Беларуская ялінка прайшла на “ўра”

Кожны год нястомная арганізатарка навагодніх Беларускіх ялінак Крысціна і яе муж Андрэй Вітушка ладзяць для дзетак самае сапраўднае свята, поўнае цудаў, яркіх гульняў, чароўных падарункаў.



Крысціна Вітушка і леў Мірон


У гэтым годзе Беларуская ялінка прайшла 3 студзеня у бізнэс-клубе "Імагуру". Імпрэза цягнулася ад 11-й ажно да 17-й гадзіны. Пасля ялінка плаўна перацякла ў святочную аўтапаці для бацькоў.

На Беларускую ялінку завітала каля 100 дзетак. Меркавалася, што людзей будзе яшчэ болей, але ў некаторых бацькоў папросту ад марозу не завяліся раніцай дызелі. Многія пасля кусалі локці, што не змаглі трапіць на імпрэзу.

Дзетак чакала незвычайная інтэрактыўна-тэатралізаваная праграма, зладзіць якую ўзяўся Васіль Дранько-Майсюк (аўтар сцэнару гэтага свята, які і сыграў ролю Святога Мікалая), музыка Яўген Барышнікаў, ды-джэй і гукарэжысёр Яўген Рагозін, што стварыў музычнае аздабленне свята і дыскатэку, дзіцячы гурт "Без секунднай стрэлкі" пад кіраўніцтвам Алены Церашковай, самыя сапраўдныя калядоўшчыкі, апельсінава-лімонны Леў і шмат хто яшчэ. Шматразовая чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь, майстар спорту Вольга Корсак развучыла з дзеткамі танцы. Адбыліся займальныя і карысныя майстар-класы, у тым ліку па валянні сінічак ад Насты Глушко, калядны кірмаш, дзе можна было набыць самаробныя святочныя ўпрыгожанні з мыла, гліны, парцаляны, воўны.

Мерапрыемства было разлічана як на самых маленькіх, так і на падлеткаў. Дарослым таксама сумаваць не выпадала.

На свяце кожны змог адчуць сябе сапраўдным акцёрам, танцорам, спеваком, кожны атрымаў ад святога Мікалая падарунак, а то і некалькі.

Мірон Ткачэнка на каленях Святога Мікалая перастаў плакаць

Алена Кірэева падзялілася ўражаннямі: “Святы Мікола ў гэтым годзе быў папросту геніяльны! Самы лепшы за ўсе гады. Нам вельмі спадабалася. Я прыйшла з мужам і двума дзеткамі. А вось яшчэ набыла сабе валяныя каралі пад колер кашулі!”.

Алесь Міхалевіч адзначыў: “Нам вельмі спадабалася! Цудоўнае свята! Дзед Мароз — фантастычны! Арганізацыя — выдатная. Мне самому было вельмі цікава”.

Алёнка Міхалевіч і Святы Мікалай

 

Дзеткі завіталі ў прыгожых касцюмах пчолак, мядзведзікаў, баговак, прынцэсаў. Яны вадзілі карагоды, танчылі, расказвалі загадзя падрыхтаваныя вершыкі для Святога Мікалая. Праз увесь час падрыхтаванымі пачастункамі маглі паласавацца наведнікі імпрэзы.

Прысутныя сцвярджалі, што гэта была найлепшая ялінка за ўсе 11 гадоў, якая прайшла дзякуючы ўсім-усім хто далучыўся, каб стварыць свята для беларускіх дзетак, і перадусім — ідэйным натхняльнікам свята — сям’і Вітушкаў: Крысціне, Андрэю, Мірону.

Фота: Новы Час, Вікторыя Сцепановіч

Каментаваць