Брэст. Магілёў. Гомель

Брэст. Акцыя «Еўрапейскай Беларусі»

У Брэсце мясцовыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі 12 красавіка акцыю, прысвечаную «Чарнобыльскаму шляху» і будаўніцтву ў Беларусі АЭС.

Брэст. Акцыя «Еўрапейскай Беларусі»

У Брэсце мясцовыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі 12 красавіка акцыю, прысвечаную «Чарнобыльскаму шляху» і будаўніцтву ў Беларусі АЭС.

Як паведаміў прадстаўнік кампаніі Яўген Скрабец, трое актывістаў у белых халатах і процівагазах выйшлі да кінатэатра «Беларусь» на вуліцы Савецкая. З 15.00 да 15.20 яны распаўсюджвалі сярод жыхароў горада ўлёткі з інфармацыяй пра «Чарнобыльскі шлях–2009», што намечаны на 26 красавіка ў Мінску, а таксама пра праблемы, якія можа прынесці будаўніцтва АЭС. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу жыхароў абласнога цэнтра да гэтых дзвюх падзей. Усяго было раздадзена каля 150 улётак. Ніхто з удзельнікаў акцыі затрыманы не быў.


Магілёў. Яшчэ адна партыя

Устаноўчы з’езд Партыі свабоды і прагрэсу (ПСП) адбудзецца 18 красавіка ў Магілёве. Пра гэта паведаміў лідэр аргкамітэта па стварэнні партыі Уладзімір Навасяд.

Планавалася, што ўстаноўчы з’езд пройдзе ў Мінску, аднак аргкамітэту не ўдалося атрымаць дазвол на выдзяленне неабходнага памяшкання. «Мы падавалі заяўкі прыкладна ў 30 арганізацый Мінска і іншых гарадоў Беларусі, аднак ніводная з іх задаволена не была. Давялося выкарыстаць запасны варыянт з памяшканнем, хаця хацелі правесці з’езд у спецыяльна выдзеленым месцы», — паведаміў У. Навасяд.

Пасля з’езда прадстаўнікі аргкамітэта ў чацвёрты раз паспрабуюць зарэгістраваць партыю ў Міністэрстве юстыцыі.


Гомель. Прадпрымальнікі просяць знізіць падаткі


13 красавіка індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынках Гомеля, перадалі ў абласны савет дэпутатаў адозву з патрабаваннем знізіць стаўкі адзінага падатку на 40–50%.

Пад адозвай падпісаліся каля 2,5 тысячы чалавек.

Стаўкі адзінага падатку для ІП былі павялічаны з 1 красавіка. Напрыклад, у Гомелі для гандляроў абуткам яны ўзраслі ў тры разы.

Ініцыятарам адозвы да гомельскіх уладаў выступіў старшыня савета РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, які 3 красавіка абмяркоўваў гэтую праблему з гомельскімі чыноўнікамі. Сёння ён прыехаў у Гомель для чарговых перамоў з уладамі і перадачы ім адозвы. Да гэтага часу каля будынка аблвыканкама сабралася каля 100 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Лідэр «Перспектывы» сустрэўся са старшынёй аблсавета дэпутатаў Валерыем Сяліцкім, кіраўніком камітэта эканомікі аблвыканкама Эльвірай Карніцкай і начальнікам абласной інспекцыі па падатках і зборах Галінай Пашэд. Пасля перамоў ён паведаміў, што прынята рашэнне ўключыць ІП у склад рабочай групы, якая зоймецца аналізам сітуацыі са стаўкамі адзінага падатку. Бліжэйшымі днямі аблвыканкам абяцаў накіраваць адпаведныя лісты ў саветы гомельскіх рынкаў.

«Дэпутаты без сесіі нічога зрабіць не могуць, задача прадпрымальнікаў — паскорыць працэс склікання сесіі. Таму трэба, каб актывісты на рынках уключыліся ў рабочую групу, каб у яе ўвайшлі людзі, якія будуць адстойваць вашы інтарэсы», — падкрэсліў Шумчанка. Ён лічыць, што пакуль «улада дзейнічае абсалютна адэкватна ў гэтай сітуацыі». «Нас не выкінулі, не выгналі, выслухалі, ствараюць рабочую групу, значыць — гатовыя да дыялогу», — сказаў Шумчанка.

Разам з тым, паводле яго слоў, «уладам таксама патрэбны нейкія абгрунтаванні для выхаду з гэтай вельмі напружанай сітуацыі».

Паводле БелаПАН

Каментаваць