Брэст, Гомель, Салігорск

Брэст. Адкрытая сесія за зачыненымі дзвярамі

Старшыня абласнога савета дэпутатаў Ашмянцаў адмовіў намесніку старшыні абласной арганізацыі БСДП Валянціну Лазарэнкаву і першаму сакратару абкама ПКБ Леаніду Майструку ў праве прысутнічаць на адкрытай сесіі аблсавета.

Брэст. Адкрытая сесія за зачыненымі дзвярамі

Старшыня абласнога савета дэпутатаў Ашмянцаў адмовіў намесніку старшыні абласной арганізацыі БСДП Валянціну Лазарэнкаву і першаму сакратару абкама ПКБ Леаніду Майструку ў праве прысутнічаць на адкрытай сесіі аблсавета.

Напярэдадні сесіі гэтыя арганізацыі накіравалі заявы на адрас прэзідыума Брэсцкага аблсавета аб магчымасці іх прадстаўнікам прысутнічаць на чарговай сесіі 20 сакавіка і спаслалісяна шэраг артыкулаў Закона РБ «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», у адпаведнасці з якімі сесія праводзіцца адкрыта і галосна. Заяўнікі атрымалі пісьмовую адмову, якую падпісаў Ашмянцаў. У ёй старшыня спасылаецца на артыкул 20 Закона РБ «Аб грамадскіх арганізацыях», які не распаўсюджваецца на палітычныя партыі. Акрамя таго ў лісце было пазначана, што сесіі праводзяцца галосна з запрашэннем прэсы, што дае магчымасць грамадзянам азнаёміцца з дзейнасцю дэпутатаў і рашэннямі сесіі.

Тады Лазарэнкаў, не як сябра партыі, а як грамадзянін і выбаршчык, згодна артыкула 16 вышэй згаданага закона, выказаў жаданне прысутнічаць на сесіі. На ўваходзе ў будынак аблвыканкам яго спыніў асабіста камандзір узвода аховы Шчаглоў, які зазначыў, што на сесіі могуць прысутнічаць людзі, пазначаныя ў нейкім спісе. Пасля настойлівых просьбаў выбаршчыка міліцыянт патэлефанаваў у прыёмную райвыканкама. Адказ быў такі: «Лазарэнкава не пускаць!» Абласныя структуры БСДП і ПКБ апратэставалі рашэнне старшыні аблсавета ў пракуратуры.

Язэп Палубятка


Гомель. Фінам спадабалася гомельскае марозіва

Фінская кампанія Ingman плануе набыць акцыі Гомельскай фабрыкі марожанага і стварыць сумеснае прадпрыемства.
Як паведамілі на фабрыцы, адпаведныя перамовы павінны прайсці ў красавіку. Замежныя партнёры маюць намер укласці ў вытворчасць больш за 3 мільёна долараў ЗША. У планах будучага СП — выхад на расійскі, украінскі і азіяцкі рынкі. Калі перамовы пройдуць паспяхова, ужо сёлета аб’ёмы вытворчасці фабрыкі могуць вырасці на 35 працэнтаў, а якасць прадукцыі не будзе мець аналагаў у Беларусі, сцвярджаюць на прадпрыемстве.
Ідэя стварэння СП належыць фінскай кампаніі. Інфармацыю пра Гомельскую фабрыку марожанага прадстаўнікі Ingman знайшлі ў інтэрнэце. Да гэтага фінская кампанія разглядала магчымасць арганізацыі сумеснай вытворчасці з Магілёўскай фабрыкай марожанага.

БелаПАН



Салігорск. Зноў затрымалі прадпрымальнікаў


На выездзе з Салігорска 25 сакавіка затрыманы актывіст кампаніі «За вольнае развіццё прадпрымальніцтва» Аляксандр Цэцура. Пра гэта паведаміў старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі «За вольнае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.

Па яго словах, А. Цэцура накіроўваўся ў Мінск, каб прыняць удзел у акцыі Дзень Волі. «На выездзе з Салігорска яго затрымалі, машыну адвезлі на штрафную стаянку», — сказаў У. Гарбачоў. Акрамя таго, паведаміў У. Гарбачоў, 23 сакавіка супрацоўнікі міліцыі абыходзілі ў Салігорску і Барысаве актывістаў прадпрымальніцкага руху і апазіцыі і патрабавалі даць распіскі пра тое, што яны не паедуць у Мінск на акцыю. Міліцыянеры таксама папярэджвалі актывістаў пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

БелаПАН

Каментаваць