Брэст: суд пакінуў без зменаў рашэнне экспертаў пра «экстрэмізм» у кнігах Пазняка

Амаль паўгода актывіст КХП БНФ Алесь Чахольскі дабіваецца адмены прызнання кнігі Зянона Пазняка пра Курапаты экстрэмісцкай.



Кнігі «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» Зянона Пазняка былі канфіскаваныя ў актывіста КХП БНФ Алеся Чахольскага 27 верасня 2015 года ў пункце мытнага афармлення «Брэст-Цэнтральны». Мытнікі накіравалі заяву ў суд аб прызнанні кніг Пазняка экстрэмісцкімі матэрыяламі. Экспертная камісія Брэсцкай вобласці, якая склалася з сябраў «Белай Русі», 26 кастрычніка прызнала, што ў кнігах прысутнічаюць прыкметы экстрэмізму.


22 лютага ў Берасце суд Ленінскага раёну пачаў разглядаць скаргу Алеся Чахольскага, які дамагаўся адмены рашэння экспертнай камісіі аб экстрэмісцкім характары кніг Зянона Пазняка. Алесь Чахольскі лічыць, што справа мае палітычны характар. Экспертнае заключэнне кніг і фотаздымкаў рабілі ідэолагі, а не гісторыкі, мастацтвазнаўцы і юрысты.


Напрыклад, пад фотаздымкам надпіс «Расейскі НКВДыст расстрэльвае мірных жыхароў», «эксперты» ад ідэалогіі пабачылі абразу і прыніжэнне годнасці рускіх. А Чахольскі і яго адвакат тлумачаць, што здымак адлюстроўвае гістарычную праўду таго часу, і няма абразы рускіх, таму што расейскі – гэта не нацыянальнасць.


Кнігі сведчаць, што рашэнне аб знішчэнні беларускага народа прымалася ў Маскве. У экспертызе сцвярджаецца, што фатаграфіі ў кнізе – гэта выдумка і з’яўляюцца праявамі экстрэмізму. Як могуць быць вымыслам фотаздымкі таго часу без рэтушы? Адпаведна артыкулу 1. «Асноўныя тэрміны...» Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» ад 4 студзеня 2007 г. за № 203-З, паняцце экстрэмізм – гэта «актыўныя дзеянні, распальванне варожасці або заклікі скіраваныя на прыніжэнне нацыянальнай годнасці».

Кніга «Добрая фатаграфія» зʼяўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» – гэта зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысвечаных тэме абароны месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.


23 лютага суддзя Алена Кавальчук абвесціла рашэнне па скарзе Алеся Чахольскага. Суд пакінуў без зменаў рашэнне экспертаў пра «экстрэмізм» у кнігах Зянона Пазняка. Алесь Чахольскі з такім рашэннем не згодны. Рашэнне суддзі Кавальчук ён збіраецца абскардзіць у Брэсцкім абласным судзе.

Паводле "Берасцейская Вясна"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць