Беларусь зноў апошняя

Беларусь замкнула спіс краінаў-удзельніц Усходняга партнёрства ў Індэксе свабоды медыя за першае паўгоддзе бягучага году. На першым месцы ў рэйтынгу — Грузія, за ёй ідуць Малдова, Украіна ды Арменія. У хвасце — Азербайджан і Беларусь.



Штоквартальны Індэкс свабоды медыя Усходняга партнёрства ёсць часткаю праекта EaP Media Freedom Watch, які ажыццяўляе арганізацыя “Інтэрньюс-Украіна” ў партнёрстве з няўрадавымі арганізацыямі ў пяці іншых краінах Усходняга партнёрства. Індэкс вылічваецца шляхам падсумоўвання атрыманых краінамі балаў па чатырох катэгорыях — “Палітыка”, “Практыка”, “Тэлерадыёвяшчанне”, “Інтэрнэт і новыя медыя”. Удзельнічаюць у складанні рэйтынга каля шасцідзесяці экспертаў (іх імёны не агучваюцца) у галіне СМІ.

Па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэя Бастунца, пасля мінулага году існавала інтрыга, звязаная з тым, што Беларусь нарэшце можа пакінуць апошняе месца ў Індэксе. Але гэтыя спадзяванні былі звязаныя не з тым, што сітуацыя ў Беларусі змянілася да лепшага, хоць і адзначалася, што колькасць затрыманняў журналістаў у тым годзе паменшылася параўнальна з мінулымі гадамі.

“На гэта магло б паўплываць пагаршэнне сітуацыі ў іншых краінах, у першую чаргу ва Украіне і Азербайджане. Ва Украіне масава парушаліся правы журналістаў падчас падзеяў на Майдане і потым на Усходзе гэтай краіны, а ў Азербайджане моцна ўзмацніўся ціск на грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў, — адзначыў Бастунец. — Апошняе месца Беларусі ў Ідэксе тлумачыцца тым, што сітуацыя з заканадаўствам аб СМІ застаецца кепскай, а калі прымаюцца нейкія новыя акты, як тое ж палажэнне аб экспертных камісіях на прадмет аднясення матэр’ялаў да экстрэмісцкай прадукцыі, то яны выклікаюць больш пытанняў, чым дадаюць недзеі”.

Намеснік старшыні БАЖ звярнуў увагу на тую акалічнасць, што першыя месцы ў Індэксе займаюць тыя краіны, якія абралі для сябе еўрапейскі накірунак развіцця, а апошнія — усходні, “еўразійска-інтэграцыйны”.

Апошнім часам, канстатаваў Андрэй Бастунец, становішча з медыя ў Беларусі пачало пагаршацца, з’явіліся новыя выклікі. Па словах сябра Рады БАЖ Міхася Янчука, пасля двух адносна спакойных для незалежных журналістаў гадоў сітуацыя пачала развівацца ў адваротным накірунку. У бягучым годзе абсалютна незразумела да дзейнасці фрылансераў пачаў прымяняцца артыкул 22.9 (частка 2) Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

“Гэты артыкул па яго логіцы можа прымяняцца да юрыдычных асобаў — газет, радыёстанцый, але ні ў якім выпадку не да асобных людзей, напрыклад, тых жа фрылансераў. Нават паводле беларускага заканадаўства інтэрнэт-сайты не з’яўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, таму прымяняць такі артыкул да фрылансераў — гэта проста зашкал”, — падкрэсліў Янчук.

На сённяшні дзень ужо адбыліся чатыры судовыя разгляды, якія скончыліся штрафамі, дзве справы былі прыпыненыя ў звязку са сканчэннем тэрміну дзеяння адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне і яшчэ дзве справы — магілёўца Алеся Буракова і гарадзенца Андрэя Мялешкі — хутка будуць разглядацца ў судах.

Журналісты, якія панеслі адміністрацыйную адказнасць, былі аштрафаваныя на суму ў 30 базавых велічынь. “Дэ-факта гэта выглядае як устаноўка дзяржавай нейкай велічыні, пошліны за карыстанне нашымі канстытуцыйнымі правамі. То бок, 30 базавых за карыстанне беларусамі сваім правам на распаўсюд інфармацыі. А апошнім часам, відаць, у сувязі з інфляцыяй 32 базавых, якія далі бабруйскай журналістцы Марыне Маўчанавай. Магчыма, дзяржава неяк вызначыцца і будзе даваць усім журналістам па 30 базавых у якасці ліцэнзіі на журналісцкую дзейнасць. Гэта жарт, але жарт дастаткова сумны. Я спадзяюся, што ў супрацы з міжнароднымі арганізацыямі нам атрымаецца гэтую тэндэнцыю пераламіць”, — падсумаваў Міхась Янчук.

Каментаваць