Брытанская хваля экспрэсіўнай электронікі: у Мінск завітаў «Hurts» (фотарэпартаж)

Дуэт з Манчэстара ўжо трэці раз даў канцэрт на беларускай сцэне. Сёлета, 12 сакавіка, калектыў прадставіў свой апошні альбом «Surrender» у сталічным Палацы спорту. Як прайшоў адзін з самых эмацыйных канцэртаў электроннай музыкі гэтай вясны — глядзіце ў нашым фотарэпартажы.



Па гучанні гурт варта аднесці да інды-року, але само гэтае паняцце даволі шырокае. Шматлікія брытанскі незалежныя калектывы вяртаюцца да стылю выканання дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Дуэт Тэа Хатчкрафта і Адама Адрэсана — не выключэнне. На іх музыку паўплывала творчасць «Depeche Mode» і «Tears for Fears». Па словах, яны пішуць «эмацыйную (Hurts) электронную (Hertz) музыку». За сваё сямігадовае існаванне калектыў выдаў тры паўнафарматныя кружэлкі.
 
 
Сам канцэрт быў запланаваны а 20 гадзіне, але брытанцы аказаліся не зусім пунктуальнымі, і выступ распачаўся на 30 хвілінаў пазней. Амаль уся трыбуна Палацу спорту была запоўнена, ды тацпляц не падвёў — больш як напалову складаўся з дзяўчынак у хіпстарскай вопратцы. Даволі незвычайна выглядала сцэна, якая была схаваная паўпразрыстай заслонай з праекцыяй надпісу «Surrender» — назва апошняга альбома.
 
 
Пад шматлікія воклічы з танцпляцу «We love Hurts!» гурт распачаў канцэрт. На першай кампазіцыі  «Some Kind of Heaven» у сярэдзіне трыбуны засвяцілася вялікае ружовае сэрца — адзін з флэшбомаў гэтага вечара. І пасля яе выканання Тэа Хатчкрафт прамовіў прыкладна вось так: «Дзякуууй!», што выклікала вялізарныя авацыі фанатаў.
 
 
Перад выкананнем «Illuminated» саліст звярнуўся да публікі з просьбай уключыць свае ліхтарыкі на дэвайсах. Атрымаўся вялізарны светлавы эфект: некалькі сотняў агеньчыкаў падняліся ўвысь. 
 
 
У творчасці «Hurts» ёсць песня «Rolling Stone», дзе маецца радок пра дзяўчыну з Беларусі. Канешне ж, музыкі выканалі гэтую кампазіцыю, падчас якой на танцпляцы з'явілася лялька дзяўчыны, складзеная з паветраных шарыкаў.
 
 
Адная з асаблівасцяў кацэртаў «Hurts» — разнастайны па гучанні сэтліст (сёлета 18 песень). Лірычныя акустычныя кампазіцыі чаргаваліся з электроннымі трэкамі. Гук і святло, дарэчы, былі наладжаны з першай жа песні і заставалася на вышыні.  Напэўна, кожны наведвальнік на канцэрце мог знайсці свой улюбёны накірунак у творчасці калектыву. 
 
 
Скончылася музычная праграма хітом «Stay», які дуэт выканаў на біс. Але аматары брытанскай электронікі могуць не сумаваць: ужо праз месяц у Мінск завітаюць «The Prodigy».
 
 
Фота: Дар’яны Дабранскай і аўтара
 

Каментаваць