Беларусы Нью-Ёрку пікетавалі “Фольксваген”

Каля 30 чалавек пратэставалі ў Нью-Ёрку супраць спансавання кампаніяй “Шкода”, якая належаць “Фольксвагену”, чэмпіянату свету па хакею ў Беларусі ў наступным годзе.



Беларусы Нью-Ёрку пікетуюць Фальксваген


Пратэстоўцы лічаць, што да таго часу, пакуль улада ў Беларусі кантралюецца аўтарытарным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, такога кшталту спансаванне раўназначнае фінансавай падтрымкі афіцыйных беларускіх уладаў. 
 

Удзельнікі мітынгу праводзілі наўпроставую паралель паміж Алімпійскімі гульнямі, арганізаванымі ў 1936 годзе ў Мюнхене нацысцкімі ўладамі, з мэтаю прапаганды “дасягненняў новых уладаў” у гітлераўскай Германіі, і чэмпіянатам свету па хакею, які будзе выкарыстаны рэжымам Лукашэнкі з мэтаю прапаганды “дасягненняў рынкавага сацыялізму” ў Беларусі.

Пікетоўцы спадзяюцца, што кіраўніцтва канцэрну адумаецца

 

Яны патрабавалі неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных у Беларусі і правядзення свабодных дэмакратычных выбараў. У канцы мітынгу яго ўдзельнікі дамовіліся, што гэтая акцыя будзе не апошнім пратэстам, і падобныя мерапрыемствы будуць працягвацца, калі "Фольксваген" далей будзе працягваць спансаванне мерапрыемстваў, арганізаваных лукашэнкаўскімі ўладамі.

Нельга спансаваць рэжым, які ўтрымлівае палітзняволеных

 

Пікетаванне было арганізаванае новай арганізацыяй беларускіх эмігрантаў у ЗША “Беларусы ў выгнанні” (па-англійску “Belarusians in Exile”), якую ўзначальваюць лекар-псіхіятр Дзмітры Шчыгельскі і былы кіраўнік Задзіночання беларускіх студэнтаў Яўген Іванюк. Узгаданы пікет стаўся першай вялікай акцыяй, арганізаванай “Беларусамі ў выгнанні”.
 

Сярод удзельнікаў пікетавання і выступоўцаў былі: старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк, адна з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскага задзіночання д-р Алла Орса-Рамана, Юрась Зянковіч, Вікторыя Малаева ды іншыя.
 

Зянон Пазьняк каментуе акцыю амерыканскім тэлевізійшчыкам

 

Пікетаванне праводзілася ў рамках кампаніі, якую адначасова і незалежна ад сябе распачалі Беларуска-амерыканскае задзіночанне ў Амерыцы, Асацыяцыя “За мадэрнізацыю” на чале з былым кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам у Чэхіі і дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Марэк Мігальскі.

Каментаваць