Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Браслаў. Бялынічы. Баранавічы. Масты.

Браслаў. Зусім не копія варшаўскіх “Лазенак

Браслаў. Зусім не копія варшаўскіх “Лазенак

Будучы санаторны комплекс на Браслаўшчыне, як сведчаць ініцыятары яго стварэння, не будзе копіяй славутых варшаўскіх “Лазенак. Ды і навошта, бо іх копія ўжо ёсць — палац Умястоўскіх у Жэмыслаўлі пад Іўем. Комплекс паўстане пад Браславам, у вёсцы Відзы-Лаўчынскія. Інвестар з Латвіі збіраецца ўкласці ў яго будаўніцтва 50 мільёнаў долараў. Як сведчыць гісторыя, варшаўскі парк “Лазенкі (Палац на Выспе) звязаны з імем апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага і вядомы зараз кожнаму жыхару ці госцю польскай сталіцы. Напрыканцы XVIII стагоддзя ён перабудаваў Уяздоўскі замак караля Жыгімонта ІІІ Вазы, а лес пераўтварыў у парк. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай своеасаблівым пратэстам супраць Расіі стала капіяванне мясцовай шляхтай знакавых будынкаў захопленай Радзімы. У 1828 годзе маршалак з-пад Ашмян Казімір Умястоўскі разам з жонкай Юзэфай у Жэмыслаўлі пачалі пабудову сваіх “Лазенак. Цяпер ад іх захаваліся галоўныя элементы і часткова інтэр’еры палацу.


Бялынічы. Праблемы з выплатай заработнай платы

Амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемстваў Бялыніцкага раёна (за выключэннем СВК “Калгас “Радзіма) у апошні час узніклі вялікія праблемы з выплатай заработнай платы сваім працаўнікам. У апошнія дні наступнага месяца выплачваюць заробак за папярэдні нават у гаспадарцы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ААТ “Новая Друць. У шэрагу ж больш “слабых сельгаспрадпрыемстваў раёна заробкі працаўнікам затрымліваюць наогул на больш значны тэрмін. Па гэтаму пытанню працаўнікі сельскай гаспадаркі пачалі звяртацца ў пракуратуру і суд Бялыніцкага раёна, некалькі чалавек звярнуліся з адпаведнай інфармацыяй і да журналістаў.

Выклікае вялікае здзіўленне, што гэта праблема абсалютна не зацікавіла “абаронцаў інтарэсаў працоўных з прэзідыума савета Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, выязное пасяджэнне якога днямі прайшло ў Бялыніцкім раёне. Як паведаміла раённая дзяржаўная газета “Зара над Друццю, “вывучаны на Бялыніччыне вопыт будзе паспяхова скарыстаны і ў іншых раёнах вобласці.


Баранавічы. Загінулі дзве тысячы парасят


У Баранавіцкім раёне на комплексе па вытворчасці свініны загінулі дзве тысячы парасят. Прыкладна каля трох гадзін дня ў Баранавіцкі РАУС з гаррайаддзела па НС паступіла інфармацыя аб тым, што ў 05.45 на комплексе па вытворчасці свініны “Усходні (структурнае падраздзяленне ААТ “Баранавічыхлебапрадукт), размешчаным недалёка ад вёскі Сяўрукі, адбылося адключэнне электразабеспячэння. У выніку была спынена праца сістэмы прымусовай вентыляцыі ў двух свінарніках. Загінула дзве тысячы галоў жывёлы вагой 25–30 кілаграмаў кожная. У 07.45 аварыйнай брыгадай РУП “Баранавіцкія раённыя электрычныя сеткі энергазабеспячэнне ў будынках было адноўлена. Сума ўрону высвятляецца.

У КВС “Усходні БелаПАН паведамілі, што на комплексе працуе міжведамасная камісія, якая высвятляе ўсе акалічнасці здарэння.


Масты. Грошай не хапае

Пасля прыняцця мастоўскім райсаветам зменаў у раённы бюджэт утварыўся дэфіцыт у памеры амаль 2,9 мільярда рублёў. Аднак у рашэнні райсавета адсутнічаюць крыніцы пагашэння дэфіцыту. Паводле Бюджэтнага кодэксу Беларусі, пры рашэннях, якія выклікаюць дэфіцыт бюджэту, павінны вызначацца крыніцы пагашэння дэфіцыту. “На працягу апошняга года я неаднаразова звяртаўся ў Мастоўскі райсавет, Гродзенскі аблсавет наконт парушэнняў Бюджэтнага кодэксу, аднак на ўсе звароты атрымліваў звычайныя адпіскі. Прычым змест адказаў у мяне выклікаў пытанні наконт прафесійных якасцяў людзей, што займаюць адпаведныя пасады, — падкрэсліў дэпутат Мастоўскага райсавета Дзмітрый Кухлей.
 

Каментаваць