Беражыце працу!

Ёсць людзі з зайздроснай памяццю. Вось вы, паважаны чытач, памятаеце, пра што была дырэктыва кіраўніка дзяржавы №1? А дырэктыва №3? А вось нашы ўрадаўцы памятаюць! Яны дапоўняць і скарэктуюць нашую беражлівасць.



Падавалася б, у краіне — крызіс, спад вытворчасці, Нацбанк адзін за адным прыпыняе дзейнасць банкаў, расце беспрацоўе, спыняюцца прадпрыемствы. Трэба нешта рабіць, і рабіць тэрмінова, каб мы не скаціліся ў «пачатак 90-х». Але ўрад заняты іншым. Зусім нечакана там узнікла ідэя дапоўніць і скарэктаваць дырэктыву №3, прынятую яшчэ ў чэрвені 2007 года.

Аказваецца, гэтая дырэктыва — аб эканоміі і беражлівасці. Урад сцвярджае, што дакумент спрацаваў. «Дакумент быў накіраваны, у першую чаргу, на эканомію паліўных рэсурсаў і энергазберажэнне. І ён спрацаваў вельмі няблага. З 2007 года энергаёмістасць ВУП у нафтавым эквіваленце на $1 тыс. знізілася да 290 кг. Знос асноўных фондаў у энергетыцы складае 39% супраць 65% у 2005–2006 гадах. Знізілася выкарыстанне прыроднага газу практычна на 2 млрд куб.м.», — паведаміў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты.

Змены і дапаўненні ў дырэктыву №3, згодна паведамленню ўрада, будуць тычыцца не толькі энергетычнай палітыкі, але і цэлага шэрагу іншых напрамкаў, такіх, як дыверсіфікацыя экспарту, развіццё новых галін і новых вытворчасцей.

Падаецца, працуе — не кранай, бо сапсуеш. Не, ўсё роўна нам трэба нешта «палепшыць». Якім чынам дырэктыва аб беражлівасці можа тычыцца той жа дыверсіфікацыі экспарту — невядома. І, дарэчы, чаму гэта робіць урад? Дырэктыва ж — кіраўніка дзяржавы!

Напэўна, нашы людзі ўжо залішне беражлівыя. І гэтая залішняя беражлівасць часам прыводзіць да наўпроставых фінансавых стратаў. Вось, напрыклад, у Гомелі ўрач, бачна па ўсім, прымаў традыцыйныя «падзякі» пацыентаў у выгля­дзе алкагольных напояў, а сам быў аматарам здаровага ладу жыцця. Гэты здаровы лад жыцця і згуляў з ім злы жарт.

Пільныя грамадзяне паведамілі падатковай інспекцыі, што ён захоўвае дома каля 200 бутэлек дарагіх алкагольных напояў. Захоўваў і захоўваў, але, аказваецца, па Адміністрацыйным кодэксе ў нас у краіне дапускаецца захоўванне толькі 15 літраў алкаголю з беларускімі акцызнымі маркамі без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё тавару, і не больш за 5 літраў імпартнага алкаголю.

«Алкаголю, набытага ў Беларусі, можна захоўваць дома колькі заўгодна, але калі ёсць чэкі. У калекцыянера іх не было, алкаголь яму быў падораны, а аб ліміце мужчына не ведаў. Таму дапушчальныя 15 літраў у яго засталіся, а 178 бутэлек гарэлкі, віскі, рому, віна, бальзаму і каньяку мы канфіскавалі, акрамя таго калекцыянер аштрафаваны на 2 мільёны рублёў», — распавяла намеснік начальніка Інспекцыі МПЗ па Савецкім раёне Гомеля Таццяна Гюнтэр.

Як пяе «Сплін», «Лепш бы ён піў і паліў». Праўда, спіўся б выдатны прафесіянал (інакш бы людзі яму не «дзячылі»), але пасля такіх навінаў міжволі задумаешся: што лепш? Спіцца ці патрапіць у кіпцюры падатковай?

Адваротная навіна прыйшла з-пад Оршы, дзе прадавец сельскай крамы за паўгады раздала жыхарам вёскі прадуктаў і іншых тавараў на 107 мільёнаў рублёў. «Прадавец раздавала тавары направа і налева нават без якіх-небудзь гарантый. Паводле яе зацемкаў у сшытку атрымалася выявіць усяго 19 пакупнікоў, якія запазычылі ў агульнай складанасці каля 29 мільёнаў рублёў. Куды падзеліся астатнія матэрыяльныя каштоўнасці — незразумела», — распавяла памочнік пракурора Аршанскага раёна Дыяна Рыбакова.

Падвяла прадавачку мяккасардэчнасць. Але што рабіць, калі людзі губляюць працу, і ім банальна няма чаго есці? Паводле афіцыйных звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на канец красавіка колькасць зарэгістраваных у Беларусі беспрацоўных у параўнанні з канцом красавіка 2014-га года павялічылася ў 1,9 разы. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Дадзеныя дзяржаўнай службы занятасці сведчаць аб тым, што каэфіцыент сацыяльнай напружанасці на рынку працы Беларусі вырас у чатыры разы ў параўнанні з мінулым годам: з 0,4 беспрацоўнага на адну вакансію на 1 мая 2014 года да 1,7 — на 1 мая гэтага года. Прычым, пераважная боль­шасць вакансій у службе занятасці — нізкааплатная праца для некваліфікаваных работнікаў.

Эксперты прагназуюць, што да канца года ў Беларусі шукаць працу будуць 280 тысяч чалавек, альбо 6% працаздольнага насельніцтва.

Гэтыя лічбы экспертаў я б назваў занадта аптымістычнымі. Па-першае, па тых жа падліках, ужо зараз з афіцыйна занятых у эканоміцы на 1 сакавіка 216 тысяч былі ў адпачынку, прастоі ці працавалі няпоўны працоўны тыдзень. Па-другое, у Расіі таксама зацікавіліся «дармаедскім» досведам Беларусі. Прынамсі, Федэральная служба па працы і занятасці Расіі ўжо «спіянерыла» беларускую ідэю і прапанавала спаганяць «падатак на дармаедства» з усіх грамадзян, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, за выключэннем афіцыйна працаўладкаваных, зарэгістраваных беспрацоўных, студэнтаў, пенсіянераў і іншых ільготных катэгорый. Такі плацеж, па меркаванні Распрацы, закліканы перашкаджаць нелегальнай занятасці. Па звестках ведамства, ценявы сектар рынку працы Расіі можа дасягаць 15 мільёнаў чалавек.

Зразумела, што большасць беларусаў, якія працуюць у Расіі, — тыя самыя «нелегальныя працоўныя мігранты», на якіх будзе распаўсюджвацца расійскі «дармаедскі» падатак. Наўрад ці расійскі працадаўца будзе яго плаціць за беларусаў. А значыць, сотні тысяч беларусаў, якія ўсё яшчэ працуюць у Расіі, рынуцца на радзіму, дзе перад імі таксама выбар: плаціць падатак на дармаедства альбо ісці ў службу занятасці.

Такім чынам, экспертную лічбу беспрацоўя можна смела павялічваць удвая. А людзей жа трэба карміць! Баюся, што адной міласэрнай прадавачкі з Аршанскага раёна на ўсіх будзе яўна замала.

Так што галоўнай карэкцыяй дырэктывы аб беражлівасці павінна быць адна парада: зберагайце не алкаголь і не грошы. Галоўнай каштоўнасцю ў час крызісу з’яўляецца і застаецца добра аплачваемая праца. Беражыце яе і людзей, якія вам дапамогуць у складаны час.

Каментаваць