Бежанец: «У нас яшчэ сто гадоў не будзе сяброўства з Расіяй»

Як ні пнулася расійская прапаганда стварыць з Крыму вобраз выспы парадку і стабільнасьці, людзі бягуць адтуль. Бягуць у «ахопленую хаосам» Украіну, якая знаходзіцца «на мяжы катастрофы».



На паўночна-заходняй ускраіне Кіеву, у Пушча-Водзіцы, у двух санаторыях зараз жывуць 104 дарослых і 29 дзяцей. Крымскія татары, украінцы, рускія, армяне. З Севастопалю, Керчы, Джанкою, Еўпаторыі, Алупкі, Алушты... Я апярэдзіў Арсенія Яцанюка, які мае прыехаць сюды заўтра, 8 красавіка, каб паразмаўляць з імі. 

Кажуць, расійскае тэлебачанне прадстаўляе гэтых людзей лайдакамі, якія проста скарысталіся момантам і паквапіліся на дармаўшчынку. Магчыма, ёсць і такія, але мне яны не сустракаліся.

Ёсць побытавая прычыны ад'езду — Ганна, цяжарная жанчына, напрыклад, з'ехала, бо ў Крыму немагчыма нарадзіць. Хуткая не выязджае па выкліках, бо ў іх няма паліва. Але ў асноўным людзей прымушаюць з'язджаць патрыятычныя перакананні.

Ці, як выказаўся радыёжурналіст Аляксандр з паўднёвага берагу Крыма, «педагагічныя»: «Я выхоўваў свайго сына, як грамадзяніна Украіны... Калі ён спяваў украінскі гімн у нас там, на плошчы, я пабачыў, якімі вачыма ён глядзеў на расейскага казака, і зразумеў, што трэба яго вывозіць».

Віктар Якушаў

 

53-гадовы Віктар Якушаў, беларус па бацьку, які служыў у севастопальскай вайсковай частцы палявым паштальёнам, кажа, што хоча быць «украінцам ва Украіне, а не маларосам у Расіі». Віктар быў абураны і шакаваны тактыкай «зялёных чалавечкаў», пра якую казаў Пуцін і яна сапраўды здзяйснялася на практыцы, ён гэта бачыў на ўласныя вочы: «Расійскія вайскоўцы ўстануць ззаду жанчынаў і дзяцей, і няхай украінцы толькі паспрабуюць у іх стрэліць». Менавіта такім чынам штурмавалі вайсковую частку Віктара. «Я не магу жыць у краіне, у якой запанаваў гітлерызм, іначай не скажаш», — гаворыць Віктар.

«Раней неяк жылі сабе і жылі, ніхто не дзяліўся на "сваіх" і "чужых". Цяпер пачалі перашэптвацца, касавурыцца, высьвятляць, ці хадзіў той на рэферэндум, а чаму тая па-украінску размаўляе, а гэты ці не бандэравец раптам... Мне здавалася, што вакол былі нармальныя людзі, але раптам усё ператварылася ў слоік з павукамі. Натуральны трыццаць сёмы год, з пошукамі ворагаў народу і суцэльнай паранояй. Я з'ехаў ад пачуцця бездапаможнасці — мне хацелася нешта змяніць, бо Пуцін зрабіў вялікую подласць, але гэта было немагчыма», — расказвае мой суразмоўца.  

Міхаіл Пятровіч Піштой

 

68-гадовы Міхаіл Пятровіч Піштой з Новаазёрнага, што пад Еўпаторыяй, назіраў, як расійскія вайскоўцы атакавалі мінны тральшчык «Чаркасы». Той самы, які пад песню «Врагу не сдаётся наш гордый Варяг» прарваўся з возера Донузлаў, праігнараваўшы ультыматум Расіі. «Калі на ім абвесцілі баявую трывогу, усе гэтыя расійскія дэсантнікі разбегліся хто куды. Камандзір кажа, я вам зараз шандарахну ў штаб, калі не супакоіцеся, і ўсё... Я ім з берагу крычаў: Слава Украіне!», — гаворыць Міхаіл Пятровіч. 

