Беларускі серыял

Нашае жыццё — гэта нейкі серыял. Спачатку ўлада сама сабе стварае праблемы, а потым яна іх гераічна, шляхам вялікіх высілкаў, вырашае. Прычым, як правіла, праблемы ствараюць адны, а вырашаюць іх другія.



Пакуль НЧ быў у калядным адпачынку, мы гераічна перажылі 30-працэнтны падатак на валюту, змену ўрада і «выроўніванне» сітуацыі ўжо новым кіраўніцтвам Нацбанка. Зараз, калі глядзіш на гэтую сітуацыю, падаецца, што «стары» ўрад проста стаміўся на сваіх пасадах, і зрабіў усё, каб яго вызвалілі ад гэтай пачэснай, але цяжкай працы. Сапраўды, 30-працэнтны падатак на валюту дасягнуў толькі адной мэты — збіў ажыятаж насельніцтва вакол абменнікаў. І тое не да канца: знайшліся тыя, хто сказаў: «Будзе яшчэ горай!» і набываў валюту нават з гэтай, 30-працэнтны надбаўкай.

Шкоды ж гэты крок Нацбанка і ўрада нарабіў нямала. Перад Новым годам, у той час, калі ўсе набываюць падарункі, і народ актыўна расстаецца са сваімі грашыма, усе «імпартаарыентаваныя» фірмы і прадпрыемствы вымушана спынялі працу. Тое ж самае адбывалася і з прадпрымальнікамі: старыя тавары ў іх актыўна раскуплялі, а набыць новыя яны не маглі з прычыны нястачы валюты і гэтага падатку. У крамах бытавой тэхнікі мы заўважылі пустыя паліцы, а як 30-працэнтны падатак перажылі пастаўшчыкі надзвычай запатрабаваных у навагоднюю ноч садавіны і феерверкаў — дагэтуль загадка.

Нялёгка прыйшлося і банкам. 30-працэнтны падатак ішоў у бюджэт. Такім чынам, набывалі яны валюту па 11 100, а прадавалі — па 13 700. То бок адбывалася вымыванне абаротных сродкаў у выглядзе беларускіх рублёў з банкаўскай сферы. Цікава будзе зараз паглядзець банкаўскую статыстыку: наколькі знізіліся іх капіталы і прыбытак за амаль тры тыдні падатку.

Аляксандр Рыгоравіч не змог застацца ўбаку ад гэтай праблемы, і змяніў кіраўніцтва Нацбанка і ўрада. У прынцыпе, пра такі крок ён казаў даўно, і навіной гэта не сталася. Новае кіраўніцтва гэтых структураў хуценька, за працоўны тыдзень, «разруліла» сітуацыю, і зараз ходзіць у героях. Хаця б, здавалася, што тут гераічнага? Яны ж проста выправілі свае ж памылкі. Але, па жанры мексіканскага серыялу, выпраўленне самімі ж сабою створаных праблем з’яўляецца ўчынкам гераічным.

Але што зараз здзіўляе, калі паглядзець на сітуацыю з веданнем апошняй статыстыкі і апошніх лічбаў, дык гэта тое, што насамрэч ніякага валютнага крызісу не павінна было быць! Пра гэта сведчаць усе фінансавыя паказчыкі.

Чысты продаж валюты насельніцтвам Беларусі толькі за чатыры дні — з 25 да 29 снежня склаў 52 млн. 900 тысяч долараў. За першыя пяць дзён новага года беларусы здалі яшчэ 35,4 млн. долараў. Золатавалютныя рэзервы Беларусі па міжнародных стандартах на 1 студзеня 2015 года склалі 5,059 млрд. долараў. Гэта на 761 млн. менш, чым у снежні 2014 года, аднак зазначым, што гэта «гадавы» баланс. І не будзем забывацца, што прынамсі каля 250 млн. долараў з гэтай сумы краіна ў снежні ў тым ці іншым выглядзе аддала на замежныя крэдыты (109,4 млн. па крэдыту МВФ, улады «даравалі» цэментным заводам пратэрмінаваны доўг па кітайскіх крэдытах на суму ў 129 млн. долараў і інш.). Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі Беларусі за студзень—лістапад 2014 года склала 3 млрд. 29,3 млн. долараў. Але гэта лепш, чым у студзені—лістападзе мінулага года — тады сальда было адмоўным у выглядзе 4 млрд. 915 млн. долараў.

Як бачна, сітуацыя ў нас, насамрэч, была не горшая (калі нават не лепшая), чым напрыканцы 2013-га года. Дадамо, што за снежань 2013-га насельніцтва набыло валюты на 1 млрд. 225,4 млн. долараў. Прадало — на 750,1 млн. Такім чынам, чыстая купля валюты склала $475,3 млн — амаль паўмільярда долараў! І ніякай панікі тады не адбылося.

Выснова тут адна: нехта са сваімі мэтамі стварыў штучны дэфіцыт валюты ў краіне. Нас, як кажуць, у чарговы раз нажухалі. Хто і навошта гэта зрабіў, і якую карысць з гэтага атрымаў, мы даведаемся крыху пазней.

Але не толькі кепскім запомніцца пачатак гэтага года. Напрыклад, з 1 студзеня 2015 года ў Беларусі падвысіўся мінімальны заробак. Ён скокнуў на больш чым 250 тысяч: у кастрычніку МЗП складала 1 млн. 841 тыс. 483 рублі, а зараз, згодна з пастановай Савета Міністраў — 2 млн. 100 тыс. 100 рублёў.

Куды ж мы патрацім такія шалёныя грошы? Ды знойдзем, куды. Напрыклад, паведамляе БелТА, у 2015-м годзе павышаная квота на вытворчасць рому ў Беларусі: у параўнанні з мінулым годам у 1,8 разы — да 23 тыс. дал. Таксама павышаная квота на вытворчасць каньяку — на 7,5% да 492 тыс. дал. Праўда, дазволены да выпуску аб’ём гарэлкі скараціўся з 15 145 тыс. дал да 14 717. А значыць, беларусы ў 2015-м годзе будуць піць больш «шляхетных напояў».

І, магчыма, напачатку года скончыўся яшчэ адзін беларускі серыял: шматгадовы канфлікт грамадскасці і ўсялякіх застройшчыкаў вакол урочышча Курапаты пад Мінскам, месца масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Гэтае месца ўрэшце ўнесенае ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Міністэрства культуры Беларусі зацвердзіла праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій (1930–1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)». Адпаведная пастанова ведамства ад 1 снежня 2014 года №70 афіцыйна апублікаваная 6 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Месца знішчэння ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі.

Неабходнасць такіх мерапрыемстваў «выкліканая сучаснай рэальнасцю для выразнага разумення, якія тэрыторыі не могуць быць выкарыстаны пад будаўніцтва», адзначыў Чарняўскі. У прыватнасці, з боку вуліцы Мірашнічэнкі плануецца будаўніцтва выставачнага цэнтра, неабходна было вызначыць асаблівасці дэталёвага плана зыходзячы з рэгламентаў праекта зон аховы.

Праект зон аховы распрацаваны на аснове гісторыка-архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, аналізу горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту, у тым ліку карт 1930–1940-х гадоў і аэрафотаздымкаў. Тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці складае 26,3 га. Устаноўлена таксама ахоўная зона для ўрочышча Курапаты плошчай 37,2 га. На гэтай тэрыторыі забаронена ўсялякае будаўніцтва.

Каментаваць