Беларускае “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” акрэдытавана ў ЮНЕСКА

Рэспубліканскае маладзёвае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” (СЭТ) акрэдытавана ў ЮНЕСКА, паведаміла карэспандэнту НЧ эксперт ад Беларусі ў Міжурадавым камітэце ЮНЕСКА па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ала Сташкевіч.



“Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” (СЭТ) акрэдытавана ў ЮНЕСКА


Паводле яе слоў, СЭТ акрэдытаваная пад час VIII сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА (2-8.12, Баку Азербайджан), як арганізацыя, што спрыяе захаванню і  папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны на нацыянальным і міжнародным узроўні.

Ала Сташкевіч адзначыла, што акрэдытацыя ў ЮНЕСКА  адкрывае для СЭТ шырокія магчымасці ўдзелу  ва ўсіх міжнародных акцыях, звязаных з  дзейнасцю па захаванні нематэрыяльнай спадчыны.

“Згодна з артыкулам 91 Міжнароднай канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003),  усе акрэдытаваныя няўрадавыя арганізацыі выконваюць кансультатыўныя функцыі пры міжурадавым камітэце і запрашаюцца да аналізу і  ацэнцы намінацый ў  Спісы канвенцыі, а  таксама да перыядычных дакладаў ад краін-удзельніц канвенцыі. Акрамя таго, прадстаўнікі акрэдываных няўрадавых арганізацый удзельнічаюць у адпведных міжнародных канферэнцыях і ва ўсіх сесіях Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Акрэдытаваныя грамадскія арганізацыі могуць разлічваць на фінансавую дапамогу  ЮНЕСКА ў рэалізацыі сваіх  праграм і праектаў, звязаных з захаваннем і  распаўсюджваннем ведаў пра нематэрыяльную культурную спадчыну”, — сказала Ала Сташкевіч.

На яе меркаванне, акрэдытацыя беларускай няўрадавай арганізацыі ў ЮНЕСКА сведчыць аб яе высокім статуце і  даверу, які выказала міжнародная экспертная супольнасць у дачыненні да дзейнасці СЭТ і яго ролі ў грамадстве.

СЭТ, заснаванае ў жніўні 1998 году, займаецца захаваннем, развіццём і забеспячэннем пераемнасці беларускай традыцыйнай культуры, а таксама папулярызацыяй каштоўнасцяў традыцыйнай культуры ў маладзёвым асяродку.

Сярод накірункаў працы таварыства: этнаграфічныя экспедыцыі (больш за 20 у розныя раёны Беларусі), стварэнне і апрацоўка навуковага архіву і этнаграфічных калекцый, выпуск фальклорных матэрыялаў у выглядзе друкаваных выданняў і кампакт-дыскаў, арганізацыя дзейнасці фальклорных маладзёвых гуртоў, гурткоў па навучанні моладзі народным рамёствам і традыцыйным відам мастацтва, мастацкіх выстаў, акцый экалагічнага характару і навуковай працы студэнтаў, правядзенне народных святаў і абрадаў, лекцый і семінараў, удзел у ахове ландшафтных і архітэктурных помнікаў, у міжнародных фальклорных фестывалях і святах, у радыё- і тэлеперадачах, падрыхтоўка публікацый у СМІ і стварэнне вучэбна-метадычнай літаратуры.

Сярод партнёраў СЭТ — навукова-асветніцкі цэнтр Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка, Інстытут мастацтвазнаўства,этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі інстытут праблем культуры, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, установы культуры ў рэгіёнах краіны, а таксама маладзёвыя арганізацыі і фальклорныя калектывы Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі.

Каментаваць