Будаўнікі пакідаюць Беларускую АЭС праз падзенне заробкаў

Будаўніцтва Беларускай АЭС адстае ад графіка, у тым ліку і з-за недахопу персаналу. Кваліфікаваныя кадры пакідаюць пляцоўку праз значнае зніжэнне заробкаў. Зараз на аб'екце не хапае каля 800 рабочых і спецыялістаў.
Пра гэта гаворыцца ў лістападаўскім бюлетэні Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі. Расійскае ведамства сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю Беларусі правярала ход будаўніцтва Беларускай АЭС з траўня па верасень гэтага года.

Маніторынг сітуацыі паказаў, што на працягу мінулага года генеральны падрадчык, якім выступае «Атамбудэкспарт», не выконваў графік будаўніцтва атамнай станцыі. Так, будаўніча-мантажныя работы былі выкананы на 80%, пастаўка абсталявання — на 90%.

«Адставанне дапушчана як беларускімі, так і расійскімі будаўнікамі», — гаворыцца ў бюлетэні.

У цяперашні час назіраецца невыкананне графіка работ у першую чаргу па першым энергаблоку. Адставанне складае 1-3 месяцы. Акрамя таго, адставанне па рэактарным аддзяленні складае 2-3 месяцы; па турбінным аддзяленні, будынку ядзернага абслугоўвання, вентыляцыйнай трубе і дызельнай электрастанцыі — 2 месяцы; помпавай станцыі — да 2,5 месяца.

Таксама адсутнічае рэзерв па часе будаўніцтва карпусоў рэактара і турбіны, якая вызначае працягласць будаўніцтва ўсёй атамнай станцыі.

Адной з асноўных прычын адставання ад графіка работ называецца недастатковая колькасць будаўнічага персаналу на аб'екце.

«У цяперашні час на пляцоўцы будаўніцтва маецца недахоп рабочых і спецыялістаў у колькасці каля 800 чалавек», — адзначаюць правяраючыя органы.

Яны канстатуюць адток кваліфікаваных кадраў з вопытам працы на аб'екце з-за скарачэння памеру заработнай платы ў сярэднім у два разы. На такія меры падрадныя арганізацыі былі вымушаныя пайсці з-за цяжкага фінансавага становішча, выкліканага сярод іншага дэвальвацыяй расейскага рубля.

«Так, у РУП «Белэнергабуд» у асобных філіялах ў 2015 годзе працоўны персанал змяніўся практычна цалкам», — гаворыцца ў бюлетэні.

Замоўца будаўніцтва ў асобе РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» кажа пра недахоп пераважна працоўнай сілы.

«Мы змагаліся за максімальную лакалізацыю праекта Беларускай АЭС, каб максімальна загрузіць нашы будаўнічыя арганізацыі. Калі ішлі земляныя работы, то вынік быў добры. Калі ўжо пачалі мантаж абсталявання, то пачалася прабуксоўка. Тады было прынята рашэнне ў дадатак да беларускіх будаўнічых арганізацый прыцягнуць расійскія», — распавёў галоўны інжынер РУП «Беларуская АЭС» Анатоль Бондар.

Паводле яго слоў, пра такое рашэнне было заяўлена генеральнаму падрадчыку будаўніцтва — АТ «Атамбудэкспарт».

«Ён павінен быў загадзя прыняць меры, бачачы, што ёсць недахоп рабочых. Уласна, вось гэтыя васямсот чалавек можна было спакойна прыцягнуць з суседняй Расеі», — адзначыў Анатоль Бондар.

У АТ «Атамбудэкспарт» паведамілі, што цяпер кампанія сумесна з замоўцам актыўна працуе над прыцягненнем як расійскіх, так і беларускіх субпадрадных арганізацый «для своечасовага выканання будаўніча-мантажных работ у адпаведнасці з графікам збудаванні Беларускай АЭС».

«Для мінімізацыі рызыкі адхіленняў ад графіка <...> дзяржаўная карпарацыя па атамнай энергіі «Расатам» ажыццяўляе пастаянны кантроль за выкананнем кантрактных абавязацельстваў бакоў і своечасова прадпрымае ўсе неабходныя меры, накіраваныя на іх эфектыўнае выкананне», — падкрэслілі ў прэс-службе АТ «Атамбудэкспарт» .

Пры гэтым па выніках праверкі кантралюючых органаў «Расатам» узмацніў кантроль за выкананнем абавязацельстваў, прадугледжаных пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж беларускім і расейскім урадам па будаўніцтве Беларускай АЭС.

«Для вырашэння пытанняў у частцы выканання кантрактных абавязацельстваў, якія ўзнікаюць у ходзе будавання Беларускай АЭС, на штомесячнай аснове праводзяцца штабы на пляцоўцы будаўніцтва, створаны сумесны каардынацыйны камітэт у складзе прадстаўнікоў Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі  «Расатам», наладжана ўзаемадзеянне генпадрадчыка з профільнымі міністэрствамі Рэспублікі Беларусь», — паведамілі ў АТ «Атамбудэкспарт».

Беларуская АЭС будуецца ў Гродзенскай вобласці прыкладна ў 20 кіламетрах ад Астраўца. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на 2019 г., другога — на 2020 год. Пад будаўніцтва аб'екта Расія выдзеліла Беларусі крэдыт на 10 млрд долараў.

Паводле naviny.by

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-12-01 16:03:49
Прапанова хаця б зараз правесці рэферэндум аб спыненні будоўлі АЭС: http://belisrael.info/?p=8541

Каментаваць