Беларуская філія "Мемарыяла" ды ініцыятыва "За ўратаванне Курапатаў" аб'ядналіся ў арганізацыю "Вяртанне памяці"

Цяпер грамадскія актывісты працуюць над рэгістрацыяй аб'яднання.

У Беларусі з’явілася новая  гісторыка-асветніцкая арганізацыя, сябры якой ставяць сваей мэтай аднаўленне  гістарычнай памяці аб жахлівых  падзеях 1920 -1950 гадоў, ушанаванне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, садзейнічанне гуманізацыі грамадства.
 
 
Новая  гісторыка-асветніцкая арганізацыя “Вяртанне памяці” нарадзілася з супрацоўніцтва  і аб’яднання  дзвюх ініцыятыў:  беларускай філіі”Мемарыяла” і ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла Курапаты”.
 
 
Аргкамітэт гісторыка-асветніцкага аб’яднання “Вяртанне памяці” прадставіў  галоўныя накірункі дзейнасці арганізацыі і план мерапрыемстваў на 2016 год, сярод якіх  — мерапрыемствы па ўшанаванні памяці ахвяр Дэпартацыі жыхароў Беларусі ў 1940-1941 гг.,  правядзенне дабрачынных сустрэч, канцэртаў, літаратурна-музычных вечароў, мастацкіх і дакументальных выставаў, кіно і відэапрагляду, прэзентацый кніг і артыкулаў на тэму сталінскіх рэпрэсій і г.д.
 
Цягам двух месяцаў  будуць выкананы ўсе неабходныя працэдуры для рэгістрацыі аб’яднання, паведамляюць арганізатары, сярод якіх такія вядомыя людзі, як гісторык Ігар Кузняцоў, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі, пісьменнік Ілля Копыл ды іншыя.  Нягледзячы на вынікі рэгістрацыі, зазначаюць арганізатары, гісторыка-асветніцкае аб’яднанне ў любым выпадку будзе дзейнічаць паводле сваіх планаў.
 
 
У хуткім часе мае запрацаваць адмысловы сайт аб'яднання "Вяртанне памяці".
 
 

Каментаваць