Брэст: «Гавары праўду» скардзіцца на ўлады

У Брэсцкі аблвыканкам адпраўлена скарга на дзеянне гарадскіх улад, якія часткова праігнаравалі калектыўны зварот жыхароў абласнога цэнтра. Ініцыятарамі выступілі актывісты кампаніі «Гавары праўду».



Ходнікі выводзяць наўпрост на праезджую частку


У сакавіку жыхары брэсцкага мікрараёна Паўднёвы, абураныя станам дарог, пры падтрымцы кампаніі «Гавары праўду» пачалі збор подпісаў, каб дамагчыся рамонту паўкіламетровага ўчастку вуліцы Ракасоўскага і трасы, якая злучае яе з вуліцай Жукава. На гэтым участку група энтузіястаў налічыла тысячу ям, выбоін і іншых пашкоджанняў дарожнага палатна. Адначасова ў калектыўным звароце, пад якім паставілі свае подпісы 1100 чалавек, паказвалася, што на згаданым участку адсутнічае абсталяванае ходнікавае пакрыццё, хоць па суседстве размешчана гімназія №6. У выніку змешчаная ў аварыйным стане дарога з ажыўленым рухам аўтамабіляў, з’яўляецца фактарам падвышанай рызыкі для жыцця і здароўя навучэнцаў.

Зварот з патрабаваннем прыняць меры быў накіраваны гарадскім уладам і кіраўніцтву ДАІ Брэсцкай вобласці. Па інфармацыі ініцыятара кампаніі «Тысяча і адна ямка» Ігара Маслоўскага, у адказе Брэсцкага гарвыканкама сцвярджалася, што з наступам спрыяльных пагодных умоў, камунальнымі службамі будуць выкананы працы па бягучым рамонце дарожнага пакрыцця на паказанай тэрыторыі.

«Сапраўды, у канцы красавіка такія рамонты пачаліся, — паведаміў Маслоўскі. — Аднак цяпер ніякіх работ не праводзіцца, а бягучы рамонт дарожнага палатна (якое практычна адсутнічае) так і не зроблены: заменены толькі бардзюры на ўчастку дарогі паміж вуліцамі Ракасоўскага і Жукава. На самой жа вуліцы Ракасоўскага праца нават не пачыналася».

Што ж датычыцца ходнікавага пакрыцця зблізку гімназіі №6, то з адказу гарадскіх службоўцаў вынікае, што ўладкоўваць яго не будуць. І гэта нягледзячы на тое, што зараз жыхарам мікрараёна даводзіцца выходзіць на праезную частку, паколькі суседняя тэрыторыя агароджана плотам, дзе пачата будаўніцтва праваслаўнага храма, а ўздоўж дарогі практычна ў любую пару года не прайсці з-за адсутнасці ходніка.

Па словах Ігара Маслоўскага, зараз накіравана скарга абласным уладам, паколькі ў парушэнні артыкула 9 Закона РБ «Пра звароты грамадзян і юрыдычных асоб» Брэсцкім гарвыканкамам не прыняты меры для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага разгляду звароту.

Варта адзначыць, што па выніках калектыўнага звароту ў ДАІ вобласці, у стаўленні службовай асобы КУП «Брэсцкае ДЭП» пачаты адміністрацыйны працэс. Так сцвярджаецца ў адказе УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Зараз жыхары Брэста ў сваёй скарзе патрабуюць ад аблвыканкама не толькі прывесці дарожнае пакрыццё на вуліцы Ракасоўскага ў адпаведнасць з нормамі і абсталяваць скрыжаванне з вуліцай Жукава ходнікам для бяспечнага руху пешаходаў, але і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці асобаў, якія дапусцілі парушэнне заканадаўства пра зварот грамадзян.

Каментаваць