Брэсцкія мытнікі канфіскавалі грузавы цягач DAF коштам прыблізна 350 млн. рублёў з-за кантрабанды паліва

Супрацоўнікі мытнага паста "Пінск" Брэсцкай мытні 6 жніўня канфіскавалі ў пункце пропуску "Махро" на беларуска-ўкраінскай мяжы грузавы цягач DAF CF 85 2003 года выпуску коштам прыблізна 350 млн. рублёў з самаробным бакам і схаваным у ім палівам.



Як паведамілі БелаПАН у прэс-групе мытні, транспартны сродак адной з беларускіх фірм рухаўся ў Малдову. Падчас кантролю грузавога аўтамабіля супрацоўнікі мытні звярнулі ўвагу на вялікую колькасць паліўных бакаў на раме цягача. 


У выніку выяўлена, што адзін з бакаў не прадугледжаны заводам — вытворцам транспартнага сродку. У нестандартнай ёмістасці было схавана ад мытнага кантролю 300 літраў дызельнага паліва, якое падлягала дэклараванню з выплатай мытных плацяжоў.


Рашэнне аб канфіскаваных цягачы і паліве прыме суд.
 
 
Ларыса Шыганава, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць