Беларусы на лініі фронту: бабуля, матуля і немаўля

Хлопчыка, які нарадзіўся на лініі фронту каля Данецку, назвалі ў гонар прадзеда — Максіма Сянкевіча, беларуса з вёскі Шкава Гомельскай вобласці, які прыехаў разам з жонкай на Данбас пасля вайны. 



Данецкі трохкутнік: Опытнае — Вадзяное — Пяскі. Паўтары гады тут цягнуліся жорсткія баі з выкарыстаннем цяжкай артылерыі. Разбурэнні ў гэтых мясцінах настолькі моцныя, што іх можна выкарыстоўваць у якасці дэкарацый для здымак постапакаліптычных блокбастараў. 

Большасць мясцовых жыхароў вымушаны былі бегчы адсюль. Але некаторыя засталіся, бо не змаглі ці не захацелі пераязджаць. Нядзіўна, што ў асноўным гэта адзінокія пажылыя людзі, якія дажываюць свой век. Дзіўна сустрэць тут маладую жанчыну, якая наважылася вынасіць і нарадзіць дзіця. 

Сям'я Шахаўцовых жыве ў Першамайскім — сяле па суседстве з Вадзяным. Складаецца яна з трох чалавек: Марыі Максімаўны, пенсіянеркі, яе дачкі Людмілы і маленькага Максіма, якому ідзе чацвёрты месяц.

Хлопчыка назвалі ў гонар прадзеда — Максіма Сянкевіча, беларуса з вёскі Шкава Гомельскай вобласці, які прыехаў разам з жонкай на Данбас пасля Другой сусветнай вайны. Жанчына здолела захаваць свае карані — вучыла дачку і ўнучку беларускай мове, нават кніжкі на ёй знаходзіла, каб яны не забываліся, адкуль родам. 

Пра здольнасць беларусаў прыстасоўвацца да самых складаных умоваў жыцця ходзяць легенды і анекдоты. Магчыма, менавіта беларускія гены дапамаглі Шахаўцовым у экстраардынарных абставінах.

Большасць сваякоў Шахаўцовых жывуць у Беларусі. Але сувязь з імі перарвалася з пачаткам вайны, калі адключыўся стацыянарны тэлефон. Тэлефанаваць па мабільным ў Беларусь вельмі дорага. Захавалася толькі сувязь з братам Марыі Максімаўны, Валянцінам, які жыве ў Германіі, пераехаўшы туды 7 гадоў таму з Мінска. Ён прапаноўваў ім пажыць у сваёй мінскай кватэры.

«На нашай вуліцы людзі з'язджалі адзін за адным. У нейкі момант мы пабачылі, што засталіся зусім адны. Яшчэ і вайскоўцы ў Першамайскім не стаялі. Вакол ні душы, з усіх бакоў гахае і грукоча. Вось тады нам па-сапраўднаму страшна стала. Мы ўжо і валізкі сабралі... Потым неяк ноч пераначавалі, а да раніцы ўсё сціхла. На наступны дзень таксама быццам не так моцна стралялі. Мы падумалі, што нічога, пацерпім пакуль»,  —  распавядае Людміла.

«Я брату кажу, Валік, калі ўжо зусім тут будзе, тады прыедзем», — дадае Марыя Максімаўна.

Гэтае «зусім» так і не наступіла. Хоць снарады падалі зусім блізка, адзін нават заляцеў у суседскі двор, дзе асколкамі забіла сабаку. Людміла знайшла ў доме абаронены з усіх бакоў кут, хавалася там паўседзячы, каб не падаць на жывот. Падчас найбольш моцных абстрэлаў жанчыны хаваліся ў склепе. І ўсё ж такі нікуды не з'язджалі.

«Я незадоўга да вайны на пенсію выйшла, так радавалася — нарэшце змагу каля сажалкі сядзець, карціны вышываць крыжыкам, як мая мама рабіла, агародам займацца. А тут раптам такое... Ну, думаю, нічога, мае бацькі і не такую ​​вайну перажылі, вытрымаем. Вельмі крыўдна было б кінуць тут усё», —  тлумачыць Марыя Максімаўна.

Людмілу, эканаміста па прафесіі, утрымлівала добрая праца ў Данецку, куды яна ездзіла нават падчас першых баёў. І распачаты перад вайной раман з будучым бацькам Максіма. Нягледзячы на ​​баявыя дзеянні, распавядае Людміла, яе выбраннік «усё бегаў-бегаў, ажаніцца прапаноўваў». Яна прасіла пачакаць —  шлюб першы, хацелася падрыхтавацца да вяселля як мае быць.

Вось толькі жаніх не вытрымаў «выпрабавальнага тэрміну». Лянівым аказаўся, сцвярджаюць жанчыны ў адзін голас. Ніхто б не папракаў яго за адсутнасць працы ва ўмовах вайны, але ён «нават па хаце нічога рабіць не хацеў». Сышоў да іншай, маці ўжо дзесяцігадовага дзіцяці. «Каб са сваім, маленькім, не важдацца», — заўважае Людміла, смеючыся.

Тым не менш у такіх умовах Людміла здолела вынасіць і нарадзіць здаровае дзіця. Магчыма, кажа жанчына, такія ўмовы якраз і дапамаглі ёй неяк сабрацца. Нарадзіла яна хутка і даволі лёгка. Адмовіўшыся ад кесарава сячэння, якое ёй прапаноўвалі праз высокі ціск. Радуе яе і тое, што ў бальніцах ніхто не патрабаваў грошай — увайшлі ў становішча.

