Беларуская бюракратыя застанецца непарушнай

У пачатку кастрычніка прэзідэнт Беларусі анансаваў рэформу дзяржаўнага кіравання. Крок стаў нечаканым, бо сістэма любоўна выстройвалася гадамі і здавалася свяшчэннай. Зараз у экспертаў — мноства пытанняў, таму што тэзісы аб неабходнасці скарачэння колькасці чыноўнікаў на 25–30% і аб адначасовым павелічэнні іх улады, абвешчаныя кіраўніком дзяржавы, зусім не прасвятляюць сітуацыю.



Рэфармаваць дзяржаўны апарат неабходна: яго нізкая эфектыўнасць, забюракратызаванасць, негатыўны імідж дзяржслужбы — праблемы, відавочныя практычна для ўсіх.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да пасады прэзідэнта пад сцягам барацьбы з карупцыяй і бюракратыяй, але барацьба не зусім удалася. Апарат раздзьмуўся. Карупцыйныя скандалы ўспыхваюць адзін за адным. Сістэма пачала даваць збоі.

У прынцыпе, няма сэнсу вынаходзіць веласіпед, варыянты рэформы ўжо распрацаваныя, у тым ліку і ў межах ініцыятывы ЕС «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю». Аднак улады ва ўпор не заўважаюць распрацовак грамадзянскай супольнасці і спрабуюць выйсці з сітуацыі самастойна.

Але ці атрымаецца рэформа па лякалах Лукашэнкі? І наогул, ці будзе рэформа, або ў чарговы раз мы ўбачым імітацыю?


Банальна не хапае грошай

Размовы пра неабходнасць пераўтварэнняў у сферы дзяржаўнага кіравання вяліся і раней, аднак да справы не даходзіла. І ў 2010, і ў 2011 гадах прэзідэнт заяўляў пра магчымыя скарачэнні і неабходнасць уліць «маладую кроў" у дзяржапарат.

На справе летась скарацілі толькі нязначную колькасць чыноўнікаў, а ў вышэйшых органах улады лічба скарочаных і зусім аказалася мізэрнай — 0,6%. Атрымліваецца, што, нягледзячы на крызіс, беларуская бюракратыя засталася непарушнай. Ці азначае гэта, што і зараз скарачэнні будуць толькі паказухай?

Для таго каб з упэўненасцю адказаць на гэтае пытанне, неабходна зразумець, чым кіруюцца ўлады, аб'яўляючы рэформу, а таксама хто ўсё-такі з'яўляецца яе ініцыятарам. Але пакуль і гэта застаецца не зусім ясным.

Ёсць дзве асноўныя версіі. Прыхільнікі адной сцвярджаюць, што рэформа патрэбная толькі для ператасоўкі карт ва ўладнай калодзе. Маўляў, пад прыкрыццём рэформы нейкая групоўка кіруючай эліты паспрабуе ўзмацніць уплыў, вызваліўшы адных і замяніўшы іх іншымі.

Ва ўсякім выпадку, супярэчнасці паміж дзяржаўнымі органамі былі і раней, але апошнім часам абвастрыліся. Іншыя чыноўнікі ва ўладнай абойме ўжо даўно, а вось належнага статусу і павагі, па іх разуменні, так і не дачакаліся.

Аднак адносна гэтай версіі напрошваецца некалькі «але». Па-першае, для ракіроўкі ў вышэйшых эшалонах прэзідэнту з царскімі паўнамоцтвамі няма неабходнасці спасылацца на рэформу. У якасці прыкладу можна прывесці нядаўнюю бязлітасную чыстку кіраўніцтва спартыўнай галіны. Па-другое, супярэчнасці паміж дзяржаўнымі органамі ў разумных дозах патрэбныя для ўстойлівасці ўладнай піраміды. Па-трэцяе, наўрад ці Лукашэнка настолькі наіўны, каб не раскусіць інтрыг нейкай групоўкі.

Другая версія, якая тлумачыць матывы рэформы, была абнародавана кіраўніцтвам і звязаная ў першую чаргу з эканамічнымі рэаліямі беларускай мадэлі - грошай на ўсіх банальна не хапае. Зарплаты чыноўнікаў значна зменшыліся ў выніку леташняга крызісу. Падымаць іх плануюць за кошт скарачэння штата.

Гэтая версія найбольш верагодная. Сістэме востра не хапае прафесійных кадраў, на пасады прызначаюцца людзі, якія перамяшчаюцца з аднаго ведамства ў другое. Мяркуючы па ўжо прынятых рашэннях, сярод якіх і стварэнне спецыяльнай камісіі, якую ўзначальвае Андрэй Кабякоў, першыя крокі ў кірунку рэформы зробленыя.

Аднак, хутчэй за ўсё, далёка ўлады не пойдуць, таму што з самага пачатку мэтай было, відаць, не павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, а павышэнне зарплат. У такім выпадку галоўнай задачай камісіі Кабякова будзе выкананне даручэння Лукашэнкі аб скарачэнні штата чыноўнікаў на 25-30%.

Што ж тычыцца скарачэння колькасці кіраўніцкіх структур, то ўжо зараз зразумела: улады не будуць тут рабіць рэзкіх рухаў. Хутчэй за ўсё, рэфармаванне ў гэтым сэнсе будзе скіраванае на ўзбуйненне дзяржаўных устаноў і перадачу паўнамоцтваў ад канцэрнаў і камітэтаў міністэрствам.


Загваздка — у схеме ўсюдыіснай дзяржавы

Насуперак распаўсюджанаму памылковаму меркаванню, адной з асноўных праблем беларускага бюракратычнага апарата з'яўляецца зусім не колькасць дзяржслужачых, а мноства функцый і задач, заканадаўча замацаваных за чыноўнікамі. Зараз дзяржорганы выконваюць больш як 1.500 функцый і 300 задач. У многім функцыі аднаго дзяржоргана пераплятаюцца з функцыямі іншага. У выніку гэта прыводзіць да калапсу сістэмы прыняцця рашэнняў.

Яшчэ адной бядой беларускай бюракратыі з'яўляецца яе існаванне па схеме ўсеагульнай і ўсюдыіснай дзяржавы, калі чыноўнікі залішне апякаюць тую ці іншую галіну. Прыкладам таго, як дзяржава спрабуе адрэгуляваць найбольшую колькасць сфер, з'яўляецца мноства міністэрстваў. Іх 24. Для параўнання: у Кітаі - 22. У краіне, эканоміка якой у сотні разоў перавышае беларускую, міністэрстваў менш!

Апрача таго, адной з асноватворных праблем беларускага дзяржаўнага кіравання з'яўляецца сістэма прыняцця рашэнняў. Практычна ўсе праекты павінны прайсці ўхваленне зверху і ацэньваюцца не з пазіцыі эфектыўнасці, а з пазіцыі блізкасці кіраўніцтва таго ці іншага дзяржаўнага органа да прэзідэнта. А вось ініцыятыва караецца. Яркі прыклад — разнос, які Лукашэнка наладзіў год таму «рыначнай эканоміцы Мясніковіча — Румаса» (Міхаіл Мясніковіч — прэм'ер, Сяргей Румас — былы віцэ-прэм'ер з рэпутацыяй рэфарматара. — Рэд.).

Рэформа дзяржаўнага кіравання не дасць эфекту, калі абмяжуецца скарачэннем дзяржслужачых. І тым больш — калі захаваецца ацэнка эфектыўнасці сістэмы дзяржкіравання з пазіцыі выканання планавых паказчыкаў. А хутчэй за ўсё, менавіта да гэтага ўсё і ідзе.

Каментаваць