Бомба пад Патсдам

Анексія Крыму Расіяй па сутнасці падрывае фундаментальны прынцып сусветнага парадку, закладзены Ялцінскай (Крымскай) і Патсдамскай канферэнцыямі. Менавіта — прынцып непарушнасці межаў.



Гэты прынцып нават вытрымаў развал СССР. На ім грунтаваліся Белавежскія пагадненні, шырэй — адбудоўвалася ўся сучасная сістэма ўзаемадачыненняў краін былога Савецкага Саюза. Нязменнасць межаў у Еўропе дазволіла захаваць на кантыненце мір.

Нечаканая крымская вайна (дзякуй Богу, пакуль бяскроўная), распачатая Крамлём, паставіла гэты мір пад рэальную пагрозу. Па розных дадзеных, ад 20 да 30 тысяч расійскіх вайскоўцаў ужо знаходзіцца на тэрыторыі Крыма, да межаў паўвыспы перакідваюцца дадатковыя расійскія войскі.

Еўрапейскія краіны і ЗША адрэагавалі на крымскі крызіс санкцыямі і ваеннай актывізацыяй уздоўж межаў з Украінай. Як сказаў міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, «Мы, як сябры Еўрапейскага саюза, усе разам заяўляем, што выхад Крыму са складу Украіны стаў бы непрымальным, з пункту гледжання міжнароднага права, і запатрабаваў бы рэакцыі».

Анексія Крыма нясе ў сабе пагрозу працягу ў адносінах да іншых краін. З боку Расіі, найперш, у якой, акрамя Крыма, ужо ёсць прэтэнзіі да краін Балтыі. Але ж не выключана, што створаны Расіяй прэцэдэнт можа быць успрыняты і іншымі дзяржавамі. Ужо супраць Расіі. Выглядала вельмі натуральным, каб Германія паставіла пытанне аб вяртанні ім Кёнігсберга, што быў аддадзены СССР па Патсдамскай дамове.

Чым жа была абумоўлена агрэсіўная расійская акцыя адносна Украіны, у чым яе сапраўдны схаваны разлік?

Афіцыйная крамлёўская версія — абарона правоў рускамоўнага насельніцтва ад дыскрымінацыі і гвалту з боку ўкраінскіх уладаў — не ўспрымаецца ўсур’ёз нават самімі аўтарамі гэтай версіі. Гэта не болей чым шалёная прапагандысцкая кампанія, якая ва Украіне відавочна правалілася. Масавага абурэння «ўкраінскім прыгнётам рускіх», на што разлічвалі крамлёўскія палітыкі, не наглядаецца ні ў Крыме, ні тым болей ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.

Расія — краіна са слабай эканомікай, якая трымаецца ці не выключна на продажы сыравіны, са слабай арміяй, зноў жа залежнай ад заходніх тэхналогій і паставак, распачынае аперацыю па захопу тэрыторыі суседняй дзяржавы. Гэта падобна на блеф. Аднак блеф абярнуўся бомбай пад палітыку дыялогу, пад усю еўрапейскую цывілізацыйную мадэль.

Трэба было мець сапраўды моцную матывацыю ці не мець мазгоў, каб кінуцца ў гэтую авантуру. Магчыма, крамлёўскія стратэгі не пралічылі моцны адпор: маўляў, інфантыльныя заходнія палітыкі патрасуць заявамі і супакояцца, праглынуць? Таму зараз так спяшаюцца з рэферэндумам, з завяршэннем бліцкрыгу, бо адцяжка смерці падобная.

Уладзімір Пуцін — трыумфатар і закладнік уласнага палітычнага курсу на аднаўленне вялікай Расіі з сабой на чале, які пацярпеў катастрафічны правал на стратэгічна вырашальным для яго ўкраінскім накірунку.

Гэты курс яны разам з Януковічам выбудоўвалі з 2004 года. Рэванш за паразу Януковіча на тых прэзідэнцкіх выбарах ім удалося ўзяць на выбарах 2009 года. Але пацярпелі дзве паразы запар на мяжы 2013–2014 гадоў: на адмове Януковіча ад падпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, на брутальным сілавым разгоне студэнцкага пратэсту на Майдане і прыняцці дыктатарскіх законаў. Украіна выбухнула рэвалюцыйным Майданам.

Правал палітыкі Пуціна, а з тым і яго ўласная нікчэмнасць як палітыка, былі настолькі відавочныя, што ён мусіў шукаць тэрміновага адказу. Цывілізаваным адказам маглі б стацца адмова ад вялікадзяржаўных памкненняў і разварот Расіі да сапраўдных дэмакратычных рэформ. Прагматычным, у рамках, зразумела, пуцінскай сістэмы каардынат, — не пярэчыць пагадненню аб асацыяцыі Украіны з ЕС і працягваць сваю гульню па пераўтварэнні Украіны ў васала Расіі. І трэці — згуляць на абвастрэнне імперскіх комплексаў Расіі, сцвердзіцца і ўзвысіцца на гучнай перамозе — інкарпарацыі Крыма ў склад РФ.

Комплекс непаўнавартаснасці і туга па імперскай велічы, палітычнае фантазёрства і дакладна вывераная спецаперацыя — грымучая сумесь — узялі верх.

Крымскую аперацыю нельга назваць спантаннай: занадта арганізавана яна праходзіла. Ды і ўзор, па якім скапіравана, лёгка прачытваецца — уварванне савецкіх войскаў у Венгрыю ў 1956-м, у Чэхаславакію ў 1968-м. Лёгка праглядаецца і ўласны вопыт па ўтрыманні Прыднястроўя, вайны супраць Грузіі.

Верагодней за ўсё, у Крыме быў рэалізаваны, назавем умоўна, «план С», пасля правалу «плана А» — адмова Януковіча ад асацыяцыі Украіны з ЕС «плана В» — 15 мільярдаў крэдыту і спробы сілавога разгону Майдана.

Як, відаць, і разлічвалі аўтары, рэалізацыя «плана С» дала імгненны эфект. Рэйтынг Пуціна сягнуў за 60 працэнтаў. Патрыятычная хваля накрыла краіну. Апазіцыя ў разгубленасці. Голас антываеннага пратэсту амаль заглушаны. Тым не менш гэта голас не купкі дысідэнтаў, што пратэставала супраць уварвання савецкіх войскаў у Прагу ў 1968 годзе. Гэта дастаткова масавы пратэст, які ўладам даводзіцца стрымліваць не ў апошняю чаргу рэпрэсіўнымі мерамі.

Трыумф і параза Уладзіміра Пуціна ідуць поруч. Але сам ён ужо перайшоў рубікон, збочыць па добрай волі ўжо нельга. Мірная развязка драмы, ім распачатай, залежыць ад сілы ўнутранай пратэстнай хвалі і пазіцыі міжнароднай супольнасці.

Каментаваць