Да таго, як знайсці працу ў Данецку, Людміла сем гадоў прапрацавала ў Пясках. Дзе цяпер засталося менш за два дзясяткі жыхароў, астатнія збеглі ад абстрэлаў. Людміла распавядае, што сустракала сваіх калег і знаёмых адтуль. «Жывуць цяпер абы-як і абы-дзе. Скардзяцца, плачуцца. Як уяўлю сабе, што мне вось так прыйшлося б з Максімкам бадзяцца, дык страшна робіцца», — кажа жанчына.

Першамайскае пацярпела не так моцна, як Пяскі. На вуліцы, дзе жывуць Шахаўцовы, няма моцных разбурэнняў, ёсць электразабеспячэнне, працуе крама (куды, што праўда, трэба хадзіць праз блокпост, беручы з сабой пашпарт), іх наведвае сямейны доктар. Валанцёры прывозілі вугаль, салдаты прывезлі спецыяльную ваду для малых «Малятко». Хоць падчас нашай гутаркі ўдалечыні чуюцца кулямётныя чэргі, а часам стральба з мінамётаў, жанчыны нібы не заўважаюць іх. І ўсё ж, калі размова заходзіць пра перспектывы, жанчыны, якія да гэтага ўсміхаліся, робяцца сумнымі. 

«Усё з ног на галаву паставілі. Будучага мы аказаліся пазбаўленыя, вось што», — у адзін голас кажуць яны.

Больш за ўсё іх засмучае тое, што яны цяпер адрэзаныя ад Данецка. Ён для іх быў цэнтрам жыцця, там была праца, туды яны маглі ездзіць у кіно і тэатр, па тавары і проста прагуляцца. Як кажа Людміла, так было ва ўсіх навакольных жыхароў у радыусе трыццаці-сарака кіламетраў вакол горада.

«Цэлую частку жыцця з ім адабралі. Хоць бы нас ужо аб'ядналі!.. Калі я ў бальніцы ляжала, бачыла нашых параненых салдат, маладых хлопцаў зусім, без рук і ног. Ды і тых, з таго боку, таксама шкада, запудрылі ім галаву з тэлевізару. Таксама цяпер без рук і ног... Дваццаць першае стагоддзе! Мы ж ужо, здаецца, цывілізаванымі сталі. У Расіі смяротнае пакаранне адмененае было, як і ў нас. А яны сюды танкаў навезлі...» — кажа Людміла і цямнее тварам.

І ўсё ж такі жанчыны больш усміхаюцца. На пытанне, як яны будуць распавядаць Максіму пра той час, калі ён нарадзіўся, адказваюць, не задумваючыся: «З гумарам!»

«Купілі Максімку дарагую замежную пустышку за 50 грыўняў, дык ён яе выплёўвае. Аддае перавагу іншай, "вітчизняного виробника", за дзесяць. Ён у нас патрыёт»,  —  смяецца Людміла.

Прабабулю Максіма падчас Другой сусветнай вывозілі на працу ў Германію. 

«Але яна не ўпадала ў роспач. Нешта і вясёлае з тых часоў згадвала, не толькі змрочнае. Ведаеце, яе вось гэты добры гумор і дабрыня выратавалі. Яна працавала ў гаспадароў, а жыла ў лагеры. Гаспадары яе часам нечым частавалі, яблыкамі з свайго саду ды іншым. Дык яна заўсёды прыносіла пачастунак сваім у лагер, не забывалася пра іншых», — распавядае Марыя Максімаўна.   

Сапраўды, найлепшае, што можна зрабіць падчас вайны, — гэта дапамагчы тым, хто найбольш ад яе церпіць. Спадзяемся, знойдуцца і тыя, хто захоча дапамагчы сям'і Шахаўцовых. 

Абмеркаванне:

  • Наталка
  • 2016-02-02 11:33:45
А як ім можна дапамагчы з Беларусі? Ці гэта зварот да ўкраінцаў?
  • Зміцер Галко
  • 2016-02-02 17:55:25
Можна адправіць пасылку па адрасе г. Украінск, вул. Першамайская, д. 13, на імя Уласенка Раксаны. Гэта сяброўка Люды, у яе працуе пошта (у пасёлку Шахаўцовых пошта не працуе) і яна зможа ўсё перадаць
  • Чытач
  • 2016-02-02 20:26:32
Адрас ня вельмі дакладны: Украіна, Данецкая вобласць? А раён які? Індэкс (калі ён патрэбны)?
  • Зміцер Галко
  • 2016-02-02 20:46:40
Так, Данецкая вобласць. Украінск - горад раённага значэння. Паштовы індэкс 85485.
  • Елена
  • 2016-02-02 22:23:48
В индексе, как правило, 6 знаков, а у вас - всего 5. Что-то пропущено?
  • Зміцер Галко
  • 2016-02-02 22:38:04
Украінскія паштовыя індэксы пяцізначныя.
  • Паўлюк
  • 2016-02-02 13:14:54
Цікава: беларусы па паходжанні, пражылі шмат гадоў на Данбасе, а не "вата" па поглядах. Здаецца гэта не звычайным...
  • Барыс
  • 2016-02-02 18:41:04
Магчыма, справа ў колькасці кніжак у хаце?
  • Павел
  • 2016-02-11 15:05:09
Учора спрабаваў адправіць пасылку сям'і Шахаўцовых, але на пошце яе не прынялі. У іх ёсць ліст РУП "Белпошта" дзе пазначана, што яны адпраўляюць пасылкі толькі ў наступныя гарады
Данецкай вобласці: Арцёмаўск, Вялікая Навасёлка, Валнаваха, Валадарскае, Дабраполле, Канстанцінаўка, Краматорск, Марыўпаль, Славянск. Калі ў Вас ёсць сувязь з сям'ёй Шахаўцовых удакладніце на які
іншы адрас можна выслаць ім пасылку. Дзякуй

Каментаваць