Брэст, Гомель, Астравец

Брэст. Да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам

У Брэсце 10 сакавіка стартавала дабрачынная акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам, які адзначаецца 24 сакавіка.

Брэст. Да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам

У Брэсце 10 сакавіка стартавала дабрачынная акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам, які адзначаецца 24 сакавіка.

Яе арганізатар — гарадская арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Падчас акцыі, якая доўжыцца ў Брэсце да 31 сакавіка, будзе праводзіцца збор ахвяраванняў, а таксама новага адзення, абутку, сродкаў асабістай гігіены для незаможных жыхароў абласнога цэнтра, хворых на туберкулёз. У акцыі задзейнічаны валанцёры і актывісты пярвічных арганізацый БТЧК абласнога цэнтра.

Мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем туберкулёзу і аказання дапамогі хворым.

17–18 сакавіка супрацоўнікі гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа возьмуць удзел у аперацыі «Бомж», адна з задач якой — выяўленне сярод такой катэгорыі асоб хворых на туберкулёз. Чырвоны Крыж забяспечыць іх адзеннем.



Гомель.
Падарункі музею

Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля папоўніліся новымі экспанатамі.

Абрадавы стараверскі складанчык бронзавага ліцця, датаваны другой паловай XIX стагоддзя, падарыў музею гамяльчанін Міхаіл Кукса.

Такога кшталту складанчыкі з’яўляліся культавымі прадметамі стараверства, патлумачыла навуковы супрацоўнік Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ганна Кузьміч. Паводле яе слоў, «у стараверстве меднае ліццё выкарыстоўвалася шырока і было надзвычай каштоўным».

Апрача таго, супрацоўнікі аптэкі № 176 Гомеля падарылі зімоваму саду палаца Румянцавых-Паскевічаў дзве фінікавыя пальмы. Прыкладна 30 гадоў гэтыя расліны раслі ў гандлёвай зале аптэкі, а цяпер будуць упрыгожваць аранжарэю палаца.



Астравец.
Актывісты звярнуліся ў пракуратуру

6 сакавіка ў Астраўцы была здзейснена спроба затрымання грамадскага актывіста Івана Крука за распаўсюд «Астравецкага весніка», незалежнага бюлетэня на антыядзерную тэматыку.

Актывісты ініцыятывы «Астравецкая атамная — гэта злачынства» М. Уласевіч і І. Крук вымушаныя былі звярнуцца ў пракуратуру з нагоды чарговай правакацыі, учыненай у свой адрас.

Нагадаем, у мінулым месяцы ноччу ў шэрагу населеных пунктаў Астравецкага і Смаргонскага раёнаў невядомыя раскідалі ўлёткі, якія ўтрымлівалі зняважлівыя фальшывыя звесткі пра лідэраў ініцыятывы. М. Уласевіч і І. Крук патрабуюць распачаць крымінальную справу па факце выдання ўлёткі, якая ўтрымлівае паклёп і абразы, і прыцягнуць усіх вінаватых да крымінальнай адказнасці.

Каментаваць