кіруюць чужымі машынамі, а гэта, у сваю чаргу, ускладніць пытанне аб канфіскацыі аўтамабіляў.
 
На яго думку, асноўныя праўныя спрэчкі і канфлікты будуць звязаны з усталяваннем абставінаў, як нецвярозы чалавек апынуўся за рулём, і хто перадаў яму кіраванне. «Сітуацыі будуць няпростыя», — мяркуе кіраўнік Вярхоўнага суда.

Каментаваць