Беларускую мову — у беларускі парламент!

На чарговым пасяджэнні рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць 16 лютага абмеркаваная ідэя стварэння грамадзянскай ініцыятывы “Беларускую мову — у беларускі парламент!”.



Гаворка ішла пра тое, што патрыёты Беларусі незалежна ад нацыянальнасці, палітычных і рэлігійных перакананняў аб’ядноўваюцца ў грамадзянскую ініцыятыву для актыўнага ўдзелу ў парламенцкіх выбарах у верасні бягучага году. Прычым вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты можа адбывацца як ад зарэгістраваных палітычных партый, так і шляхам збору подпісаў грамадзянаў.

Мяркуецца, што ініцыятыва аб’яднае кандыдатаў у дэпутаты па ўсіх 110 выбарчых акругах краіны, сябраў ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў і назіральнікаў, прычым кожны кандыдат будзе праводзіць сваю выбарчую кампанію выключна па-беларуску і будзе змагацца за тое, каб новы склад айчыннага парламенту працаваў выключна па-беларуску, прымаў на дзяржаўнай беларускай мове ўсе заканадаўчыя акты, унёс неабходныя змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і прыняў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”.  

Апроч беларускай мовы, дзейнасць ініцыятывы будзе абапірацца на прынцып справядлівых выбараў і каштоўнасці еўрапейскай дэмакратыі. Сябры рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць таксама выступілі за стварэнне аднапалатнага парламенту з традыцыйнай беларускай назвай Сойм, які будзе працаваць на дзяржаўнай беларускай мове. Пры неабходнасці праекты законаў будуць перакладацца на рускую і іншыя мовы, якія ўжываюцца на тэрыторыі Беларусі. Прычым заробак дэпутатаў парламенту не павінен перавышаць сярэдні заробак па краіне.

Сябры рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць лічаць, што калі нацыянальны парламент стане беларускамоўным, складзецца больш спрыяльная сітуацыя для функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадзянскага і палітычнага жыцця Беларусі.

Для абмеркавання ідэі стварэння грамадзянскай ініцыятывы “Беларускую мову — у беларускі парламент!” вырашана 27 сакавіка ў 12.00 склікаць у Мінску чарговую сесію Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць “Якім павінен быць беларускі парламент?”.   

Для падрыхтоўкі сесіі ўтворана працоўная група пад старшынствам вядомай грамадскай дзяячкі,   першага намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, мовазнаўцы Алены Анісім.

Каментаваць