Беларускія праваабаронцы працягваюць справу Кастуся Каліноўскага і Францішка Багушэвіча

У першую чаргу праваабаронцы павінны абараняць парушаныя правы тых, хто самі гатовыя за іх змагацца заявіла ў інтэрв’ю карэспандэнту НЧ удзельнік III Беларускага праваабарончага форуму, юрыстка Тамара Сяргей.



Тамара Сяргей і Валянціна Каваленка на праваабарончым форуме ў Вільні


Паводле яе слоў, у краіне парушаюцца асноўныя грамадзянскія, палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы чалавека. “Аднак грамадзянам, чые правы парушаныя, вельмі цяжка іх аднавіць праз суды і пракуратуру, нават з дапамогаю адвакатаў. У сваю чаргу, адвакаты часцяком адносяцца даволі фармальна да выканання сваіх прафесійных абавязкаў перад кліентамі. Асаблівую заклапочанасць выклікае стан абароны парушаных правоў найбольш бездапаможных катэгорыяў грамадзянаў, у тым ліку людзей сталага веку, хворых і з нізкімі даходамі”, — адзначыла юрыстка.

На яе меркаванне, дзеля таго, каб забяспечыць кожнаму з гэтых катэгорый грамадзян мажлівасць узнаўлення сваіх парушаных правоў, праваабаронцы абавязаныя ім аказваць неабходную прававую дапамогу. Нагадаем, што такую дапамогу сваім суайчыннікам, хто меў у ёй вялікую патрэбу, заўсёды аказвалі нашы слаўныя продкі — выбітныя прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Менавіта яны (і тут на памяць найперш прыходзяць імёны нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і абуджальніка нацыянальнай свядомасці беларусаў Францішка Багушэвіча)  самаахвярна абаранялі гонар, годнасць і парушаныя правы нашага паняволенага народу ад розных форм дыскрымінацыі і насілля, у тым ліку і судовага, з боку расійскай каланіяльнай адміністрацыі, разам з народам змагаліся за яго вольную, дэмакратычную і незалежную будучыню. На маё меркаванне, усведамленне гэтай высакароднай традыцыі нашых продкаў-юрыстаў, якія з’яўляліся сапраўднымі прадстаўнікамі нацыянальнай эліты, будзе спрыяць падвышэнню аўтарытэту беларускіх праваабаронцаў і іх салідарнасці.

Вельмі важна, каб праваабаронцы абаранялі парушаныя правы любога чалавека, хто сам гатовы за іх змагацца, незалежна ад яго палітычных інтарэсаў, ідэалагічных поглядаў і канфесійных прыхільнасцяў. Менавіта пры такім падыходзе праваабаронцы не будуць атаясамлівацца з апазіцыяй, а будуць успрымацца грамадствам як супольнасць людзей, якія змагаюцца за аднаўленне правоў грамадзян”, — падкрэсліла юрыстка.

Гэтыя думкі Тамары Сяргей падзяляюць многія беларускія праваабаронцы, у тым ліку ўдзельніца форуму бабруйчанка Валянціна Каваленка. Яна шмат гадоў дабіваецца аднаўлення парушаных правоў свайго адзінага сына, які дзясяты год адбывае пакаранне і справа якога апратэставаная Генеральнай пракуратурай.

Нагадаем, што днямі ўступіла ў законную сілу афіцыйнае папярэджанне Генеральнай пракуратуры аб крымінальнай адказнасці Тамары Сяргей за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання — Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Каментаваць