Браслаў. Паставы. Астравец. Гродна

Браслаў. Сустрэча моладзі

Браслаў. Сустрэча моладзі

19–22 жніўня ў Браславе прайшла IV Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі. «Дзякую Богу радасцю вялікай» — так гучыць тэма сёлетняй сустрэчы, якая адбылася напярэдадні ўрачыстай каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў. У праграме мерапрыемства — супольная малітва, святая імша, сустрэчы ў групах. А таксама адпачынак: футбол, канцэрт удзельнікаў, сустрэчы каля вогнішча. У мерапрыемстве прымала ўдзел моладзь старэйшая за 16 гадоў. Падчас чування ў ноч з 21 на 22 жніўня ўдзельнікі мелі час на супольную адарацыю, на якой змаглі памаліцца ў інтэнцыі таго, каб урачыстасць у Браславе прынесла багаты духоўны плён.


Паставы. ЛЕпшы прыватны цэнтр


Усяго толькі 5 год дзейнічае Пастаўскі прыватны цэнтр турыстычных паслуг, але ён дамогся прызнання на нацыянальным і нават міжнародным узроўнях. За гэты час у райцэнтры і ваколіцах пабывалі за 20 тысяч турыстаў розных арганізаваных груп. Да ранейшых сваіх узнагарод пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскіх турыстычных конкурсаў «Спазнай Беларусь» турфірма з Пастаў сёлета першая на Віцебшчыне дабавіла званне пераможцы абласнога конкурсу ў намінацыі «Лепшы прадпрымальнік у сферы турызму». Яго супрацоўнікі пастаянна ў творчым пошуку. Знакаміты маршрут «На госці да Зюзі Паазерскага» стаў не толькі зімовым. Вясной паспяхова запрацаваў новы маршрут — «Велікодныя традыцыі Пастаўшчыны». Да 600-годдзя Пастаў турцэнтр распрацаваў некалькі экскурсійных маршрутаў для школьнікаў і моладзі з мэтай далучыцца да гісторыі і сённяшняга дня роднага краю. Ёсць цікавыя напрацоўкі па сумеснаму супрацоўніцтву з калегамі з Літвы. Летам, як і раней, жыхарам раёна прапануюцца танныя пуцёўкі на адпачынак у Крыму, а таксама на курортах Турцыі, Балгарыі і Туніса.


Астравец. Дыскусія па АЭС


Актывісты супраціву пабудовы АЭС на Беларусі выступілі з новай ініцыятывай. Яна закранае шырокае кола грамадскасці, прыцягвае ўвагу ўсіх СМІ, НДА, ініцыятываў і зацікаўленых грамадзян, хто хацеў бы прыняць удзел у абмеркаванні дакумента пад назвай АУНА (Адзнака ўздзеяння на навакольнае асяроддзе), які датычыцца пабудовы АЭС у рэспубліцы. Гэта важны этап у працэсе прыняцця рашэння, паколькі не проста прымушае заказчыка гэтага праекта арганізаваць абмеркаванне АУНА з зацікаўленай грамадскасцю і максімальна ўлічыць ўсе пажаданні, заўвагі і прапановы. АУНА будзе апублікавана і размешчана ў інтэрнэце. Зацікаўленая грамадскасць можа адправіць свае пажаданні, прапановы, каментары (напрыклад, не будаваць станцыю ў Астравецкім раёне — і аргументавана патлумачыць, чаму, ці, напрыклад, не будаваць станцыю ў Беларусі наогул) і заказчык абавязаны ўлічыць гэтыя каментары.

Сам дакумент АУНА праз 30 дзён пасля публікацыі будзе абмяркоўвацца на грамадскіх слуханнях у Астраўцы. Больш нідзе слуханні праводзіцца не будуць. Гэта будзе адкрытае мерапрыемства, дзе змогуць выказацца ўсе. Зараз усе могуць далучыць сябе і свае арганізацыі ў спіс тых, хто хацеў бы атрымліваць інфармацыю аб працэдуры абмеркавання АУНА, а таксама надрукаваць рэгламент слуханняў і дату. Гэта можна зрабіць, напісаўшы ліст, пажадана ад арганізацыі ці СМІ, у Дырэкцыю будаўніцтва АЭС па электроннай адрасе dsae@tut.by.


Гродна. У гонар беларусаў

Саюз палякаў на Беларусі (кіраўнік Анжэліка Борыс), які пазбаўлены рэгістрацыі дзяржаўнымі органамі, 15 жніўня правёў шэраг імпрэзаў, прысвечаных угодкам бітве на Вісле пад Варшавай у 1920 годзе, якая ў гэты дзень адбылася між бальшавікамі і Войскам Польскім і мела пераломны момант у савецка-польскай вайне таго часу. Гэты дзень паўстаў як дзень Войска Польскага. Найперш святочная імша прайшла ў касцёле бернардынцаў, на якой прысутнічала некалькі сотняў чалавек. Надалей адбылося ўшанаванне памяці загінуўшых, што пахаваныя на Вайсковых могілках. У большасці сваёй гэта жаўнеры Першай беларуска-літоўскай дывізіі, што ваявалі ў складзе Войска Польскага. Напрыканцы ў памяшканні Саюза палякаў адбыўся святочны канцэрт.

Каментаваць