«БПС-Ашчадбанк» за месяц выдаў больш за сотню льготных крэдытаў на куплю Geely

За месяц са старту праграмы крэдытавання куплі сабраных у Беларусі аўтамабіляў Geely „БПС-Ашчадбанк» выдаў больш за сотню крэдытаў на іх набыццё, паведамілі ў банку.


Ільготныя крэдыты выдаюць з 20 сакавіка па партнёрскай праграме „Geely з Ашчадбанкам”, запушчанай сумесна з СЗАТ „БелДжы”. Першыя тры гады новыя ўладальнікі могуць карыстацца пазыкай па зніжанай стаўцы 1,9% гадавых (стаўцы рэфінансавання мінус 8,6 п.п.). Для гэтага трэба аплаціць самастойна чвэрць машыны.

 Банк таксама гатовы пакрыць 90% кошту аўтамабіля, але тады льготная стаўка будзе дзейнічаць толькі два гады. Крэдыт выдаюць максімум на сем гадоў, а пасля льготнага перыяду па ім трэба будзе плаціць па стаўцы рэфінансавання плюс 2,5 працэнтнага пункта.

Як высветліў „БПС-Ашчадбанк”, часцей за ўсё атрымальнікамі такога крэдыту становяцца мужчыны (76% выпадкаў), а амаль кожны чацвёрты аўтамабіль купляе дзяўчына. У сярэднім атрымальніку льготнага аўтакрэдыту 42 гады. Сярэдні кошт аўтамабіля складае 44 тыс. рублёў.

Часцей за ўсё людзі трацяць на куплю Geely каля 15 тыс. рублёў зберажэнняў, а астатнія 29 тыс. рублёў пазычаюць у банка. У гэтым выпадку кожны месяц (на працягу трох гадоў) па крэдыце трэба будзе плаціць 369 рублёў. Паводле дадзеных банка, каля 75% пакупнікоў аплачваюць больш за 25% кошту аўтамабіля, астатнія — менш за чвэрць.

Нагадаем, 2 красавіка аналагічную праграму льготнага крэдытавання куплі сабраных у Беларусі аўтамабіляў Geely запусціў „Беларусбанк”. Цяпер на заводзе „БелДжы”, які адкрыўся ў лістападзе мінулага года, з канвеера сыходзіць адна мадэль — Geely Atlas (NL-3). У залежнасці ад камплектацыі кошт красовера складае ад 34,5 да 48 тыс. рублёў. З моманту запуску „БелДжы” ўжо накіраваў у Расею 500 аўтамабіляў Geely, у Беларусі прададзена 303 машыны. У другім квартале плануецца паставіць яшчэ 2,5 тыс. машын у Расію. У Беларусі з улікам старту праграмы крэдытавання плануецца рэалізаваць сёлета не менш як 2 тыс. адзінак. Заяўленыя магутнасці вытворчасці складаюць 60 тыс. машын у год, у перспектыве іх плануецца нарасціць да 120 тыс. Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы” створана ў 2011 годзе. Акцыянерамі з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co. Ltd. (33,35%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ „БАТЭ” (2,7%).

Паводле БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць