Блог Глеба Лабадзенкі. БЕЛАРУСЬ. Русскі поп

Прызначэньне ў беларускую філію Русскай цэрквы такога папа — падарунак усім разумным людзям. Чым больш яны, русская цэркаў, сябе дыскрэдытуюць — тым хутчэй у людзей спадзе туман з вачэй. Гаворка, безумоўна, не ідзе пра канфесію праваслаўе, але пра беларускую філію русскай канторы з цэнтральным офісам у Маскве.



Глеб Лабадзенка


Выглядае, што нехта хоча ўвогуле разбурэць гэную іхную Русскую цэркаў. Усё пачалося з Брэгета са Складным Крыжыкам. Большай дыскрэдытацыі, чым такі начальнік, для канфесіі ўявіць цяжка! Хоць даводзілася сустракаць людзей, якія апраўдвалі гэтага алігарха ў расе — маўляў, не з гадзіннікам “Луч” жа яму хадзіць і не на “жыгулях” жа ездзіць.
 

Што зробіш, калі ў людзей такі стыль — каб усё блішчэла, як для тае сарокі. Я вось калі быў у Стамбуле, заўважыў, што і там такое ў модзе. У холе гатэлю вісела люстэрка — ну ў такой пышнай і бліскучай раме, як у адноўленым катэджы Радзівілаў у Нясьвіжы. А на вуліцы пабачыў дзядзьку, які за грошы чысьціў боты — дык усе ягоныя флакончыкі зьзялі на сонцы, як той Складны Крыжык.
 

Натуральна, для такога начальніка ў свой час стала выклікам абраньне новага Папы Францішка, які падкрэсьлена ходзіць у старых ботах і не абвешваецца золатам, як той азіяцкі султан. Завішчэлі: “Паказуха! Іграе на людзях!”. Што ж, зладзьце вы такую паказуху да пайграйце гэтак жа.
 

Але ж не. Нядаўна давялося быць у Слуцку. Мясцовыя кажуць: пойдзеш глядзець царкву — зайдзі з таго боку і паглядзі, якую бацюшка сабе машыну купіў! Я ўжо быў падрыхтаваўся пабачыць “Хамер” ці “Порш Каен”. Але ж на справе вельмі сьціпла — усяго толькі навюткі “Фальксваген Туарэг”. Ясная справа, на прасьцейшай божай калясьніцы раб божы не даедзе да паствы!
 

Але ўсё гэта — пустой зьвяганьне. Нашто лічыць чужыя грошы? Хочуць людзі спавядацца папу на “Туарэгу” — іх справа.
 

У прысыланьні рускага папа з Разані я бачу для ўсіх нас дзьве шкоды. Якія ёсць і цяпер, але могуць памножыцца. Першая — русіфікацыя праваслаўя, якую праводзіць гэтая маскоўская кантора, будуючы ўсё больш і больш офісаў. Ужо былі спробы прабіцца ў школы — з “Законом Божіім”. І яны, натуральна, не спыняцца. І дзяржава, перад якой цэркаў сьцелецца каберцам, будзе ў гэтым дапамагаць.
 

Другая — зьнішчэнне помнікаў архітэктуры. Гэта ўжо ня гулькі, хто ў які бок жагнаецца, а натуральнае злачынства супраць Беларусі. Дзясяткі выпадкаў! Калі на барочныя храмы, забраныя яшчэ царскімі бандытамі, лепяцца ісьцінарускія блісьцяшчыя цыбуліны. Калі драўляныя храмы XVII стагоддзя абшываюцца сайдынгам ці перабудоўваюцца да непазнавальнасці… Але што казаць, калі галоўны іхны храм — менскі Сьвята-Духаў сабор — гэта забраны касьцёл. Як гэта яшчэ туды цыбулінаў залатых не начапілі?..
 

Адхапалі вы нашыя касьцёлы — што зробіш, так склалася гістарычна. “Аддавайце” ня кажам. Але якое вы маеце права нявечыць нашыя помнікі архітэктуры, якія належаць усім беларусам?
 

Што да гэтага прысланага папа. Па-першае, сам факт, што ўсю так званую “Беларускую праваслаўную царкву” ўзначаліць разанскі поп — ужо плявок у нашую незалежнасьць. Калі б Касьцёл узначаліў які-небудзь Яцэк з Пшэмысля — гэта быў бы такі самы плявок. Але ж і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, і біскупы — беларусы. Якія гавораць па-беларуску і адпраўляюць Сьвятую Імшу на нашай мове. Хоць на месцах, асабліва на Гарадзеншчыне, ёсьць перагібы, калі бабулькі чытаюць з паперак польскія малітвы, напісаныя беларускімі літарамі.

 

Але, дапусьцім. Згодныя людзі маліцца рускаму папу з Разані — справа вашай культуры, сьвядомасці і інтэлекта. Але ж вы, пэўна, чулі, як гэты поп на відэа заявіў, што ў выпадку пагрозы беспарадкаў, справакаваных Захадам, Расея “адкрые чарнобыльскі кранік”?
 

Гэта сьвятар? Гэта духоўны чалавек?
 

Кацярына ІІ некалі вынайшла рэцэпт задушэньня тут усякага нацыяналізму: рускі чыноўнік — руская школа — рускі поп. Дзейнічае жалезна і па сёньня. Але ці ж магла ўявіць царыца, што рускі поп пачне размахваць тут чарнобыльскім кранікам?



naviny.by

Каментаваць