Бюджэтнікам абяцаюць дабрабыт

На наступны год урад запланаваў рост заработнай платы працаўнікам бюджэтнай сферы ў да 420 долараў, работнікам вытворчасці — да 500 у эквіваленце. Міністр фінансаў Андрэй Харкавец лічыць, што дасягнуць гэтай планкі магчыма, але толькі з умоваю, што эканоміка краіны выйдзе на прагнозныя паказчыкі. Фінал бягучага года паказвае, што стартавая пляцоўка для росту, мякка кажучы, выглядае кепска.



На наступны год урад запланаваў рост заработнай платы працаўнікам бюджэтнай сферы ў да 420 долараў, работнікам вытворчасці — да 500 у эквіваленце. Міністр фінансаў Андрэй Харкавец лічыць, што дасягнуць гэтай планкі магчыма, але толькі з умоваю, што эканоміка краіны выйдзе на прагнозныя паказчыкі. Фінал бягучага года паказвае, што стартавая пляцоўка для росту, мякка кажучы, выглядае кепска.

За некалькі тыдняў да пачатку новага года кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па вырашэнню найбольш актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2010 годзе. Галоўным пасылам сустрэчы стала патрабаванне «безумоўнага выканання ўсіх запланаваных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця». «Скажам прама, вызначаныя параметры з’яўляюцца надзвычай высокімі і напружанымі. Але іх дасягненне — справа нашага гонару, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы павінны разумець: толькі рэалізаваўшы тое, што запланавалі, мы зможам пераадолець адставанне, выкліканае сусветным крызісам, і аднавіць высокія тэмпы эканамічнага росту, годна завяршыць бягучую пяцігодку, выканаць усё, што абяцалі народу на трэцім Усебеларускім сходзе. Вядома, для гэтага давядзецца прыкласці вялізныя намаганні. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што рызыка-мажорных абставінаў летам не будзе, сусветная эканоміка і суседнія рынкі ажывіліся. «Давайце працаваць, шукаць новыя падыходы для таго, каб выканаць задачы», — заклікаў Лукашэнка.

З чым краіна падыходзіць да новага году, у якім кіраўніцтва Беларусі бачыць спрыяльныя ўмовы для эканамічнага развіцця? Нацыянальны статыстычны камітэт агучыў вынікі эканамічнага развіцця, ці, больш правільна, заняпаду. За дзесяць месяцаў бягучага года краіна мела адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў 4 мільярда 308,6 мільёна долараў ЗША.

Асноўнай крыніцай фарміравання адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі Белстат называе экспертна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя). Больш за палову вартаснага аб’ёму экспарту і імпарту прамежкавых тавараў складаюць энергетычныя тавары. На знешні рынак іх пастаўлена на 6 мільярдаў 104,9 мільёна долараў, што на 42,3 працэнта менш, чым у студзені — кастрычніку 2008 года. Імпарт энергетычных тавараў скараціўся на 26,8 працэнта і склаў 8 мільярдаў 954,4 мільёна долараў. Адмоўнае гандлёвае сальда краіна мае і па нехарчовай групе спажывецкіх тавараў — 731,6 мільёна долараў. На плюс за дзесяць месяцаў выйшаў знешні гандаль харчовымі таварамі — сальда 518 мільёна долараў.

За год павялічылася і колькасць стратных прамысловых прадпрыемстваў з 12,4 да 18,5 працэнта. Фактычна кожнае пятае прадпрыемства па выніках года спрацавала ў мінус.

Беларускія склады заваленыя прадукцыяй прадпрыемстваў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці на 1 снежня ў фактычных коштах склалі 75,7 %, або 6 трыльёнаў 48 мільярдаў рублёў. Найбольшыя суадносіны запасаў і сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці склалася ў лёгкай прамысловасці — 172,2 %, машынабудаванні і металаапрацоўцы — 155,8 % (на 47,4 % больш). Па падгалінах «лідэрамі» з’яўляюцца цукровая вытворчасць (у 3,5 разы запасы перавышаюць сярэднямесячны аб’ём вытворчасці), аўтамабільная (у 3,3 разы) і тэкстыльная (191,8 %). Аляксандр Лукашэнка лічыць разгрузку складоў прадпрыемстваў недапушчальна павольнай.

Па яго словах, статыстыка паказвае, што працы па разгрузцы складоў не нададзены належны імпульс. Аднак заклік выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі для прасоўвання айчыннай прадукцыі на замежныя рынкі ўпіраецца не толькі ў спад спажывецкага попыту, але і канкурэнтаздольнасць. Можна колькі заўгодна прапаноўваць айчынныя трактары і тэлевізары, але іх прывабнасць на бліжэйшых рынках Еўропы і Расіі застаецца ніжэйшай за аналагі сусветных гандлёвых брэндаў. Не змяняюцца і схемы прасоўвання тавараў унутры самой краіны. У Бельгіі на вочы патрапіла рэклама, якая заклікала набываць тэлевізары ў растэрміноўку, за што пакупніку дадаткова выплачваецца каля ста еўра ў якасці бонусу. У Беларусі спажывец можа разлічваць толькі на адтэрміноўку плацяжу з працэнтам нацэнкі за паслугу. Пратэкцыянізм стварае ўмовы, калі змаганне за пакупніка і рынкі страчвае сваю першапачатковую мэту, і айчынныя вытворцы працягваюць таптацца на месцы як у тэхналогіях, так і маркетынгу.

Ці магчымы ў наступным годзе запланаваны рост сацыяльна-эканамічнага развіцця? Прыкладна так, як і рост ВУП у гэтым. На паперы ён ёсць, а на справе ўвесь ВУП ляжыць на складах у чаканні лепшых часоў ці непераборлівых пакупнікоў. Падняць заробак бюджэтнікам магчыма, калі будуць дадатковыя сродкі ў дзяржавы. Толькі стратныя прадпрыемствы наўрад ці здолеюць забяспечыць неабходныя для гэтага выплаты ў казну. Хаця наш чыноўнік умее знайсці рэзервы ў самых нечаканых месцах. Напрыклад, у Драгічыне, каб папоўніць бюджэт, мясцовае кіраўніцтва выдала разнарадку зняць пэўную суму з заробку кожнага работніка.

 Праўда, з беларусаў грошай асабліва не настрыжэш, і чарговы цуд айчыннай эканомікі будзе, як і сёлета, трымацца на знешніх фінансавых падпітках (адпаведныя перамовы ідуць з Расіяй, дый Еўропа апошнім часам не глядзіць на грашовую падтрымку Беларусі як абсалютнае зло). Між тым, ужо сфарміраваны бюджэт наступнага года з дэфіцытам у 2,7 трыльёна беларускіх рублёў, ці 1,5 % ВУП. Але гэта не перашкаджае абяцаць бюджэтнікам рост заробкаў. Палітычная кампанія ўжо пачалася.

Каментаваць