Беларускія хрысціянскія дэмакраты правялі талаку па ўшанаванню памяці аб спаленай вёсцы ў Капыльскім раёне

Каля дваццаці вёсак Капыльскага раёна спасціг лёс Хатыні ў гады Айчыннай вайны. Асабліва трагічным для жыхароў Капыльшчыны быў люты 1943-га года, калі вёскі з жыхарамі знікалі адна за адной.



Вёска Калодзезнае — адна з іх. У лютым 1943 года тут загінулі адразу 199 чалавек. З 217 жыхароў вёскі змаглі ўцалець толькі 18 чалавек. Аднаўляць вёску дапамагалі перасяленцы з польскай Беласточчыны.

Адмысловага помніка, прысвечанага трагедыі, да гэтага часу ў вёсцы не было. Стандартны абеліск салдату, прозвішчы загінуўшых людзей на абеліску — помнік у гэтай вёсцы нічым не адрозніваецца ад іншых вёсак, чые жыхары памерлі альбо не вярнуліся з фронту пад час Вялікай Айчыннай вайны. Няма і брацкай магілы. Сваякі загінуўшых людзей паставілі асобныя помнікі сваім родзічам. Некаторыя ахвяры такіх помнікаў не маюць — не было каму сабраць попел з хаты і памясціць у магілку. Колькасць імёнаў на асобных помніках уражвае, бо фактычна загінулі цэлыя сем’і: маці, бацька, зусім маленькія дзеці.

Мясцовы жыхар, грамадскі актывіст, сябра БХД Віктар Дашкевіч мае сваё ўяўленне аб захаванні Памяці аб нявінна спаленых ахвярах. Вось ужо некалькі гадоў ён працуе над стварэннем адмысловага помніка на мясцовых могілках, дзе захаваны попел загінуўшых людзей. Дапамагае яму ў гэтым мастак Уладзімір Шайбовіч, сябра Саюза мастакоў Беларусі, які стварыў эскіз помніка. Працуюць абое ў вольны час, ахвяруюць і свае уласныя грошы.

Па задуме ініцыятараў на месцы будучага помніка ўжо стаіць адмысловы крыж, дарожка ад якога будзе весці да астанкаў абгарэўшай сцяны.

Праца няпростая, бо скарыстоўваюцца аб’ёмныя матэрыялы: валуны, камяні, дубовыя бярвёны для сцяны хаты. Віктар Дашкевіч — далёка не малады чалавек. Нягледзячы на праблемы са здароўем, нераўнадушны чалавек штодзень шчыруе каля будучага помніка.

На жаль, вяскоўцы занадта заняты сваімі асабістымі справамі.

Да энтузіязму аднавяскоўца адносяцца пазітыўна, але дапамагаць не спяшаюцца. Спасылаюцца на адсутнасць часу і сродкаў.У Міхаіла Змітровіча ў агні згарэў дзед, дзейнасць Віктара Дашкевіча ён ўхваляе:

— Нармальны чалавек. Малайчына. Займаецца не толькі помнікам, але і вёскай. Дзякуючы яму зімой дарога сюды лепей прачышчана, чым у Капылі. У нас няма часу дапамагаць, бо прыязджаем сюды з Капыля, шмат сваёй працы.

Пажылая жанчына, якая папрасіла не называць прозвішча, лічыць, што ўлады наўмысна не заўважаюць працу аднавяскоўца:

— Віктар вельмі прынцыповы чалавек, руплівы гаспадар, шчыруе для сваёй вёскі, хоча, каб не забылася трагедыя той вайны. Улады маглі б і дапамагчы. Чалавек жа робіць такую добрую справу. Але наша вёска знаходзіцца ў глыбінцы, далёка ад дарог, каля якіх мог бы стаяць “паказушны помнік”.

Вазіць на экскурсіі сюды не будуць — далёка. Ды і праблемы жывых вяскоўцаў тады трэба будзе заўважыць. А каму мы тут патрэбныя? Аднолькава: як мёртвыя, так і жывыя.

Пенсіянерка Валянціна Статкевіч, як і іншыя жыхары, у каго ў агні загінулі сваякі, дапамагла невялікай грашовай сумай.

На яе думку, прайшло занадта шмат гадоў ад часоў трагедыі, ужо мала засталося ў жывых сваякоў ахвяр, якія б былі зацікаўлены ў аднаўленні памяці аб трагедыі.З іхняй вялікай сям’і ў жывых засталася адна яе маці, якую, каб выратаваць, дзед засунуў пад печ са словамі:

— Лезь, хавайся, калі ўдасца выратавацца — заграбеш нашы косці.

Пасля расстрэлу сям’і хата была падпалена, і дзяўчыне ўдалося ўцячы пад густым покрывам дыму.

Дапамагчы грамадскаму актывісту Віктару Дашкевічу ў апрацоўцы бярвенняў у выходны дзень 18 кастрычніка прыехалі маладыя хлопцы з партыі БХД. Прынялі ўдзел у талацэ і некалькі жанчын з Нясвіжа, Слуцка, пісьменнік Мікола Шаравар з Салігорска.

 

Мікола Шаравар так пракаментаваў сітуацыю з помнікам:

— Мы бачым шчырую працу фактычна аднаго чалавека там, дзе павінны былі б працаваць сотні людзей. Гэты выпадак — сколак становішча нашага раўнадушнага грамадства. Адзінкі спрабуюць штосьці змяніць, а астатнія займаюць пазіцыю “наша хата з краю”. Мы ж ведаем, што дзяржава прыватызавала нават памяць пра вайну, дзяржаўныя бязлікія гіганцкія помнікі мала што даюць для сэрца, але дадаткова знішчаюць нацыю.

Гэты помнік, на першы погляд, будзе невялікім і простым, але ён робіцца сэрцам, а па-гэтаму будзе ўражваць. У помніку без усялякай пампезнасці будзе адлюстраваны жах вайны, якой яна і была для простых мірных людзей.

Каментаваць