Без рэформ Беларусь паволі заходзіць у тупік

12 лістапада на сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг заяў, сутнасць якіх можна звесці да нежадання афіцыйнага лідара ажыццяўляць сур'ёзныя і значныя рэформы.



Было сказана пра захаванне дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і забюракратызаванага парадку прыватызацыі, нязменнасці знешняй і ўнутранай палітыкі.


Аднак ці ёсць у беларускай улады неабходныя рэсурсы, каб дазволіць сабе адмовіцца ад рэальнай мадэрнізацыі? Стан эканомікі, знешняй і ўнутранай палітыкі сведчаць пра вычарпанасць мадэлі "беларускага цуду".


Унутраны застой

"Мне трэба ўмацаваць сваю дзяржаву і знешне, і ўнутрана", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Цяжка ўявіць сабе, што яшчэ ў прынцыпе можна зрабіць для гэтага самага "ўнутранага ўмацавання".

Самым прыкметным дасягненнем беларускай улады за 18 гадоў стала поўная зачыстка палітычнага поля. Палітычная апазіцыя знаходзіцца, мабыць, у самым раздаўленым стане за ўсю сучасную гісторыю краіны.

Нядаўняя абсалютна вялая парламенцкая кампанія суправаджалася практычна поўнай абыякавасцю насельніцтва да стратэгіі байкоту, якая прапаноўвалася апазіцыяй, і папулісцкіх праграм праўладных кандыдатаў.

Рэйтынг самога Аляксандра Лукашэнкі, паводле ацэнак НІСЭПД, пасля скачкоў 2010—2011 гадоў трывала замацаваўся ў зоне 30—35%. Цяпер нават паляпшэнне ці пагаршэнне эканамічнага становішча наўрад ці здольнае яго сур'ёзна пахіснуць.

Усё гаворыць аб тым, што насельніцтва канчаткова страціла ўсякую цікавасць да палітычнага жыцця. Улада яўна перастаралася з закручваннем гаек. Унутрыпалітычны рэсурс вычарпаны на доўгія гады наперад.

Ажывіць апатычнае насельніцтва не здольныя ні касметычныя рэформы выбарчай сістэмы, ні размовы пра будучую палітычную мадэрнізацыю. Настроі ў грамадстве ўсё больш нагадваюць часы брэжнеўскага застою.


Шэрыя знешнепалітычныя перспектывы

У той жа час адносіны з Еўропай практычна замарожаныя з-за нежадання беларускай улады ісці на ўступкі. Ва ўмовах апрыёры нераўнапраўнай інтэграцыі з Расіяй у межах Еўразійскага саюза Лукашэнка пазбавіўся свайго самага значнага козыра — знешнепалітычных "арэляў".

А размарожваць адносіны Еўрасаюз не спяшаецца. Паводле меркавання аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэя Елісеева, "адмова ад санкцыйнай палітыкі без выканання Беларуссю асноўнай умовы — вызвалення палітзняволеных — не ўяўляецца магчымым у найбліжэйшай перспектыве".

Але цяпер, падобна, нават прывычныя страшылкі пра "танкі НАТО пад Смаленскам" не будуць дзейнічаць на Маскву. З прыходам у расійскі ўрад прагматычнай каманды Дзмітрыя Мядзведзева ў адносінах брацкіх народаў усё менш эмоцый і ўсё больш сухой эканомікі.

Разлічваць на эканамічную дапамогу Масквы без значных прыватызацыйных уступак, якім Лукашэнка працівіцца з усяе сілы, больш не трэба. Час "нафты і газу ў абмен на пацалункі" беззваротна прайшоў.

Андрэй Елісееў бачыць сур'ёзныя эканамічныя рызыкі ў знешнепалітычнай непадатлівасці Мінска: "Беларусь рызыкуе апынуцца ў асабліва непрыемнай сітуацыі, калі знешнія рэсурсы будуць недаступныя ні з аднаго боку — напрыклад у выглядзе чацвёртага транша крэдыту ЕўрАзЭС, ні з другога — у выглядзе праграмы МВФ".


Прыбліжаюцца сур'ёзныя эканамічныя праблемы

Эканамічная ж дапамога можа спатрэбіцца вельмі хутка. Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што "Беларусь можа застацца ў каляіне мяккай рэцэсіі, ад якой хранічна будзе спрабаваць пазбаўляцца знешнімі крэдытамі". Дарэчы, вяртанне ўжо набраных даўгоў у наступным годзе запатрабуе, паводле ацэнак экспертаў, прыцягнення новых пазык.

З'явіліся сур'ёзныя праблемы з плацежным балансам пасля спынення рээкспарту растваральнікаў, разбавіцеляў і змазачных матэрыялаў. І калі ад пакрыцця пошлін у расійскі бюджэт беларускія ўлады, падобна, змогуць адбіцца (усё ж знайшлі дзірку ў прававым рэгуляванні), то больш такіх патуранняў Расія сапраўды не дасць.

Натуральным рэсурсам у такіх умовах з'яўляецца прыватызацыя дзяржаўных актываў. Але аддаваць рычагі ўлады, хай пакуль і эканамічнай, замежным (чытай — расійскім) алігархам не даспадобы беларускаму прэзідэнту. Ад наменклатурнай жа прыватызацыі вялікіх грошай казна не атрымае.

Што да абменнага курсу, то, паводле меркавання Яраслава Раманчука, "сітуацыя ў 2013 годзе будзе неспрыяльная ў сувязі з цяжкасцю абслугоўвання знешніх даўгоў, а таксама з прадказальным пагаршэннем знешнеэканамічнай кан'юнктуры". Тут эксперт мае на ўвазе прагназаванае падзенне цэн на нафтапрадукты як вынік агульнаеўрапейскай рэцэсіі.


Без мадэрнізацыі не абысціся

Мабыць, упершыню за апошнія дзесяцігоддзі беларуская ўлада дайшла да сітуацыі, калі яе разнастайныя рэсурсы сапраўды блізкія да спусташэння.

Раней праблемы з Еўропай можна было вырашыць квазілібералізацыяй. Праблемы ва ўнутранай палітыцы вырашаліся дзякуючы элементарнаму дырэктыўнаму павышэнню зарплат. А праблемы эканамічныя ўлада магла пераадолець пры дапамозе суседняй Расіі, толькі крыху пайграўшы на струнках братняй любві ці стратэгічных інтарэсаў.

Цяпер жа як быццам адначасова закрыліся ўсе краны і басейн беларускай стабільнасці пачаў імкліва высыхаць.

Нясмелую спробу кінуць ратавальнае кола зрабіў Брусель, калі прапанаваў "Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі", прычым зрабіў гэта без усякіх папярэдніх умоў. Але ўлада не прымае ніякіх парад класава чужых ёй еўрапейцаў.

Прэзідэнт рэгулярна заяўляе, што высокія пасады ва ўладзе займаць павінны толькі "дзяржаўнікі". Аднак часам здаецца, што менавіта дзяржаўнага мыслення сённяшняй уладзе не хапае. І той, хто ва ўсю моц гаворыць пра абарону інтарэсаў народа, можа пакінуць краіну каля разбітага карыта.

Каментаваць