Борці вярнуліся

Палессе, магчыма, апошняе месца ў Еўропе, дзе захавалася прымітыўнае пчалярства ў калодах і борцях. Пра асаблівасці працы бортніка распавядае спецыяліст у гэтай галіне Мікалай Гаўрыленка з Лельчыц.



Палессе, магчыма, апошняе месца ў Еўропе, дзе захавалася прымітыўнае пчалярства ў калодах і борцях. Пра асаблівасці працы бортніка распавядае спецыяліст у гэтай галіне Мікалай Гаўрыленка з Лельчыц.

На Палессі і на бліжэйшых тэрыторыях на старых развесістых дрэвах, пераважна дубах і хвоях, якія растуць на ўзлеску, замацавана вялікая колькасць борцей. Асабліва многа калод у лясах уздоўж рэчкі Убарць (падобна, што назва ракі паходзіць ад слова «борць»), правага прытоку ракі Прыпяць. Іх там не сотні, а тысячы. Гэта адзін з апошніх рэгіёнаў значнага распаўсюду бортніцтва на Беларусі. Калоды тут перадаюцца як спадчына ад бацькоў да дзяцей. Навучанне бортніцтву пачынаецца з дзяцінства. Ідзе перадача так званых тэхнічных навыкаў, прафесійных сакрэтаў, а таксама вядзьмарскіх прыёмаў (замовы, заклінанні). Усё гэта надае бортнікам своеасаблівы арэол, загадкавасць. Тут і прафесійныя складанасці, і небяспечнасць, а таксама закрытасць у справе. Бортнікаў называюць «вавёркамі».

Працяглы час бортніцтва было ў заняпадзе. Аднак другое дыханне гэта справа набыла ў пачатку 1990-х гадоў. Значная частка мясцовага насельніцтва, якое на сабе зведала, што такое эканамічны крызіс, вярнулася да забытага старадаўняга спосабу атрымання такога неабходнага, карыснага прадукту, як мёд.

Побач з пакінутымі і запушчанымі борцямі сталі з’яўляцца новыя.

Майстэрства бортніка заключаецца ва ўменні ўтрымання ў выдзяўбаных калодах некалькіх раёў дзікіх пчол і атрыманні ад іх вельмі смачнага мёду.

Сярэдняя вышыня борці паўтара метра, вага больш за 100 кілаграм. Новай борці даюць час прасушыцца і «выстаяцца» некалькі гадоў. Пчолы не любяць паху свежай драўніны, а павышаная вільготнасць прыводзіць да іх хваробы.

Перад тым, як замацаваць яе на дрэве, гатовую борць уцяпляюць, закрываюць квадратную адтуліну, апрацоўваюць некалькімі спецыяльнымі растворамі, каб не дапусціць разбурэння драўніны, адганяць яе шкоднікаў і заманьваць пчол. З дапамогай своеасаблівага прыстасавання (кола на восі) борць падымаюць на вышыню 5–10 метраў і там уладкоўваюць. Раней іх замацоўвалі на вышыні 15–25 метраў, дзеля таго, каб захаваць ад мядзведзяў і іншых аматараў мёду. Для абароны ад мядзведзяў таксама ставілі палі, самастрэлы і іншыя прыстасаванні. Вельмі эфектыўным сродкам было прывязанае побач з дрэвам бервяно. Мядзведзь, які лез па дрэву да борці, сутыкаўся з бервяном і спрабаваў адпіхнуць яго лапаю, а яно ў сваю чаргу вярталася на месца і ўдарала па мядзведзю. Мядзведзь піхаў яго мацней — бервяно адказвала гэтак жа. Усё гэта заканчвалася тым, што раззлаваная жывёліна адпускала ствол дрэва, каб схапіць бервяно дзвюма лапамі, і падала ўніз.

Зараз ніхто ў гэтых мясцінах чужую калоду ў лесе не ўскрые. За гэта тут жорстка караюць. Распавядаюць, што калі каго застануць на месцы злачынства, прымушаюць скакаць з дрэва. Пры гэтым злодзеі калечацца ці гінуць.

У бортнікаў няма ніякай гарантыі, што ў той ці іншай калодзе паселіцца рой. Бывае, на некаторыя борці пчолы не звяртаюць ніякай увагі, хоць гаспадар змарнаваў на яе шмат часу.

Развіццю бортніцтва на Палессі —і раней, і зараз — спрыяе наяўнасць вялікіх лясных масіваў. Лес з натуральнай зменай пакаленняў дрэў складаецца з мноства не сінхронна растучых элементаў расліннага покрыва — палян і ўзлескаў розных памераў, ветрапавалаў, гарэльнікаў і г. д. Гэта важна таму, што колькасць меданосаў у лясных умовах маюць адваротную залежнасць ад плошчы лясных угоддзяў і самкнутасці лесу. Склад меданосаў лесу: вербалозы, багульнік балотны, ягаднікі (чарніцы, брусніцы, журавіны), грэчка, яблыня, груша, крушына, ліпа, браткі, верас. Зараз асноўную частку мёду ў палескіх лясах пчолы бяруць з крушыны, чарніц і верасу. Гэтыя расліны маюць невялікія кветкі, таму пылок у дажджлівыя гады хутка вымываецца. У такія сезоны пчолы збіраюць мала мёду і нават могуць загінуць ад голаду, калі гаспадар не будзе падкормліваць іх цукрам ці цукровым сіропам. Пры нармальных умовах адна борць прыносіць 10–20 кілаграмаў мёду, а ў спрыяльныя гады нават болей.

Ачыстка лясоў, асушэнне балот і меліярацыя зямель, а таксама лясны пажары ў навакольных рэгіёнах прыводзілі да таго, што пчолы зляталі з гэтых рэгіёнаў у больш бяспечныя мясціны, адной з якіх з’яўляюцца глухія лясы ўздоўж рэчкі Убарць. Значная колькасць прыляцеўшых раёў спрыяла развіццю бортніцтва на гэтай тэрыторыі. Яшчэ развіццю бортніцтва спрыяе і попыт на дзікі мёд, дзякуючы чаму мясцовыя людзі маюць някепскі прыбытак.
-------------------------------------------------------------------------

Даведка


Бортніцтва — збор мёду дзікіх пчол, старажытны спосаб пчалярства. Назва паходзіць ад слова «борця» — дупло. На Палессі бортніцтва мела важную гаспадарчую ролю да пачатку ХХ стагоддзя, але з шырокім распаўсюдам рамкавых вулляў яно страціла сваё значэнне і практычна знікла.

Каментаваць