Беларуская цывілізацыя — у небяспецы

Ад беларускай справы адыходзяць слынныя людзі, якім пакуль няма роўных. Пра гэта ў інтэрв’ю НЧ заявіў вядомы беларускі паэт, публіцыст і грамадскі дзеяч, дэлегат VI з’езду беларусаў свету Генадзь Бураўкін.



Дэлегат VI з’езду беларусаў свету Генадзь Бураўкін. Фота Марата Гаравога


Паводле ягоных слоў, беларускую справу немагчыма ўявіць без такіх вельмі паважаных, разумных і актыўных людзей, як Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік, а тым болей без тых, каго ўжо няма на гэтай зямлі.

«Для мяне, як для чалавека, які з імі добра знаёмы і працаваў, гэта вялікая страта. На жаль, сярод маладзейшых я не бачу роўных вось гэтым людзям па інтэлектуальнаму патэнцыялу, па веданню і па разуменню беларушчыны. Я радуюся, што на з’езд прыехалі шмат маладых актыўных сучасных людзей, якія лепш, чым я, адпавядаюць сённяшнім рэаліям. Але такіх апантаных беларушчынай людзей, як мае сябры, я бачу вельмі мала. Канешне, мяне радуе Алег Рудакоў (старшыня рэгіянальнага грамадскага аб'яднання «Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага» у Расіі — М.Г.). Я проста апладзірую яму, не таму, што ён добра выступае, а таму, што ён добра працуе, робіць шчыра, без усякіх задніх думак»,. — падкрэсліў Бураўкін.

Разам з тым, ён засмучаны тым, што скарачаецца фізічная прысутнасць беларусаў у свеце — у Беларусі і ў замежжы беларусаў становіцца ўсё меней. «І я надта не бачу перспектывы, каб гэта памянялася рэзка, а трэба, каб гэта рэзка адбылося. На жаль, можа такі менталітэт у нашых землякоў, што беларусы вельмі хутка і вельмі лёгка асіміліруюцца. Ад гэтага нікуды не уцячэш. Гэта трэба не толькі прызнаваць, гэта трэба аналізаваць і думаць, як гэтаму супрацьстаяць. На жаль, пра гэта на з’ездзе я не надта пачуў», — сказаў Бураўкін.

Самым балючым для нацыі ён лічыць пытанне мовы. «Мне так здалося, што нават у дэлегатаў з’езда — лепшых прадстаўнікоў беларускага замежжа — няма разумення таго, што без беларускай мовы Беларусі быць не можа. У некаторых адкрыта, у некаторых прыхавана часам з’яўляецца думка пра тое, што мы — беларусы, мы — за Беларусь, але не абавязкова, каб беларусы ведалі мову, і не абавязкова, каб беларусы былі нечым духоўным глыбока гістарычным паяднаныя. Я гэта катэгарычна не прымаю і ў гэтым бачу вялікую небяспеку, якую вучоныя модна называюць небяспекай глабалізацыі. Для такіх цывілізацый, як беларуская, гэта вялікая небяспека. Бо ў нашым нацыянальным характары няма тых радыкалізму і рашучасці адносна нацыянальнага пытання, дзякуючы якім іншыя народы захоўваюцца як этнасы ў незалежных дзяржавах», — адзначыў Генадзь Бураўкін.

Каментаваць