«Чаму я з'ехаў? Бо гэта вайна, баявыя дзеянні, якія я сам бачыў. Вось гэты пінжак раней на мне на зашпільваўся, а зараз, бачыце, як добра сядзіць. Схуднеў увесь. Яшчэ да рэферэндуму я ехаў у электрычцы на Севастопаль. Дыскутаваў там з суседзямі, выказваўся за Украіну, як звычайна. І што вы думаеце? Выходзім на перон, а мае апаненты мяне казакам здаюць. Прыезджым, хамуйлам нейкім няўмытым. Кажуць, забярыце, гэта бандэраўскі агітатар. Ну, тады казакі яшчэ настолькі не распярэзаліся. Але атаман іхны мне сказаў, глядзі, дзед, было б гэта ноччу, быў бы ты ў нас бедны. Здалі мяне ў міліцыю. Тыя, праўда, адпусцілі. Параілі казакаў абыходзіць, бо яны "усіх разарваць гатовыя"...», — расказвае спадар Піштой.

Мой суразмоўца дадае, што «праз пуцінскую прышчэпку ў бліжэйшыя сто гадоў ніякага сяброўства ў нас з Расіяй не будзе». Міхаіл Пятровіч упэўнены — Крым вернецца ва Украіну. Ён нават даў зарок, што не будзе галіцца, пакуль гэтага не адбудзецца.

Іван Каратаеў

Іван Каратаеў — сірата, ягоныя бацькі — рускія, дарэчы, зніклі без вестак. Выхоўваўся ў дзіцячым доме, пасля васямнаццаці гадоў жыў у сацыяльным інтэрнаце. Стаяў у Севастопалі ў чарзе на кватэру. Залівіста смяецца, калі я пытаюся, чаму не застаўся — раптам яму Пуцін кватэру ў Маскве даў бы? Іван любіць вандраваць, шмат ездзіў па Расіі і Украіне, і зрабіў свой выбар на карысць апошняй. Паказваючы на галаву і сэрца, хлопец кажа: «Вось тут і тут украінцы іншыя». Іван уваходзіць у каардынацыйны цэнтр бежанцаў, які займаецца іхнымі праблемамі. Падтрымлівае сувязь са знаёмымі ў Севастопалі.

 

«Учора тэлефанавалі адтуль. У Балаклаве, горадзе-спадарожніку Севастопаля, там ёсць гаражны кааператыў, новая ўлада высунула ўльтыматум уладальнікам: праз два дні каб вас тут не было. Людзі не паслухалі, дык тыя прыехалі з будаўнічай тэхнікай і проста знеслі гаражы разам з усім, што там было. У сям'і актывістаў крымскага Еўрамайдану казакі адабралі кватэру ў Ялце, усю маёмасць і выкінулі на вуліцу, сябра майго брата збілі за ўкраінскія ўлёткі... Пры гэтым  дзяржструктуры і сацыяльныя службы не працуюць», — расказвае Іван.

 

Іван згадваў, што быў на захадзе Украіны, у Львове, Івана-Франкоўску, Ужгарадзе, Мукачава. Я пытаюся ў яго, як ён, севастопалец, сын рускіх бацькоў, наважыўся дабраахвотна прыехаць у «логава бандэраўцаў».

 

«Я ведаю ўкраінскую мову, але праз адсутнасць практыкі ў Севастопалі размаўляў кепска на ёй, таму на захадзе звяртаўся да людзей па-руску. І ніколі не сустракаў непрыязі да сябе з гэтай прычыны. Па Львову спакойна гуляў па начах, нават на Высокі Замак падымаўся ўначы... Дарэчы, Крым мог бы павучыцца ў Львова ў плане турызму. У іх там столькі цікавостак, узровень абслугоўвання высокі, класны горад, я ў яго проста закахаўся. І праз тое, што да іх шмат турыстаў адусюль прыязджае, яны талерантна да розных людзей ставяцца. А вось у сябе дома аднойчы быў сведкам непрыемнай сцэны, калі нейкі п'янаваты мужык у маршрутцы груба абразіў дзяўчыну, якая размаўляла па-ўкраінску. Хаця менавіта ўкраінцы ў асноўным прыязджалі адпачываць у Крым. Ну, цяпер яны не пачуюць ненавіснай украінскай мовы, але турыстычны сезон пахаваны. Яны заўсёды зайздросцілі тым, хто працаваў на Чарнаморскім флоце. У іх там сапраўды высокія заробкі. Толькі на флот жа ўсіх не возьмуць», — гаворыць хлопец.

 

Мой калега, журналіст Аляксандр просіць не называць ягонага прозвішча і не фатаграфаваць яго, бо ён яшчэ не ўсіх вывез на мацярык, баіцца за родных, кажа, што яго больш за ўсё абурае крывадушнасць Крамля.

