«Блакітны Сьвін» і сто пластыкавых кубкаў знайшлі гаспадароў

Бадай, самая вясёлая і нефармальная прэмія беларускай літаратуры «Блакітны Сьвін» была ўручана 18 траўня. Адзіная на сёння беларуская літаратурная антыгламурная прэмія, заснаваная суполкай «Літаратурнае прадмесце» ў 2006 годзе, прысуджаецца за крэатыўныя праекты цягам году, нонканфармізм і здольнасць захаваць творчую «самасць».


Узнагароджанне прэміяй адбылося ўжо ў 9 раз, прайшло ў кніжна-выставачнай галерэі “Кніжная Шафа”. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся Аксана Спрынчан, Мікола Кандратаў, Віктар Іваноў, Маргарыта Аляшкевіч, Віка Трэнас, Наталля Кучмель, Юлія Новік. Ганаровымі лаўрэатамі станавіліся Георгі Барташ, Валеры Гапееў.

 

Узнагарода ўяўляе з сабе дыплом, на якім на тле блакітнага неба размешчана выява пятачка, які адначасова нагадвае разетку, праз якую можна падключыцца да натхнення і творчай энергіі. І дадаткова сотня чаго-небудзь на памяць: сто алоўкаў, свечак, пакетаў. Кожны год нешта рознае, бо змесціва прыза вызначаецца галасаваннем. Сёлета ўручаліся сто пластыкавых кубкаў.

 


Не застаўся без падарункаў і сам Сьвін, які атрымаў памяранцавыя апельсіны. І амаль ніколі не абыходзілася без цікавых гісторый. Так, першая лаўрэатка, Аксана Спрынчана, атрымала 100 алоўкаў, заточаных уручную. Алоўкі з большага разышліся. Але цікава, што падчас узнагароджвання спадарыня Аксана была цяжарная дачкой. І вось, праз 10 год гэтая дачка, Альжбэта, сёння таксама прысутнічала разам з бацькамі на імпрэзе.

 

Прыз Міколы Кандратава, перапяліныя яйкі, амаль усе і ўжылі падчас вечарыны ўзнагароджвання. А з узнагароды Маргарыты Аляшкевіч (100 насовак) зрабілі гірлянду ў кафэ “Лондан”, дзе і адбываліся ўрачыстасці. Віктар Іваноў па некаторых прычынах не з’явіўся на узнагароджванне, тым не менш узнагарода (100 свечак) усё ж такі знайшла свайго героя. Праўда, да таго часу ўзнагарода дайшла не цалкам.

 


Наогул чаму менавіта сьвін? Сімвал — сьвін — прэзентуецца як беларуская птушка шчасця, якая блакітная таму, што лётае ў нябёсах. У адным яго імені выклік і сімволіка, спроба разбурыць стэрэатыпы. Яго скура рамантычнага колеру, а пад ёй хаваецца тутэйшае сала з белымі і чырвонымі праслойкамі. У яго вобразе аб’яднаны і авангард, і нацыянальная традыцыя, і вялікія магчымасці для фантазій. Жывёла, якая ўвайшла ў кожную беларускую хату, як і бульба.

 

Па выніках галасавання званне лаўрэата літаратурнай антыгламурнай прэміі “Блакітны Сьвін — 2016” атрымаў Яраш Малішэўскі — за цікавыя праекты, праведзеныя цягам году, цудоўныя песні, папулярызацыю беларускай паэзіі, беларускай гісторыі і беларускай музыкі.

 

А званне ганаровага лаўрэата літаратурнай антыгламурнай прэміі “Блакітны Сьвін — 2016” атрымаў да 10-годдзя творчай дзейнасці Паэтычны тэатр “АРТ.С” — за адданасць беларушчыне, крэатыўнасць, шматгадовую папулярызацыю беларускай літаратуры, здольнасць аб’ядноўваць таленты і абуджаць сэрцы.

 


Прэмію і дыплом атрымала дырэктарка паэтычнага тэатра Аксана Спрынчан. Таксама быў уручаны памятны дыплом Рэгіне Багамолавай, загадчыцы бібліятэкі  імя Цёткі, у сценах якой і адбываюцца творчыя вечарыны “АРТ.С“ .Паэтычны тэатр “АРТ.С “ сёлета адзначыў сваё 10-годдзе, мы пісалі пра гэта на сайце газеты ад 23 красавіка. Характэрна, што заснавальніца і дырэктарка “АРТ.Са” была першай лаўрэаткай прэміі, і вось, праз колькі гадоў, прэмію атрымлівае яе дзецішча, тварэнне, якому яна прысвяціла 10 год адданай працы і любві.

 

У праграме цырымоніі ўзнагароджання адбылася сустрэча з Блакітным Сьвінам, сімулякрам суполкі Рагнедай Крышталюк і яе сябрам Інькам (Янькам), прагучалі вершы лаўрэатаў мінулых гадоў, песні ў выкананні лаўрэата Яраша Малішэўскага і шчырыя пажаданні.

Каментаваць