Блогера Максіма Філіповіча зноў будуць судзіць

Заканадаўства абмяжоўвае максімальны адміністрацыйны арышт 25 суткамі. Гэты тэрмін Максім Філіповіч адбудзе 7 красавіка. Але здаралася, што чалавека выпускалі на некалькі хвілін, а потым прад’яўлялі новыя абвінавачванні.

Максім Філіповіч

Вядомага гомельскага відэаблогера Максіма Філіповіча, які з 13 сакавіка адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) 13-ці, 5-ці і 7-мі сутачныя арышты за ўдзел у так званых акцыях пратэстаў дармаедаў, будуць судзіць зноў — гэтым разам за ўдзел у акцыі ў Пінску 11 сакавіка.

Пра гэта паведамляе праваабаронца Леанід Судаленка, які праз адваката даведаўся, што Максіму ў камеру прынеслі яшчэ адзін, ужо чацвёрты адміністрацыйны пратакол. Суд можа адбыцца ў любы дзень тэрміну зняволення Філіповіча. Калі суд не пакарае відэаблогера чарговым арыштам, то ён павінен вызваліцца 7 красавіка прыблізна ў 20.50.

Затрыманы ўвечары 13 сакавіка ў бацькоўскай хаце Філіповіч знаходзіцца ў ІЧУ на Міжгародняй, 26 у Гомелі. Раніцай 13 сакавіка Філіповіч быў асуджаны на 13 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі дармаедаў у Гомелі. Падчас адбыцця пакарання на яго склалі яшчэ тры пратаколы — за ўдзел у акцыях дармаедаў у Брэсце, Маладзечна і Пінску. За Брэст і Маладзечна суд дадаў яму яшчэ 5 і 7 сутак адпаведна, пратакол за Пінск пакуль застаецца не разгледжаны.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які займаецца справамі Максіма Філіповіча кажа, што заканадаўства абмяжоўвае максімальны адміністрацыйны арышт 25 суткамі, якія Максім адбудзе 7 красавіка прыблізна каля 21.00. Але практыка ведае выпадкі, калі чалавека выпускалі на некалькі хвілін, а потым зноў арыштоўвалі і прад’яўлялі новыя абвінавачванні.

Гомельская Вясна

Каментаваць