 

«У куртуазнай сярэднявечнай культуры ў рыцара заўсёды была дама-шырма, каб ніхто не здагадаўся, каго ён насамрэч кахае. Дык вось усе гэтыя размовы пра абарону суайчыннікаў, горад рускай славы (хаця чаму рускай, калі там ваявалі ўкраінскія дывізіі?) — гэта куртуазны маньерызм. Мэтай захопу Крыма было здабыццё перавагі на нафтагазавым рынку, і толькі...», — кажа Аляксандр.

 

Мой суразмоўца разважае пра тэзу расійскай прапаганды, што Крым «падарыў» Украіне «п'яны Хрушчоў».

 

«Галоўнай мэтай было наладзіць гаспадарку. Як гаспадараць дзе-небудзь у Разані? Саджай у гразь і будзеш князь. А тут пустыня, ваду па кропельцы збіраць трэба. Разанскі селянін не дасць рады, таму патрэбныя былі сяляне з Херсоншчыны... Але ладна, хай падарыў, дык не скралі ж, чаму вы паводзіцеся з намі, нібыта са злодзеямі? І хто гэта падарункі назад забірае?»

 

Аляксандр згаджаецца з маімі аргументамі, што нельга казаць пра атрыманне Украінай Крыму «на дармавінку» хаця б таму, што ў склад СССР ён увайшоў, у значнай ступені дзякуючы арміі Нестара Махно, створанай з вольналюбных украінскіх сялянаў. Па чутках, бальшавікі абяцалі аддаць паўвостраў яму для стварэння эксперыментальнай анархісцкай рэспублікі. А потым жорстка падманулі...

 

«Калі быць шчырым, сапраўдныя гаспадары Крыму — гэта татары. У іх нават у паставе гэта заўважна. Мы, украінцы, ходзім там, як... проста зямляне, скажам, гэтыя, што пад трыкалорамі, як акупанты, а ў іх паходка гаспадарская. Іх часам толькі па паходцы і можна пазнаць, бо антрапалагічны тып з тамтэйшымі рускімі часта зусім аднолькавы. Дарэчы, аўтаномій тэрытарыяльных у СССР не было. Крым стаў аўтаноміяй праз татараў. І менавіта яны мусяць вырашаць лёс паўвостраву. Думаю, урэшце так і будзе», — рэзюмуе Аляксандр.

 

Крымскі татарын Астап, злева, ідзе

 

Але пакуль многія з іх вымушаны бегчы на мацярык. Бо, як кажа Астап, крымскі татарын, мець палітычныя погляды, адрозныя ад сувораўскага «Мы — русские! Какой восторг!», у Крыму проста небяспечна — «можна выйсці з дому і не вярнуцца».

Я паабедаў разам з бежанцамі гарохавым супам, грэчкай з курыцай і салатам, усё вельмі смачнае, як хатняя ежа. Гатуе ім повар санаторыю Кіеўпастрансу з прадуктаў, якія прывозяць звычайныя кіеўляне. Адны з іх — сям'я Слабадзенюкоў. Анатоль — херсонец, былы вайсковы лётчык, Лідзія — медыцынскі работнік, нарадзілася і вырасла ў Пецярбурзе, дасюль захавала пецярбурзскае вымаўленне. Усю сваю пенсію аддавала на Майдан. «А тут новая бяда...» — уздыхае Лідзія.

Сям'я Слабадзенюкоў

 

Яны жылі ў тым ліку ў Германіі, і Анатоль кажа пра тое, што усходняе яе частка «дасюль не ачомалася», застаецца ў значнай ступені дэпрэсіўным рэгіёнам. «Усё таму, што былі пад Расіяй...» — гаворыць Анатоль.

«Мне вельмі, вельмі сорамна за сваіх суайчыннікаў... Апамятайцеся!» — звяртаецца Лідзія да рускіх.

Абмеркаванне:

  • Рыгор
  • 2014-04-07 19:44:48
Колькі такіх, што не хацелі б быць маларосамі ў Расеі? Іх большасць. І ня только ў Крыме, але ж і ва ўсёй ўсходняй частцы краіны. Толькі меньшасць вельмі моцна пачала ўздымаць галасы, пачуўшы, што
расейскія танкі побач чакаюць... Ці разумаюць тыя танкісты і іх камандзіры, што яны робяць? Якія загады ім - крый Божа! - прыдзецца выконываць?!!
  • Рустам
  • 2014-04-08 02:00:39
слава украине

Каментаваць